Ціханоўская: У Беларусі тысячы палітвязняў. Мы змагаемся за сябе і за іх

Дэмакратычная лідарка Беларусі падчас паездкі на 78-ю сесію Генасамблеі ААН спрабавала прыцягнуць увагу міжнароднай супольнасці да праблем Беларусі. Ці атрымалася гэта?

52424798485_bae457350d_b_logo.jpg.webp

Лідарка беларускай апазіцыі Святлана Ціханоўская на гэтым тыдні знаходзілася ў Нью-Ёрку, дзе на палях 78-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН праводзіла сустрэчы з сусветнымі лідарамі, палітыкамі, прадстаўнікамі міжнароднай супольнасці. Яна дала эксклюзіўнае інтэрв'ю «Голасу Амерыкі».

— Святлана, некаторыя прадстаўнікі беларускай апазіцыі абвінавачваюць вас, калі можна так сказаць, што вы занадта шмат сустракаецеся з заходнімі лідарамі, занадта шмат ездзіце за мяжу... Як ваш праходзіць ваш візіт у Нью-Ёрк, у ААН, і ў чым яго значнасць, што гэта дае вашаму руху?

— Па-першае, наконт таго, што занадта часта сустракаюся і езджу — насамрэч я стараюся, вядома, захоўваць баланс. Мой прыярытэт — гэта праца з беларусамі ў першую чаргу, якія ўнутры краіны і за мяжой. Шмат праблем, шмат ініцыятыў, і з кожным трэба многае абмеркаваць. Але я разумею, што нам цяпер патрэбна ўвага ўсяго свету, таму што гэта задача, можа, мара Лукашэнкі, — каб пра нас усе забыліся і ён за гэтым замесам цішыні мог рабіць усё што хоча ў Беларусі: рэпрэсаваць людзей, прадаваць нашу краіну, — і ніхто на гэта ўвагі звяртаць не будзе.

Каб наш голас, голас беларусаў, быў чутны па ўсім свеце, і важныя гэтыя паездкі. Мы павінны расказваць нашым партнёрам, дэмакратычным саюзнікам, што адбываецца ў краіне, шукаць падтрымкі на грамадзянскую супольнасць, пераконваць у неабходнасці санкцый і ціску на рэжым. І калі голас многіх краін па Беларусі будзе чутны — тады і беларускія пытанні будуць разглядацца. Таму што дагэтуль Антоніу Гутэрыш ні разу не сказаў ні слова па Беларусі. А ў нас гуманітарная катастрофа, саўдзел Лукашэнкі ў вайне, іміграцыйны крызіс, пасадка самалёта, дзе выяўленыя вінаватыя, а справа нікуды не рухаецца. Гэта ўсё пытанні ААН, але калі няма палітычнай волі, калі няма масавых запытаў ад кіраўнікоў розных краін, што трэба Беларусь вывесці на парадак дня — тады Беларусь проста знікае з парадку дня.


Глядзіце таксама

— Ці здольная сёння беларуская апазіцыя, асабліва тая, якая знаходзіцца за мяжой, супрацьстаяць рэжыму Лукашэнкі?

— Вось вы сказалі «асабліва тая, якая за мяжой». Мы не хочам, каб нас падзялялі — тыя беларусы, якія засталіся, ахвяруючы сваёй бяспекай кожны дзень, і тыя, якія з'ехалі, — каб гэта былі нейкія дзве розныя апазіцыі. У цэлым беларусы не ў апазіцыі — мы ў большасці. Большасць беларусаў супраць рэжыму, супраць дыктатуры. Лукашэнка ў свой час выкарыстаў максімальную брутальнасць і падтрымку Пуціна, каб здушыць пратэсты. Але за тры гады рэжым не змог пераканаць беларусаў думаць па-іншаму — што яны памыляліся ў 2020-м годзе.

Беларусы гатовыя да рашучых крокаў. Але для гэтага павінен наступіць той самы момант — акно магчымасцей, як мы яго называем, таму што цяпер проста ісці пад шляху, ісці ў турмы... калі любое тваё слова, любая ўкраінская песня, беларускі бел-чырвона-белы сцяг — гэта адразу турма, 10, 15, 20 гадоў, такія тэрміны цяпер даюць.

Беларусы цяпер наогул аб'яднаныя як ніколі раней. Мы цяпер, за тры гады, здолелі пабудаваць структуры, інстытуты, якія аб'яднаюць людзей вакол мэты. Мы будуем «протаўрад», вядома, не такі функцыянальны, як урад любой краіны, будуем протапарламент, мы будуем дэмакратычныя інстытуты, каб вучыцца дэмакратыі. Гэта таксама вельмі складана. Пры дыктатуры значна лягчэй жыць: табе гавораць, што рабіць, і ты, як раб, выконваеш. А пры дэмакратыі табе трэба думаць, табе трэба браць адказнасць, табе трэба не лаяцца, а дэбаты праводзіць. Гэта таксама ўменне.

