Офіс Ціханоўскай прадставіў праект Канцэпцыі кампенсацыі шкоды асобам, рэпрэсаваным у перыяд рэжыму Лукашэнкі

«Мэта Канцэпцыі — аднаўленне справядлівасці для тых, хто сутыкнуўся з рэпрэсіямі і парушэннямі правоў чалавека падчас праўлення Лукашэнкі», — гаворыцца ў анонсе праекта. Адметна, што дакумент скіраваны на аднаўленне справядлівасці не з 2020-га, а з пачатку праўлення Лукашэнкі — з 1994 года.

nehvaltouny_pratest_belarus2020_novy_czas_dzmitryj_dzmitryeu5.jpg

Як паведамляецца, над дакументам працавалі праваабаронцы, юрысты, няўрадавыя арганізацыі. Пад кампенсацыяй шкоды перш за ўсё лічыцца аднаўленне ў юрыдычных, грамадзянскіх, палітычных, працоўных і іншых правах тых, хто пацярпеў ад дзеянняў рэжыму.

«Дзеючае заканадаўства Беларусі не ўтрымлівае дастатковых механізмаў, якія дазваляюць здзейсніць поўную кампенсацыю незлічонай шкоды, нанесенай у сувязі з палітычнымі рэпрэсіямі, паколькі рэгулюе толькі пытанні кампенсацыі шкоды асобам, якія незаконна ўтрымліваліся ў месцах зняволення. Разам з тым маштабы і характар парушэнняў правоў чалавека пасля 2020 года выходзяць далёка за межы незаконнага ўтрымання ў месцах зняволення і патрабуюць распрацоўкі адмысловых механізмаў кампенсацыі шкоды ахвярам», — гаворыцца ў дакуменце.

Канцэпцыяй таксама прадугледжаны грашовыя выплаты альбо льготы, калі аднаўленні ў правах гэтага патрабуюць.

Канцэпцыя тычыцца не толькі асоб, якія пацярпелі ад рэпрэсій, але і іх блізкіх сваякоў і непаўналетніх.

Дакумент фіксуе асноўныя падыходы да аднаўлення справядлівасці адносна пацярпелых. Таксама прадугледжаны механізм вызвалення тых, хто знаходзіцца ў месцах зняволення, калі на момант транзіта ўлады яны ўсё яшчэ будуць там знаходзіцца. На падставе дакумента ў транзітны перыяд новая дэмакратычна абраная ўлада зможа прыняць неабходныя законы і запусціць працэс рэабілітацыі рэпрэсаваных асобаў.

Юрыдычная рэабілітацыя перш за ўсё прадугледжвае «забеспячэнне справядлівага судовага разбіральніцтва».

Прапісаны механізм налічэння выплат за нанесеную маёмасную, фізічную і маральную шкоду, прынцыпы вяртання маёмасці ранейшаму ўласніку. Прапанавана за кожны месяц зняволення выплаціць не менш як 500 долараў у эквіваленце, аднак падкрэсліваецца «немагчымасць на дадзеным этапе падрыхтоўкі фінансава-эканамічнага абгрунтавання канцэпцыі з-за адсутнасці інфармацыі пра наяўныя фінансавыя рэсурсы і эканамічны патэнцыял дзяржавы ў перыяд запатрабаванасці Акту аб аднаўленні справядлівасці ў дачыненні да рэпрэсаваных асобаў».

Вызначаныя захады па кампенсацыі шкоды адлічаным студэнтам, звольненым работнікам, асобам, пазбаўленым права на прафесію, адвольна выдвараным з краіны, пазбаўленым грамадзянства.

Азнаёміцца з канцэпцыяй можна тут.