«Кіеў бамбілі». 22 чэрвеня — больш не сакральная дата

Яшчэ зусім нядаўна Беларусь, Расія і Украіна адзначалі 22 чэрвеня адну і тую ж падзею — дзень пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Пасля 24 лютага 2022 года ўсё змянілася.

Мінск, лета 1941, фота hc.east-site_ru

Мінск, лета 1941, фота hc.east-site_ru


Дзень памяці і смутку — менавіта так называлася гэтыя дата ў трох краінах. Яшчэ — дзень ушанавання ахвяр тых жудасных падзей. У адрозненне ад 9 траўня, сэнсава, жанрава і стылістычна якраз 22 чэрвеня было бліжэй да нармальнага ўспрыняцця вайны, якая ёсць найперш смерць і пакуты. У гэты дзень нават у Расіі было менш «пабедабесія» і «можам паўтарыць», а ў Беларусі Лукашэнка не з такім імпэтам як у Дзень Перамогі намагаўся прапагандысцкі прымазацца да «подзвіга дзядоў».
Ва Украіне таксама шанавалі памяць загінулых у 1941-1945 гадах. Песня «Кіеў бамбілі, нам абвясцілі…» была ці не самай папулярнай, прысвечанай гэтай даце. І ветэранаў ВАВ, якія застаюцца ў жывых, у краіне нашмат больш, чым выдуманых крамлёўскай прапагандай «нацыстаў».
Так усё і было, пры тым што 22 чэрвеня з’яўлялася не толькі днём дэ-факта пачатку найбольш крывавых падзей у гісторыі часткі краін былога СССР. Гэтую дату камуністы ў дадатак яшчэ і штучна сакралізавалі — каб зарэтушаваць папярэднія два гады, калі ў выніку пакта Молатава-Рыбентропа Савецкі Саюз быў саюзнікам гітлераўскай Нямеччыны. І нават праводзіў у Брэсце сумесны парад з вермахтам у верасні 1939-га пасля сумеснага ж «раздзярбана» тагачаснай Польшчы.
Пасля таго, як Саюз распаўся, не вытрымаўшы канкурэнцыі з Захадам, гісторыкі, вядома, рассакрэцілі ўсё тое, што замоўчвалася. Патлумачылі, што Вялікая Айчынная была толькі часткай Другой сусветнай. Падкрэслілі, што на баку СССР ваявалі тыя, каго расійская і беларуская прапаганда сёння называе ўзгодненым клішэ «англасаксы». Адзначылі ключавую ролю амерыканскага лэндлізу. Нарэшце, давялі, што Сталін і Гітлер адрозніваліся хіба што стылем вусаў, а мілітарыстамі з прагай захопу чужых тэрыторый яны былі плюс-мінус аднолькавымі.


Але ж гісторыя — гэта навука, а жыццё — гэта людзі тут і цяпер. 22 чэрвеня — усё ж ад жыцця, якое тады, у 1941-м, паляцела ў бездань. Таму і дата гэтая стала асаблівай.
Усё змянілася 24 лютага мінулага года. Глыбокай ноччу — здаецца, у тыя ж чатыры гадзіны — Расія пры падтрымцы Беларусі вераломна напала на Украіну. Свой план «Барбароса» пачаў рэалізоўваць Пуцін пры дапамозе паслугача-хаўрусніка Лукашэнкі.
«Кіеў бамбілі» — цяпер ва ўкраінцаў тут дакладныя асацыяцыі менавіта з 2022 годам. І вайна гэтая крамлёўская шмат у чым падобная на гітлераўскую. Тыя ж ваенныя злачынствы — адна Буча чаго каштуе. Тыя ж матывы генацыду — пад новай назвай «дэўкраінізацыя». Тыя ж варварскія бамбардзіроўкі мірных гарадоў.


