Хронікі рэпрэсій за 22 верасня

У Гомелі на працоўным месцы затрымалі супрацоўнікаў банка, а ў Гродне са школ звальняюць дырэктараў. КДБ пашырае «спіс тэрарыстаў», суды працягваюць выносіць палітычна матываваныя прысуды, колькасць палітвязняў у краіне трымаецца ў раёне 1500.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

***

Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо каля тысячы дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1044 дні, Дзяніс — 924. 

***

Прысуд журналісту Паўлу Падабеду пакінулі без змены.

У чэрвені палітвязня, журналіста і відэааператара Паўла Падабеда прысудзілі да 4 гадоў пазбаўлення волі. Яму выстаўленае абвінавачанне ў «стварэнні экстрэмісцкага фарміравання або ўдзеле ў ім» паводле ч. 3 арт. 364-1 Крымінальнага кодэкса. Справу разглядаў суддзя Яўген Пісарэвіч.

Падабеда абвінавацілі ў супрацоўніцтве з тэлеканалам «Белсат», а таксама ў падрыхтоўцы сюжэтаў для праграм-расследаванняў — у прыватнасці, пра знікненне відэааператара Дзмітрыя Завадскага і забойства журналіста Паўла Шарамета.

Сёння Вярхоўны суд пакінуў прысуд палітвязню без змены, апеляцыйная скарга была адхіленая, паведамляе БАЖ. Рашэнне прыняла судовая калегія пад старшынствам суддзі Юрыя Руткоўскага. Паўла хутка перавядуць у калонію.

***

Сілавікі сцвярджаюць, што затрымалі праграміста EPAM з жонкай з фільма «DELFI» пра беларускія пратэсты, піша «Вясна».

На «пакаяльным відэа» мужчына кажа, што працуе ў EPAM і мае вялікі заробак. Разам з жонкай яны «прызнаюцца» ва «ўдзеле ў паслявыбарчых акцыях пратэсту» — кадры з імі нібыта трапілі ў фільм «DELFI »пра беларускія пратэсты, так іх і знайшлі сілавікі.

Нагадаем, у ліпені на канале «RU Delfi Литва» быў апублікаваны фільм «Хронікі сучаснасці» Мікалая Мамінава пра беларускія пратэсты — у ім аўтары не хавалі твары пратэстоўцаў. Адразу пасля выхаду фільма ім зацікаваліся сілавікі і паабяцалі «знайсці ўсіх».

***

У Гомелі прайшлі затрыманні супрацоўнікаў банка, паведаміла выданне «Флагшток». Крыніца, звязаная з Беларусбанкам, расказала, што арышты прайшлі ў пачатку гэтага тыдня ў галоўным аддзяленні банка на вул. Фрунзэ.

Сілавікі праверылі смартфоны работнікаў на працоўных месцах. Як мінімум трое рабочых не прайшлі «праверку», іх затрымалі.

***

У Гродне некалькіх дырэктараў школ звольнілі за «высокі адсотак вучняў, якія паступаюць за мяжу», сцвярджае «Радыё Свабода». Паводле звестак выдання, адміністрацыя школ называе гэта «няўдалай прафарыентацыяй».

Настаўніца адной са школ на ўмовах ананімнасці расказала «РС» пра звольненага з пасады дырэктара гімназіі № 1 Барыса Сяброўскага — цяпер ён выкладае фізіку і астраномію.

Іншая настаўніца апісала выпадак з педсавета, на якім адміністрацыя школы сказала, што ва ўстанове «дрэнна вядзецца праца па прафарыентацыі». Настаўнікам, чые дзеці вучацца за мяжой, сказалі «лепш пра гэта маўчаць».

***

Брэсцкі абласны суд 20 верасня пачаў разглядаць справу брэстаўчанкі Алесі Лянцэвіч, якая працуе псіхолагам. Жанчыну затрымалі 25 траўня 2023 года. Яе абвінавацілі ў тым, што ў 2020 годзе яна зрабіла некалькі «данатаў» фондам «BYSOL» і «ByHelp», што ў 2021 годзе прызналі «экстрэмісцкімі фарміраваннямі». Агульная сума «данатаў» склала каля 97 долараў (на той момант — амаль 250 рублёў), паведамляе «Салідарнасць».

Таксама Алесю Лянцэвіч абвінавацілі ў тым, што яна «публічна абразіла» Мікалая Карпянкова (пакінула каментар пад навіной). Акрамя таго, яна напісала чатыры каментары пра Лукашэнку. Па большасці з каментароў ужо прайшоў тэрмін даўнасці ў два гады, але яны ўсё роўна прысутнічаюць у абвінавачанні.

Пракурорка Марыя Бялт запатрабавала прысудзіць Алесю Лянцэвіч да чатырох гадоў пазбаўлення волі. Працэс вядзе суддзя Руслана Сянько.

***

У Лідзе за «каментары ў Telegram, якія абражаюць Лукашэнку, міліцыянтаў і суддзяў» быў затрыманы Павел Лукашэвіч, піша «Вясна».

З ім знялі «пакаяльнае відэа», дзе мужчына кажа, што нібыта далучыўся да чат-бота плана «Перамога», піша @Grodno_grab.

***

Беларус адправіў у бот праўладнага тэлеграм-канала фразу «Пайшлі вы гуляць далей. Жыве Беларусь». Яго затрымалі, з мужчынам знялі «пакаяльнае відэа», дзе на камеру прымусілі сказаць, што яго нібыта затрымалі праз паўтары гадзіны пасля напісання ў бот тэлеграм-канала, піша «Наша ніва».

Па якім артыкуле затрымалі мужчыну і дзе ён цяпер знаходзіцца — невядома.

***

КДБ дадаў у «Пералік арганізацый і фізічных асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» ўкраінца і дзевяцярых беларусаў. Абноўлены спіс апублікаваны на сайце камітэта.

У пералік увайшлі абвінавачаныя па артыкуле аб «тэракце» (арт. 289 КК) Барыс Пухальскі, Іван Бародзіч і грамадзянін Украіны Іван Ліхалат. Іх імёны называліся ў фільме «Азбука тэрарыста», паказаным па дзяржаўным тэлебачанні.

Акрамя іх у спісе асуджаныя па артыкуле аб «распальванні варожасці» (арт. 130 КК) Аляксей Бародка, Вадзім Багаўкоў, Максім Зуеў, Сяргея Рабушка, Аляксандр Напрэенка і Аляксандр Галуза. Таксама ў пералік унесены асуджаны па артыкуле аб «закліках да дзеянняў супраць нацбяспек»і (арт. 361 КК) Андрэй Фамін.

***

Як паведамляе ініцыятыва прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы АПК Вольгі Гарбуновай@klopat_by, на сённяшні дзень няма аніякіх звестак пра самых вядомых палітзняволеных: Марыю Калеснікаву — 220 дзён, Максіма Знака — 225 дзён, Мікалая Статкевіча — 226 дзён, Ігара Лосіка — 215 дзён, Сяргея Ціханоўскага — 197 дзён, Віктара Бабарыку — 148 дзён.

***

Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1493 палітвязні. Ініцыятыва «Dissidentby» вызнае палітвязнямі 1735 чалавек. Сярод іх — 193 жанчыны і 8 непаўнагадовых. 18 палітвязняў адпраўленыя на прымусовае лячэнне.