У нас нармальны стан дэмакратычнага грамадства. Але яно кожны дзень пранізана болем. Болем за людзей, болем за гэты страх пастаянны, з якім людзі жывуць. Але гэты боль — ён ператвараецца ў энергію, злосць ператвараецца ў энергію, якая не дае нам магчымасці спыніцца. Мы ўсё роўна будзем рухацца наперад, таму што выбару няма.

Вось як цяпер нелегітымны дыктатар закрыў магчымасць праз амбасады абнаўляць пашпарты беларусам — ну што нам рабіць? Трэба неяк вырашаць. Людзі не хочуць падаваць дакументы на палітычны прытулак, не хочуць станавіцца ўцекачамі, людзі хочуць быць беларусамі. Таму мы працуем над пашпартам «Новай Беларусі». Так, тое беспрэцэдэнтна, такога не было, але наша задача — пераконваць урады іншых краін, каб пашпарт прызнавалі, таму што гэта самае лепшае выйсце.


Глядзіце таксама

— Раскажыце пра гэтыя пашпарты — як яны павінны будуць працаваць?

— Гэта будзе дакумент, які выдаецца на аснове пратэрмінаванага пашпарта, што ўжо не валідны ў Еўрасаюзе. Гэта значыць, гэты пашпарт — тваё пацвярджэнне асобы, гэта travel document, дакумент, з якім ты можаш падарожнічаць, і ён паказвае тваю прыналежнасць да беларускай нацыі. Вось і ўсе яго функцыі. Гэты дакумент не дае нейкія дадатковыя правы ў нейкай краіне знаходжання.

Але ў людзей ужо гонар за будучы пашпарт, гэты дакумент з нашымі нацыянальнымі сімваламі. Я вельмі спадзяюся, што праект атрымаецца, што яго будуць прызнаваць. Таму што надрукаваць дакумент — гэта палова справы. Яго трэба будзе ўзгадніць з усімі міжнароднымі стандартамі ІКАО, бяспекі, і мы гэта зрабілі. Але прызнанне — гэта ўжо іншае, гэта больш складаны крок.

— Пакуль яшчэ ні адна краіна не прызнала?

— Мы яшчэ пакуль не выдалі ўзоры. Гэта таксама досыць складана і дорага. У нас жа няма падаткаплацельшчыкаў, мы шукаем сродкі з прыватных бізнесаў, у людзей нейкай дапамогі... Складана насамрэч.


Глядзіце таксама

— Святлана, як вам здаецца, калі-небудзь беларускія войскі возьмуць удзел у вайне ва Украіне, супраць украінцаў? Якія вашы прагнозы?

— Калі вы кажаце «калі-небудзь», то такое адчуванне, што вайна гэтая будзе вельмі доўга працягвацца. Я не хачу так думаць, таму што я ўсё-ткі веру ў аб'яднанне намаганняў дэмакратычнага свету ў дапамозе Украіне, вельмі рада, што гэтая дапамога кансалідавалася цяпер. Таму што ўкраінцы змагаюцца не толькі фізічна за свае землі, яны змагаюцца за дэмакратычныя каштоўнасці — за тое, за што мы ўсе стаім.

На пачатку вайны, можа быць, была імавернасць, што Лукашэнка такі загад аддасць, бо тады здавалася: ну, «Кіеў за тры дні» і ўсё такое... Але ведаеце, чаму Лукашэнка гэты загад не аддаў? Не таму, што ён клапоціцца пра беларусаў, не хацеў далучаць іх у вайну — ён ужо залучаны. Ён ведаў, што беларусы супраць удзелу Беларусі ў гэтай вайне. Наогул, паводле апытанняў, ад 85% да 96% беларусаў супраць удзелу ў гэтай вайне.

— Вы сказалі, што ваш муж — заўсёды з вамі…

— Мой муж знаходзіцца ў турме ўжо тры з паловай гады, і апошнія паўгода ў мяне няма пра яго наогул аніякай інфармацыі. Многія палітвязні ўтрымліваюцца інкамунікада — гэта азначае, што адвакаты не могуць іх наведваць, лісты ім не перадаюцца. Рэжым хоча пакараць іх яшчэ больш, каб яны думалі, што пра іх забыліся, што за іх больш не змагаюцца. Але гэта не так. Часам, калі я стамляюся або засмучаная — я гляджу на яго фотаздымак, і ён мне нагадвае, чаму я займаюся тым, чым займаюся. Не толькі дзеля свайго мужа — ён дарагі майму сэрцу чалавек... У нашай краіне тысячы палітвязняў. Мы змагаемся за сябе і за іх.