«Чысткі» дайшлі і да аграрыяў

Чыноўнікі ўсіх рангаў шчыруюць перад начальствам і ўсімі спосабамі дэманструюць лаяльнасць рэжыму — напрыклад, рэпрэсуючы сваіх падначаленых.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

За апошні час у Гомельскай вобласці затрыманыя дзясяткі кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў, а таксама чыноўнікі райвыканкамаў, якія курыруюць сельскую гаспадарку. Толькі за апошні тыдзень сілавікі раскрылі падрабязнасці дзвюх новых крымінальных спраў. Гомельскае выданне «Флагшток» расказвае, што вядома пра крымінальныя працэсы над аграрыямі.

Добрушскі раён

У Добрушскім раёне фігурантамі крымінальнай справы сталі супрацоўнікі амаль усіх сельскагаспадарчых арганізацый раёна. У якасці падазраваных і абвінавачаных выступілі больш за 40 чалавек, многія з якіх з'яўляліся кіраўнікамі сельгасарганізацый. Паводле версіі следства, аграрыі займаліся прыпіскамі з мэтай прадэманстраваць высокія паказчыкі вытворчасці і рэалізацыі малака. У выніку рэальныя аб'ёмы вытворчасці малака ў Добрушскім раёне былі завышаныя на 5 тыс. тон.

Галоўным вінаватым злачыннай схемы названы першы намеснік старшыні — начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Добрушскага райвыканкама Яўген Ігнаценка. Чыноўніка райвыканкама разам з дырэктарамі сельгаспрадпрыемстваў таксама абвінавачваюць у крадзяжах паліва і будаўнічых матэрыялаў, учыненых з выкарыстаннем службовых паўнамоцтваў. Агульны памер нанесенай шкоды склаў больш за 133 тыс. руб. Абвінавачаным пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі.


Глядзіце таксама

Рэчыцкі раён

Намеснік старшыні Рэчыцкага райвыканкама Віталь Помаз, які курыраваў сельскую гаспадарку, таксама адпраўлены за краты. Былы кіраўнік абвінавачваецца паводле ч. 3 арт. 425 Крымінальнага кодэкса («Перавышэнне службовых паўнамоцтваў»). Максімальнае пакаранне па дадзеным артыкул — 10 гадоў пазбаўлення волі.

Разам з чыноўнікам па справе праходзяць некалькі кіраўнікоў і бухгалтараў сельгаспрадпрыемстваў. Паводле версіі следства, Віталь Помаз у перыяд з лістапада 2021 года па студзень 2023 года даваў указанні кіраўнікам сельскагаспадарчых прадпрыемстваў скажаць статыстычную справаздачнасць з мэтай утойвання мору буйной рагатай жывёлы. У гэты ж час чыноўнік узначальваў камісію па супрацьдзеянні карупцыі ў сельскай гаспадарцы Рэчыцкага раёна. 


Глядзіце таксама

Іншыя працэсы над аграрыямі

Шматэпізодныя крымінальныя справы ў дачыненні да аграрыяў Гомельскай вобласці апошнім часам сталі распаўсюджанай з'явай. Улетку 2022 года на лаве падсудных апынуліся адразу чатыры дырэктары сельгаспрадпрыемства Кармянскага раёна. Іх таксама абвінавацілі ў «службовым падлогу» і перавышэнні «службовых паўнамоцтваў».

Увесну 2023 года ў Гомелі судзілі першага намесніка старшыні Веткаўскага райвыканкама Сяргея Заблоцкага. Былога чыноўніка абвінавацілі ў лабіяванні продажу непрыдатнай для ўжывання кармавой дабаўкі «Зеол 3» сярод гаспадарак Веткаўскага раёна. За ўдзел у злачыннай схеме па закупцы гэтага прэпарата судзілі яшчэ некалькі чалавек, у тым ліку дырэктара ААТ «Мілкавіта» Віталя Нікуліна.

Суды над кіраўнікамі сельгаспрадпрыемстваў праводзіліся таксама ў Гомельскім і Мазырскім раёнах. Іх адметнай рысай стаў паказальны характар. Судовыя пасяджэнні праводзіліся непасрэдна ў райвыканкамах з прысутнасцю кіраўнікоў іншых сельскагаспадарчых арганізацый раёна.

«Флагшток» адзначае, што «чысткі» ў аграрным сектары супалі па часе з прызначэннем на пасаду старшыні Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гомельскага аблвыканкама Дзмітрыя Петражыцкага. Увосень 2017 года ён быў са скандалам звольнены з гэтай пасады з патрабаваннем Лукашэнкі распачаць крымінальную справу. Крымінальнай справы ў дачыненні да Петражыцкага не было, затое яны масава пачаліся ў дачыненні да іншых кіраўнікоў пасля яго вяртання на пасаду. Вясной 2023 года Дзмітрый Петражыцкі быў прызначаны першым намеснікам старшыні Гомельскага аблвыканкама.