Жалезная заслона. Чаго чакаць, калі ўкраінскі контрнаступ захлынецца?

Дрэнны прагноз на той выпадак, калі мужнасць УСУ і геній генерала Залужнага не займеюць поспеху.

ruchron.com

ruchron.com

Час на баку Крамля

Ужо некалькі тыдняў украінская армія вядзе абяцаны контрнаступ. Вынікі пакуль незразумелыя, але відавочна: імклівай дэакупацыі захопленых Расіяй тэрыторый не адбываецца.

У Кіеве раяць не ўскладаць вялікіх надзей на хуткае вызваленне зямель. Маўляў, контрнаступ — гэта не галівудскі баявік, які варта глядзець з папкорнам. Гэта працяглы і цяжкі працэс, і ён ідзе — УСУ выбіваюць інтэрвентаў з малых населеных пунктаў, адваёўваюць адзін квадратны кіламетр за другім.

І ўсё ж: тэмпы прасоўвання ўкраінскага войска застаюцца маруднымі. Хутка ўжо сярэдзіна лета, а дагэтуль пад кіеўскую юрысдыкцыю не вернуты ніводны больш-менш буйны горад.

З ваеннага гледзішча гэта лёгка патлумачыць. Расійцы шмат месяцаў будавалі фартыфікацыі, мінавалі плацдармы, капалі акопы. Назапашвалі ўзбраенні і асабісты склад. Падцягвалі авіяцыю, па колькасці якой маюць перавагу. Такая абарона проста так не разбураецца, таму нічога дзіўнага на фронце не адбываецца.

Глядзіце таксама

З гледзішча палітычнага час гуляе не на карысць Украіны. Восенню надыдзе чарговая бездараж, інтэнсіўнасць баявых дзеянняў зноў паменшыцца, вайна запатрабуе перапынку да маразоў. Пры такім варыянце на Захадзе гучней загавораць пра неабходнасць фіксацыі статус-кво і пераходу да перамоваў аб часовым спыненні канфлікта. Бо новы віток канфрантацыі — гэты новая выдаткі, новае напружанне насельніцтва еўрапейскіх краін, новыя грамадска-палітычныя рызыкі.

Кіеў да такога фармату паставіцца больш згаворліва, таму што вельмі залежны ад паставак заходняй зброі. Дый у грамадстве могуць пашырыцца пацыфісцкія настроі, бо цяжка так жыць — пад няспыннымі бамбёжкамі, ва ўмовах эканамічнай нястачы і нявызначанай будучыні.

Прымуць гэты расклад і ў Крамлі, дзе даўно выдатна разумеюць: «спецыяльная ваенная аперацыя» ўжо не дасягне сваіх пачатковых мэтаў, то і захаваць захопленае — добрая справа. Прастадушнаму расійскаму грамадству прапаганда давядзе, што Мелітопаль і Марыупаль — гэта, канешне, не Кіеў і Адэса, але ж прыдбалі зямелькі. Тым больш ваявалі не з якой-небудзь Украінай, а з цэлым калектыўным Захадам. Ну і паказалі яму плюс-мінус кузькіну маці. Таму, так, давайце прысядзем за стол перамоваў.

Глядзіце таксама

Агаворымся: зусім не абавязкова ўсё пойдзе паводле такога сцэнарыя. Вядома, што УСУ яшчэ не задзейнічала ў контрнаступе галоўныя сілы, у планшэце генерала Залужнага дакладна ёсць казырныя карты, а заходнія палітыкі не страцілі імпэт наконт падтрымкі Украіны. Абсалютна не выключана, што не сёння — дык заўтра акупантаў пагоняць у хвост і ў грыву, і чаканні цывілізаванага свету адносна ўкраінскай «рэканкісты» пачнуць спраўджвацца.

Але калі не? Што тады? Калі перамовы і фіксацыя цяперашняга становішча — як пераўладкуецца жыццё на нашай частцы зямной кары?

Украіна ўсё роўна пераможа

Менавіта так: нават у выпадку такога прыпынення вайны пераможцамі акажуцца ўкраінцы. Найперш — у ракурсе сваёй геапалітычнай будучыні.

Галоўнае, што зрабіла вайна ў гэтым сэнсе, — яна расплюшчыла вочы ўсяму свету на пуцінскую Расію. Дзяржава-агрэсар, краіна-акупант, імперыя зла — вось што свет зразумеў за гэта паўтара года. Адпаведна, ён зробіць усё, каб адгарадзіцца ад такога варвара высачэзным плотам.

