Хронікі рэпрэсій за 25 верасня

У Беларусі не спыняецца пераслед грамадзян за мірнае выражэнне сваёй пазіцыі ці з надуманых прычын. Сабралі галоўныя навіны з канвеера рэпрэсій за сённяшні дзень.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

***

Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо каля тысячы дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1047 дзён, Дзяніс — 927. 

***

Асуджанага да 23 гадоў калоніі «рэйкавага партызана» Дзяніса Дзікуна змясцілі ў ПКТ, з ім няма сувязі некалькі месяцаў. Пра гэта «Медыязоне» расказаў брат зняволенага Дзмітрый.

Дзікуна этапавалі ў папраўчую калонію №9 у канцы красавіка. Пасля гэтага яго змясцілі ў ШІЗА. Паводле слоў яго брата, Дзікуна адпраўлялі ў штрафны ізалятар «прыкладна тры-чатыры разы».

21 чэрвеня яго перавялі з ШІЗА ў ПКТ — пра гэта ён напісаў у лісце. Пасля сувязь з «рэйкавым партызанам» знікла. Дзмітрый кажа, што сваякі не атрымлівалі ад яго вестак некалькі месяцаў.

27 снежня 2022 года Гомельскі абласны суд вынес прысуд траім «рэйкавым партызанам». Дзяніса Дзікуна прысудзілі да 23 гадоў калоніі, Дзмітрыя Равіча — да 22-х , а Алега Малчанава — да 21 года калоніі.

Іх абвінавачвалі ва «ўдзеле ў экстрэмісцкім фарміраванні» (ч.3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса), «акце тэрарызму, здзейсненым арганізаванай групай, што пацягнула цяжкія наступствы, якія ствараюць пагрозу гібелі людзей» (ч.3 арт. 289 КК), «пашкоджанні шляхоў зносін» (чч.2 і 4 арт. 309 КК), «здрадзе дзяржаве» (ч.1 арт. 356 КК).

***

Палітвязня Вячаслава Малейчука зноў судзілі — гэтым разам за «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі». Паводле інфармацыі праваабаронцаў, першы прысуд паводле ч.1 арт. 411 КК («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі») Малейчуку вынеслі ў лютым: адзін год пазбаўлення волі; другі — у жніўні (два гады), піша «Салідарнасць».

Паводле версіі абвінавачання, прычынай стала адмова Малейчука выходзіць на працу ў першую змену на дрэваапрацоўку. Спачатку мужчыну змясцілі ў ШІЗА, а потым перавялі ў памяшканне камернага тыпу.

Па сукупнасці прысудаў тэрмін зняволення Малейчука цяпер складае 22,5 гады калоніі строгага рэжыму.

Вячаслава Малейчука затрымалі ў сакавіку 2021 года за тое, што ён нібыта «рыхтаваў тэракты» ў мінскай Чыжоўцы і ў вайсковым гарадку ў Печах. На відэа моцна збіты Малейчук казённымі фармулёўкамі гаварыў, што здзейсніць тэракт яму загадалі ў ініцыятыве «BYPOL», мэтай назваў адначасова «дэстабілізацыю» і «выражэнне грамадзянскай пазіцыі».

Як заяўлялі ў КДБ, абвінавачанымі па гэтай справе праходзяць 18 чалавек, у тым ліку Святлана Ціханоўская, Павел Латушка і яшчэ 15 беларусаў, якія знаходзяцца за мяжой (удзельнікі «BYPOL»). Іх абвясцілі ў міжнародны вышук і ўнеслі ў «Пералік асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці».

***

Суд Маскоўскага раёна Брэста 17 жніўня разгледзеў крымінальную справу супраць Дзмітрыя Семака. Мужчыну абвінавацілі паводле арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады»). Судовы працэс вяла Таццяна Лаўранюк.

Падрабязнасці крымінальнай справы даведалася «Брэсцкая вясна» з апублікаванага прысуду.

Яго затрымалі 6 ліпеня 2023-га і да суда змясцілі пад варту.

Паводле матэрыялаў абвінавачання, 23 чэрвеня 2022 года ў 10:49 Сямак напісаў тэлеграм-каментар пра міністра па прозвішчы І. У гэтым каментары экспертыза знайшла «негатыўную ацэнку» міністра, выяўленую ў «ненарматыўнай форме маўленчага выказвання».

«Брэсцкая вясна» праверыла спіс дзеючых міністраў у Беларусі. З прозвішчам, якое пачыналася б з літары «І», ёсць толькі міністр адукацыі Андрэй Іванец. Як мяркуецца, менавіта пра яго быў няўхвальны каментар Семака.

А прысудам мужчыну сталі тры месяцы арышту і канфіскацыя тэлефона як «сродку здзяйснення злачынства».

