Яўген Магда: Словы Зяленскага, што Расія практычна паглынула Беларусь, — гэта праўда
Ці застаецца Беларусь незалежнай? Незалежнасць дзяржавы, адзначае палітолаг Яўген Магда, вызначаецца тым, як шмат залежыць ад грамадзян, якія ў ёй жывуць. А ад тых людзей, якія засталіся ўнутры Беларусі, на жаль, цяпер залежыць вельмі мала.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі на Генасамблеі ААН заявіў, што Расія фактычна паглынула Беларусь. Там жа Святлана Ціханоўская заклікала ААН уключыць у парадак дня «беларускае пытанне».
Наколькі рэальны сцэнар, пры якім краіна сапраўды можа стаць суцяшальным прызам для Крамля?
Пра гэта з дырэктарам Інстытута сусветнай палітыкі (Кіеў, Украіна) Яўгенам Магдам пагаварыла «СНплюс».
— Наколькі верагодным вам уяўляецца сцэнар «суцяшальнага прыза», асабліва на фоне глыбокага ўцягвання рэжыму ў расійскую арбіту?
— Я б разважаў не катэгорыямі «суцяшальнага прыза», я б казаў пра тое, што значэнне Беларусі падае і для самой Расіі. Растлумачу, чаму.
Калі яшчэ некалькі гадоў таму яна была цікавая як адна з сузаснавальніц ААН, то сёння проста на падхваце ў Расіі, гуляе нейкую фармальную ролю, і не больш за тое. Таму, думаю, і ва Украіне, і ў Еўропе ёсць пэўныя пагрозы і праблемы, якія неабходна вырашаць.
Канстатацыя Зяленскага, што Расія практычна паглынула Беларусь, — гэта праўда. Прынамсі, у частцы прапаганды, у частцы падпарадкавання інтарэсаў. І на мой погляд, гэта трывожны сігнал — не толькі для беларусаў, але і для ўсёй Еўропы.
— На сустрэчы з расійскім губернатарам Лукашэнка адзначыў: на перамовах з Пуціным у Сочы дасягнуты новыя дамоўленасці ў сферы Саюзнай абароны. Якія механізмы там яшчэ не задзейнічаны?
— Лукашэнка настолькі прывык сустракацца з расійскімі губернатарамі, што ўсё яшчэ прымервае на сабе старую форму, калі прэтэндаваў на ролю лідара Саюзнай дзяржавы. Сёння такой прэтэнзіі больш няма — утрымаць бы ўладу ў самой Беларусі. Таму ён будзе шмат гаварыць і аб новых фарматах узаемадзеяння, і аб новых фарматах супрацоўніцтва, але фактычна зрабіць нічога не зможа па той простай прычыне, што рэальных паўнамоцтваў на сённяшні дзень у яго няма. І гэта ўсе ў Еўропе разумеюць. Выконвае дробныя даручэнні Крамля, але асаблівым даверам не карыстаецца.
— Цяпер шмат кажуць пра імавернасць новай жалезнай заслоны, якая можа апусціцца паміж Захадам і Беларуссю — Расіяй і, магчыма, часткай акупаваных тэрыторый Украіны ў выніку замарозкі вайны. Такі сцэнар магчымы?
— Новая жалезная заслона — не самая галоўная пагроза ў выпадку замарожвання баявых дзеянняў у цяперашняй сітуацыі. Значна больш сур'ёзнай пагрозай з'яўляецца тое, што значная частка ўкраінскай тэрыторыі будзе акупаваная. А пасля гэтага, калі гіпатэтычная жалезная заслона апусціцца, то і Беларусі асабліва няма чаго лавіць. Будуць створаны адзіныя ўмовы для акупаваных тэрыторый. І тады ўжо ніхто не стане дыскутаваць наконт таго, акупавана Беларусь ці не, бо ўсё цалкам відавочна. Пытанне толькі ў тым, ці захаваецца Лукашэнка ў якасці аператара ажыццяўлення прарасійскай улады на тэрыторыі РБ. Але адказ на гэтае пытанне будзе дадзены досыць хутка.
А пакуль Лукашэнка працягвае манеўраваць, захоўваючы вельмі маленькую фармальную незалежнасць.
— Якія ўрокі для сябе можа атрымаць Лукашэнка з Нагорна-Карабахскай вайны? Калі на яго вачах разгортваецца міжнародная трагедыя, а саюзнік, кажучы словамі Высоцкага, наогул не саюзнік, а так…
— Я б не параўноўваў сітуацыю ў Нагорным Карабаху, самаабвешчаным анклаве, з тым, што адбываецца ў Беларусі, таму што Беларусь — паўнавартасны чалец міжнароднай супольнасці (чалец ААН, чалец АБСЕ). Але пры гэтым урокі для Лукашэнкі павінны быць відавочнымі: пакуль ён патрэбны Крамлю, вакол яго будуць ажыццяўляць нейкія ітэрацыі, нейкія рухі. Але як толькі ён страціць сваю патрэбнасць, яго тут жа лёгка здадуць.
Азербайджан пайшоў на аднаўленне тэрытарыяльнай цэласнасці сваёй краіны, на поўнае вяртанне тэрыторыі Нагорнага Карабаха, калі пераканаўся, што Расія абсалютна слабая. Таму ўзнікае пытанне: на што і калі пойдуць грамадзяне Беларусі, каб аднавіць свой кантроль над краінай?
Насамрэч, гэта вельмі сур'ёзнае пытанне: не могуць быць мільёны задаволеныя тым, што жывуць у адной недасканалай, але месцамі пафаснай дзяржаве. Гэта з аднаго боку. А з іншага — яны павінны дэманстраваць, што працягваюць жыць у незалежнай краіне. Але незалежнасць дзяржавы, на мой погляд, вызначаецца тым, як шмат залежыць ад грамадзян, якія ў ёй жывуць.
Па маіх назіраннях, ад тых людзей, якія засталіся ўнутры краіны, на жаль, залежыць вельмі мала. Таму асабіста я гатовы весці дыялог з тымі грамадзянамі, якія апынуліся за яе межамі і дзейнічаюць дастаткова актыўна для таго, каб вярнуцца на радзіму і будаваць новую Беларусь.