«Спрыяў экстрэмізму». Хутка пачнецца суд над футбольным блогерам, які крытыкаваў Ціханоўскую
Блогеры — адна з тых катэгорый, якія актыўна зачышчаюцца рэжымам. Гэтым разам пад каток рэпрэсій трапіў Дзмітрый Сельвяструк, аўтар ТГ-канала «Срэбны век. Футбол Беларусі».
25 верасня праваабаронцы «Вясны» паведамілі пра хуткі пачатак так званага «суда» над футбольным блогерам, аўтарам тэлеграм-канала «Срэбны век. Футбол Беларусі» Дзмітрыем Сельвеструком. «Працэс» стартуе 27-га чысла. Мінчука абвінавачваюць у «спрыянні экстрэмісцкай дзейнасці». Па гэтым артыкуле лукашысцкага Крымінальнага кодэкса можна атрымаць да шасці гадоў калоніі. Расправу над блогерам будзе весці носьбітка мантыі Святлана Чарапанава.
«Трыбуна» расказвае, што вядома пра справу і пра самога Сельвеструка.
Першыя навіны пра тое, што 33-гадовы мінчук затрыманы, зʼявіліся 10 траўня 2023 года. Тады «Трыбуне» стала вядома, што блогер знаходзіцца ў ІЧУ на Акрэсціна. За што затрымалі маладога чалавека, не паведамлялася.
Чытачы тэлеграм-канала «Срэбны век. Футбол Беларусі» ў каментарах толькі меркавалі, што падставай для цікавасці да Сельвеструка з боку сілавікоў Лукашэнкі маглі стаць крытычныя допісы ў адрас некаторых клубаў чэмпіянату краіны і спартыўных кіраўнікоў, аднак гэта былі ўсяго толькі здагадкі. Пры гэтым тэлеграм-канал «замарозіўся» 5 траўня — з тых часоў не з'явілася аніводнага допісу. Апошні быў прысвечаны разбіральніцтвам па справе дамоўных матчаў у «Шахцёра». Рэпостам з партала Tochka.by Сельвяструк паведамляў пра тое, што тагачаснаму дырэктару ФК Аляксандру Марчанку можа пагражаць да трох гадоў турмы.
У той жа дзень, 5 траўня, паводле інфармацыі БАЖ, Сельвяструк паспеў паведаміць у адным з чатаў, што да яго дадому з невядомай прычыны прыходзіў участковы, але дзверы ён не адчыніў. Пасля гэтага тэлеграм-канал замоўк, нягледзячы на тое, што ў Беларусі прайшлі матчы чарговага тура, на што Сельвяструк заўсёды рэагаваў.
Доўгі час пра лёс маладога чалавека не было нічога вядома. Журналісты «Трыбуны» неаднаразова спрабавалі даведацца хоць нейкія дэталі, аднак нават людзі, з якімі блогер меў цесны кантакт, нічога не маглі расказаць.
Толькі на пачатку жніўня ў каментарах да апошняга допісу ў тэлеграм-канале «Срэбны век. Футбол Беларусі» быў змешчаны каментар пра тое, што «18 і 30 траўня суддзі Кацэр С.А. і Матыль Т.Я. судзілі аўтара канала ў Маскоўскім раённым судзе Мінска па артыкуле 19.11 КаАП Беларусі («Распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або якая прапагандуе такую дзейнасць»).
Як пазней удалося высветліць, Сельвеструку сапраўды некалькі разоў давалі «суткі», а пасля перавялі ў СІЗА (якое менавіта, невядома). 27 верасня, паводле інфармацыі «Вясны», пачнецца псеўдасуд па артыкуле аб «спрыянні экстрэмісцкай дзейнасці», максімальнае пакаранне па якім прадугледжвае да шасці гадоў пазбаўлення волі.
У футбольнай супольнасці Сельвяструк быў вядомы як адзін з нямногіх блогераў, хто актыўна асвятляў падзеі ў беларускіх мінорных лігах, паведамляў розныя інсайды (праўда, тыя не заўсёды адпавядалі рэчаіснасці) з Д2 і Д3. Пры гэтым не сказаць, што тэлеграм-канал Сельвеструка карыстаўся вялікай папулярнасцю: на сёння там крыху больш за 1600 падпісчыкаў. Канал быў запушчаны ў сярэдзіне студзеня 2021 года. У апісанні сказана, што «крыніцамі служаць як канкрэтныя людзі, так і інфармацыя, атрыманая ў адкрытым доступе». Пры гэтым людзі з футбольнага свету, з якімі пагаварыла «Трыбуна», адзначаюць, што часта нібыта інсайды Сельвеструка засноўваліся на чутках і каментарах з розных спартыўных форумаў. Часам гэта прыводзіла да адкрытага хайпу па прынцыпе «чым больш недарэчны слых, тым гарачэйшая навіна». Зрэшты, многія суразмоўцы з беларускага футбола ўсё роўна з падзякай успрымалі дзейнасць Сельвеструка — у першую чаргу за асвятленне мінору, на які беларускія медыя практычна не звяртаюць увагі.
— Відаць было, што ён рабіў гэта з цікавасцю, любіў сваю справу. Што тычыцца «інсайдаў», яны часам раздражнялі, часам выклікалі ўсмешку, а ў выніку часта заставаліся далёкімі ад ісціны, — падзяліўся меркаваннем адзін з прадстаўнікоў белфутбола, хто перасякаўся з Сельвеструком.