***

У Віцебску 25 верасня відэааператара Вячаслава Лазарава прысудзілі да 5,5 гадоў зняволення, яго жонку Таццяну Пыцько — да 3 гадоў. Вячаслава затрымалі ў лютым пасля ператрусу, піша «Белсат». Пазней стала вядома, што яму прад’явілі абвінавачанне паводле арт. 361-4 КК («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). У чэрвені затрымалі жонку Вячаслава Таццяну. Яе абвінавацілі ў «стварэнні экстрэмісцкага фарміравання або ўдзеле ў ім» (арт. 361-1 КК).

***

Суддзя Жлобінскага раённага суда Святлана Андрэева за два дні, 5 і 6 верасня, вынесла прысуды дваім вайскоўцам, абвінаваціўшы іх у «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушылі грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх» (ч.1 арт. 342 КК), піша «Вясна».

Артур Панчанка служыў па кантракце на пасадзе старшага пажарнага выратавальніка ваеннай каманды супрацьпажарнай абароны і аварыйна-выратавальных работ у Жлобіне.

Паводле матэрыялаў абвінавачання, Панчанка, «дзейнічаючы сумесна і ўзгоднена ў групе асоб прыкладна з 21-й гадзіны 9 жніўня да 1-й гадзіны 30 хвілін 10 жніўня 2020 года, стаяў на праезнай частцы аўтамабільнай дарогі, перашкаджаючы руху грамадскага і іншага транспарту, пляскаў, выкрыкваў розныя лозунгі, пры гэтым адмаўляўся ад выканання законных патрабаванняў прадстаўнікоў улады».

Суд пастанавіў прызначыць Панчанку пакаранне ў выглядзе арышту на тры месяцы. Тэрмін адбыцця пакарання вылічваць з дня накіравання для адбыцця арышту на гаўптвахту ваеннай камендатуры.

На другі дзень, 6 верасня, суддзя Андрэева разгледзела крымінальную справу яшчэ аднаго вайскоўца — 20-гадовага Максіма Аўсяннікава.

Максім праходзіць тэрміновую службу ў вайсковай часці ў Барысаве. Сутнасць абвінавачання аналагічная першаму, і прысуд напісаны як пад капірку, адзначаюць праваабаронцы.

Аўсяннікаў таксама правядзе тры месяцы на гаўптвахце.

***

У Мінску судзяць адразу шэсць чалавек за «ўдзел у пратэстах» і нібыта «ўхіленне ад выплаты падаткаў». Алега Хоміча, Андрэя Сідарэнку, Таццяну Дзеравянкіну, Аляксандра Койпіша, Валерыя Бабіцкага і Ірыну Кучынскую абвінавачваюць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч.1 арт. 342 («Актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак») і ч.2 арт. 243 («Ухіленне ад выплаты падаткаў»). Праваабаронцам невядомыя абставіны і падрабязнасці справы.

***

Палітзняволеную жыхарку Баранавіцкага раёна асудзілі за «паклёп на Лукашэнку». 36-гадовай Святлане Баканавай прызначылі пакаранне ў выглядзе аднаго года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Нібыта яна «размясціла публікацыю і відэазапіс з застаўкай, якія змяшчаюць загадзя ілжывыя звесткі пра Лукашэнку, спалучаныя з абвінавачваннем яго ў здзяйсненні асабліва цяжкіх злачынстваў, такіх як «забойства», «здрада дзяржаве», якія не адпавядаюць рэчаіснасці і дыскрэдытуюць яго аўтарытэт у вачах грамадскасці».

***

У Мінскім гарадскім судзе 27 верасня пачнецца судовы працэс над аўтарам тэлеграм-канала «Срэбны век. Футбол Беларусі», былым супрацоўнікам «Народнай газеты» Дзмітрыем Сельвеструком. Яго, як паведамляе «Вясна», абвінавачваюць у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці».

***

Бацьку палітзняволенага Мікіты Залатарова асудзілі чацвёрты раз запар — ён правёў за кратамі ўжо 45 сутак. Міхаіла Лапунова тройчы абвінавачвалі па ч.1 арт. 19.11 КаАП («Распаўсюджанне экстрэмісцкіх матэрыялаў»). Падрабязнасці новай справы пакуль невядомыя. Сёння праваабарончая супольнасць прызнала Лапунова палітвязнем.

***

Як паведамляе ініцыятыва прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы АПК Вольгі Гарбуновай@klopat_by, на сённяшні дзень няма аніякіх звестак пра самых вядомых палітзняволеных: Марыю Калеснікаву — 223 дні, Максіма Знака — 228 дзён, Мікалая Статкевіча — 229 дзён, Ігара Лосіка — 218 дзён, Сяргея Ціханоўскага — 200 дзён, Віктара Бабарыку — 151 дзень.

***

Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1487 палітвязняў. Ініцыятыва «Dissidentby» вызнае палітвязнямі 1725 чалавек. Сярод іх — 191 жанчына і 8 непаўнагадовых. 18 палітвязняў адпраўлены на прымусовае лячэнне.