Хіба што выразнай ідэалогіі, адрозна ад Трэцяга Рэйха, у Рэйха пуцінскага няма. Яе ён сфармуляваў зусім няўклюдна, падцягнуўшы пад уласныя «хацелкі», галоўная з якіх — захапіць, знішчыць краіну, якая пасмела жыць не так, як ёй гэта дыктуе Масква.
І лэндліз цяпер — гэта пра дапамогу ўкраінцам. І спачуванне цывілізаванага свету — на адрас Украіны. І акупанты сёння — гэта расійцы.
Адпаведна спіс важных датаў у календары незалежнай Украіны непапраўна змяніўся. Там няма ўжо ніякага 22 чэрвеня, як дня пачатку ВАВ. Там няма ўжо і 9 траўня — указам Уладзіміра Зяленскага ўрачыстасці ў сувязі з «Перамогай над нацызмам у Другой сусветнай вайне» афіцыйна перанесеныя на 8 траўня, сінхранізаваныя з заходнімі стандартамі і, уласна, з гістарычнай праўдай.


І Вялікая Айчынная вайна для ўкраінцаў — гэта тая, якую яны вядуць зараз, літаральна змагаючыся за існаванне сваёй незалежнай дзяржавы, за сваю радзіму і сваю будучыню.
Па выніках ВАВ 2021 украінец атрымаў зорку Героя Савецкага Саюза. Няма аніякіх сумневаў, што Герояў Украіны пасля перамогі над пуцінскай Расіяй будзе больш. Пры ўсёй некарэктнасці такіх параўнанняў.
У РФ значэнне падзей 1941-1945 гадоў таксама трансфармуецца пад уплывам вайны ва Украіне. Крамлёўская прапаганда навязліва спрабуе праводзіць аналогіі паміж тымі і гэтымі войнамі, але атрымліваецца крывадушна і непераканаўча. Трэба быць зусім ужо круглым дурнем, каб не бачыць велізарнай розніцы, і, выглядае, што такіх дурняў зусім няшмат нават у самой Расіі. Што казаць пры іншы свет — калі раней на святкаванне 9 траўня ў Маскву прыязджалі заходнія лідары, то цяпер туды ледзь-ледзь удаецца запрасіць некалькі кіраўнікоў краін СНД.
Што ж будзе далей, пасля немінучай паразы Крамля ў гэтай вайне. У Расіі тут цалкам неакрэсленая будучыня, але яна дакладна нясе вялікія змены.
Асуджаная на перамены і Беларусь. Рана ці позна, але Лукашэнка сыйдзе, у гістарычным сэнсе яго перыяд цяпер у стадыі аганізуючага закату. З дапамогай Масквы «сінія пальцы» яшчэ ўчэпіста трымаюцца за ўладу, але ніякай пазітыўнай будучыні архаічны рэжым прапанаваць ужо не можа.
Адпаведна набліжаецца ў новая героіка краіны і яе гісторыі. Неад’емнай часткай яе будзе дэсаветызацыя дзеля аднаўлення гістарычнай справядлівасці і ўмацавання суверэнітэту. Ніводная краіна былога СССР так не трымаецца за саюзнае мінулае, як лукашэнкаўская Беларусь. Пасля падзей 2020 года прымусовае вяртанне ў часы піянераў-камсамольцаў паскорылася, але гэтае сударгаватае зацісканне шрубаў вялікай перспектывы не мае. Кола гісторыі спыніць нельга.


Так, сёння незалежнасць Беларусі пад вялікім пытаннем, і Лукашэнка гандлюе ёй ужо адкрыта. Але, калі сыходзіць з таго, што ў вайне пераможа Украіна, то беларусы маюць усе шанцы на аднаўленне суверэнітэту і вызваленне ад дыктатуры і крамлёўскіх уплываў.
І тады, канешне, будуць новыя героі. Забытыя і дэманізаваныя дысідэнты савецкіх часоў, забітыя і шэльмаваныя барацьбіты за волю эпохі Расійскай імперыі — і, канечне, тыя, хто змагаўся і гінуў за дэмакратыю пры Лукашэнку. Герояў будзе шмат.
Роля Вялікай Айчыннай у гісторыі Беларусі істотна перагледжана, вядома, не будзе. Гэта вельмі трагічныя часы для краіны, і да беларусаў давялі тое не лукашэнкаўцы, якія шмат гадоў карыстаюць тэму для ўласных прапагандысцкіх гешэфтаў. Гэта зрабілі класікі кшталту Васіля Быкава альбо Алеся Адамовіча.


Таму і 22 чэрвеня ў нацыянальнай гістарыяграфіі застанецца днём смутку і жалобы. Але галоўнымі датамі для народа стануць іншыя — звязаныя з вызваленнем Беларусі ад тыраніі і здабыццём доўгачаканай свабоды.