Сельвяструк — не проста блогер-аматар. У 2014 годзе ён скончыў Інстытут журналістыкі БДУ па спецыяльнасці «Замежная журналістыка і літаратура», хаця ў школе вучыўся ў фізіка-матэматычным і экалагічным класах. За год да атрымання дыплома БДУ ўладкаваўся ў афіцыёзную «Народную газету», якая зʼяўляецца часткай прапагандысцкага холдынга «СБ. Беларусь сёння». Праўда, у штаце выдання прабыў толькі да 2015-га.
Пасля актыўна пісаў на футбольным сайце Offside.by. Прычым увага журналіста была сканцэнтравана менавіта на падзеях у Д2 і Д3 чэмпіянату Беларусі. У сезоне-2017 Сельвяструк на паўгода стаў супрацоўнікам «Іслачы», дзе адказваў за працу з заўзятарамі, але, як кажуць суразмоўцы «Трыбуны», асаблівай стараннасцю не вылучаўся.
Пасля гэтага, на пачатку 2018-га, мінчук аддаліўся ад журналістыкі — пераехаў у Санкт-Пецярбург, дзе некаторы час працаваў у кампаніі «Wargaming». Аднак і гэты перыяд аказаўся кароткатэрміновым: ужо ў 2019-м Сельвяструк вярнуўся ў Беларусь і зноў пагрузіўся ў футбол — прынамсі, супрацоўнічаў з парталам football.by.
Пры гэтым да асаблівай публічнасці Сельвяструк не імкнуўся: ні ў назве канала, ні ў яго апісанні прозвішча аўтара наўпрост не фігуруе.
Не актыўнічаў блогер і калі ў Беларусі пачаліся акцыі пратэсту напярэдадні і пасля прэзідэнцкіх выбараў-2020. Пры гэтым, што цікава, многія акцыі праходзілі недалёка ад яго дома — Сельвяструк жыў з маці ў раёне кінатэатра «Беларусь». Адзіны запіс у сацыяльных сетках, які неяк можна звязаць з нацыянальнымі ўзрушэннямі, датаваны 12 лістапада 2020-га. На сцяне «Вконтакте» блогер задаўся пытаннем: «Колькі яшчэ трэба смерцяў, каб гэта спынілася? Колькі можна маўчаць? Сумленне ноччу не мучыць?» У той дзень пры саўдзеле Дзмітрыя Баскава ў беларускай сталіцы быў забіты Раман Бандарэнка.
Пры гэтым знаёмыя Сельвеструка расказвалі, што ў прыватных гутарках ён рэзка крытыкаваў прыхільнікаў перамен і лідарку дэмакратычнага руху Святлану Ціханоўскую, якую абвінавачваў у тым, што яна «не разумее, да чаго ўсе гэтыя супрацьстаянні могуць прывесці». У той самы час блогер не выказваў адкрытай падтрымкі Аляксандру Лукашэнку і яго прыхільнікам. Як кажуць людзі з атачэння Сельвеструка, ён больш выступаў за «стабільнасць і спакой».
У чым менавіта заключаецца «спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці», якое блогеру прыпісваюць, нам даведацца не ўдалося.
«Суддзя»-лукашыстка даўно ўдзельнічае ў расправах
Паводле звестак праваабаронцаў, Сельвеструка будуць «судзіць» у Мінскім гарадскім судзе. Ролю суддзі выканае 51-гадовая Святлана Чарапанава — ёй не прывыкаць выносіць незаконныя прысуды па палітычных матывах.
Чарапанава пачынала карʼеру ў судзе Заводскага раёна Мінска, але зусім хутка пасля выбараў, 15 кастрычніка 2020-га, указам дыктатара была пераведзена на працу ў так званы сталічны гарадскі суд. І з тых часоў актыўна дэманструе адданасць рэжыму, хаця, паводле водгукаў тых, хто з ёй перасякаўся раней, калісьці пакідала ўражанне адэкватнага чалавека, які да 2020-га нават выносіў менш строгія прысуды, чым запрошвалі так званыя пракуроры. Але пасля павышэння, як пісала «Наша Ніва», ад адэкватнасці не засталося і следу. Часам аргументы Чарапанавай на карысць вінаватасці чалавека гучаць максімальна абсурдна. Напрыклад, адна з незаконна асуджаных згадвала пра носьбітку мантыі: «Сказала, што я самая яркая на фотаздымку, таму вінаватая».
Паводле інфармацыі «Кіберпартызанаў», адзін з сыноў Чарапанавай працуе старшым оперупаўнаважаным у аддзеле крымінальнага вышуку УУС па Савецкім раёне Мінска.
На рахунку псеўдасуддзі некалькі гучных і жорсткіх рашэнняў супраць прыхільнікаў дэмакратычных перамен. Спецыялісту дзіцячай хірургіі сківіцы і твару Андрэю Любецкаму ў траўні 2022-га яна «выпісала» пяць гадоў калоніі агульнага рэжыму па пяці артыкулах Крымінальнага кодэкса. У тым жа годзе грамадзяніна Латвіі Дзмітрыйса Міхайлоўскаса прысудзіла да чатырох гадоў за каментары з асуджэннем рэжыму Лукашэнкі. Судзіла Чарапанава і беларусаў па «справе Зельцэра»: аднаму за каментары дала пяць гадоў калоніі, другому — два.
Акрамя таго, яна разглядае і апеляцыі, аднак у выніку нічога не мяняе. Адзін з самых вядомых выпадкаў — пакінутае без увагі абскарджванне прысуду жыхару «Плошчы Перамен» Сцяпану Латыпаву (яму далі 8,5 гадоў па трох артыкулах КК). Чарапанава пакінула без змен і прысуд блогеру Аляксандру Івуліну, якому ў студзені 2022-га прысудзілі два гады калоніі за ўдзел у мірных акцыях пратэсту.