Дзе б ні працягнулася новая мяжы, з украінскага боку яна будзе ўмацавана так, што ніякі рускі салдат больш да яе не падыдзе. Усе сучасныя ўзбраенні, якія ёсць у заходніх арсеналах, будуць перададзеныя ў распараджэнне УСУ. Гэта нашмат танней за тое, чым даваць зброю, якая адразу ідзе на фронт і там раней ці пазней псуецца. Гэта — на ўмацаванне межаў усур’ёз і надоўга.

Глядзіце таксама

Украінская армія сёння — адна з самых баяздольных у свеце, і такой яна застанецца. З самымі сучаснымі ўзбраеннямі яна будзе здольная трымаць свае межы непрыступнымі. Варыянт другога Ізраіля — гэта той наратыў, які пачалі прасоўваць ва Украіне яшчэ, можа, год таму.

І гэты мы яшчэ не кажам пра ўступленне ў NATO, куды нашы паўднёвыя суседзі ўпарта імкнуцца. Нешта падказвае, што працэс атрымання адпаведнага статуса можа зацягнуцца праз мноства чыннікаў, але нават у рангу ўмоўнага кандыдата Захад зможа запяспечыць УСУ ўсім неабходным для надзейнай абароны. А калі яшчэ там з’явіцца колькі замежных баз на ўмовах легітымных міжнародных пагадненняў, то і пагатоў спаць украінцы змогуць спакойна ва ўсіх сэнсах.

Няма сумневаў, што і эканамічнаму аднаўленню заходнія краіны пасадзейнічаюць. Тут ужо і так шмат што абяцана, а будзе яшчэ болей. За кошт вялікіх ахвяр страшнай вайны, нават не вызваліўшы цалкам свае тэрыторыі, Украіна мае ўсе шанцы нарэшце зажыць так, як сама хоча. Адгарадзіўшыся ад пагрозы з Усходу там самым ровам з кракадзіламі.

Адзін парэбрык на дваіх

Існуе меркаванне, што першае, чым зоймецца Крэмль пасля спынення баявых дзеянняў, — пачне рыхтавацца да новага ўварвання ва Украіну. Хутчэй за ўсё, гэта не так. Так, для Пуціна існаванне незалежнай украінскай дзяржавы застаецца асабістай абразай, але гэтая вайна так пакалашмаціла Расію, што пра новую агрэсію там яшчэ доўга думаць не будуць.

А будуць — пра іншае. Пра жыццё ва ўмовах санкцый, якія нікуды не дзенуцца. Пра страчаныя энергетычныя рынкі. Пра аднаўленне папулярнасці крамлёўскага рэжыму, якая так ці інакш пахіснулася. І агулам — пра сваё татальнае ізгойства ў сучасным свеце.

Украіне пасля вайны будзе дапамагаць увесь той самы свет. А хто дапаможа Расіі? Кітай, які кожны крок узважвае на шалях уласнай выгады? Нехта яшчэ, у кім раптам прачнецца эмпатыя да краіны-тэрарыста? Вунь нават Казахстан ужо непрыхавана заціскае нос, гледзячы на свайго паўночнага суседа. І гэтая кан’юнктура нікуды не знікне.


Глядзіце таксама

У тым жа самым становішчы акажацца і лукашэнкаўская Беларусь — адзіны выразны хаўруснік Крамля. Тыя ж санкцыі, тая ж таксічнасць, тое ж самае ізгойства.

Іншымі словам — паміж заходнім светам і РФ з РБ вырасце сапраўдная жалезная заслона. З аднаго боку ад яе будзе дэмакратычнае развіццё, з другога — суцэльны таталітарызм.

Менавіта ён, бо па-іншаму за жалезнай заслонай не жывуць. Там заўсёды жывуць бедна, таму для кантролю над грамадствам будуць прыцягнутыя ўсе сродкі. Ад рэпрэсій і вынішчэння мінімальнага іншадумства, да татальнага сачэння за паводзінамі грамадзян, гранічнага абмежавання інтэрнэту і, магчыма, закрыцця межаў, як было некалі ў сацлагеры. Ну, такі сабе варыянт Оруэла 2.0.

Адна аўтакратыя на дваіх, адзін парэбрык… Нічога іншага расійскі і беларускі рэжымы прапанаваць людзям не змогуць — яны ўжо не могуць. І, што самае сумнае, іх такое існаванне будзе задавальняць, таму што альтэрнатывы гісторыя не прадугледжвае. Задаволіць гэта і Захад, бо лепш пабудаваць непарушны мур на мяжы цывілізацыі і тыраніі, чым бясконца з тыраніямі ваяваць.

Безумоўна, гэта вельмі сумная карціна будучыні, але калі Украіна не атрымае ўпэўненую перамогу ў вайне, то такі сцэнарый выключаць нельга.