«Адбываецца мілітарызацыя грамадскай прасторы і сістэмы адукацыі», — гісторык Павал Церашковіч

Сістэма адукацыі ў Беларусі прывучае забіваць чалавека ў сябе. А мілітарызацыя грамадства ідзе побач з пранікненнем ідэалогіі «русского мира».

_szkola___adukacyja___ruiny___stanoviszcza___belarus___fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__9__logo.jpg


Гісторык, эксперт у галіне адукацыі Павал Церашковіч разважае, які вынік могуць мець чарговыя спробы ўладаў ідэалагічна напаўняць сістэму адукацыі; адзначае, што ўсё менш беларусаў едуць вучыцца ў Расію, і адказвае на пытанне Св*боды, якой павінна быць адукацыя ў будучай вольнай Беларусі.

— Беларускія школьнікі ў наступным навучальным годзе будуць здаваць мабільнікі, абавязкова насіць форму і слухаць гімн. Ці будзе мець поспех чарговая спроба дзяржавы ідэалагічнае напампоўваць школу? Такія спробы рабіліся ад сярэдзіны 90-х, фактычна адразу пасля прыходу Лукашэнкі да ўлады, але, як падаецца, малапаспяхова. Ці мо яны мелі нейкі вынік?

— Збольшага, вядома, не. Бо цяперашняя ідэалогія выглядае састарэлай і не адпавядае часу. Але з другога боку, на пэўны сегмент насельніцтва яна ўплывае і мае нейкі абмежаваны вынік.

— Цяперашняя новая хваля ідэалагізацыі, якая ідзе ад 2020 году, яна праходзіць «для галачкі», абы выканаць заданне зверху? Ці яны сапраўды спадзяюцца выхаваць нейкае новае пакаленне — паслухмянае, маўклівае і адданае ўладзе?

— Тое, што цяпер адбываецца, можна назваць словам «мілітарызацыя». Мілітарызацыя грамадскай прасторы і сістэмы адукацыі. Пачалося гэта ў 2020 годзе, яшчэ да жнівеньскіх пратэстаў, прызначэннем на галоўныя пасады сілавікоў. Адбываецца і мілітарызацыя ідэалагічная, якой раней у такіх маштабах не было. Адзіная форма, увядзенне вайсковай падрыхтоўкі ў школах сведчаць, што на мілітарызацыю зроблена асноўная стаўка. Сістэма адукацыі прывучае забіваць чалавека ў сябе.

— Дагэтуль, нягледзячы на ўсе хвалі наступу на правы вучняў і студэнтаў, у іх і іхных бацькоў быў выбар — аддаваць ці не сваё дзіця ў піянеры, ісці ў БРСМ. Думаеце, гэтага выбару ўлады могуць пазбавіць?

— Можна было не аддаваць сваё дзіця ў піянеры. Але калі адбываецца мілітарызацыя ўсёй сістэмы адукацыі, то адзінае выйсце — гэта нейкая альтэрнатыўная, недзяржаўная, адукацыя. Аднак яе магчымасці зараз мінімальныя і задаецца, будуць яшчэ зніжацца.

Можна ўспомніць савецкае дзяцінства, калі я збіраў-разбіраў аўтамат Калашнікава, удзельнічаў у «Зарніцы» — але ўсё гэта ўспрымалася як такая гульня, і не больш за тое. Але ў сённяшніх умоваў нават існаванне інтэрнэту і альтэрнатыўных сродкаў інфармацыі не гарантуе, што гэта напампоўванне ідэалогіяй не спрацуе ў нейкай ступені. Дастаткова паглядзець на Расію, дзе да нядаўняга часу каналаў камунікацыі было шмат, але тым не менш сёння большасць насельніцтва Расіі падтрымлівае вайну.

Не думаю, што ў расійскіх школах вучылі, што «вайна з Украінай — гэта добра». Тут ужо запрацавалі іншыя механізмы прапаганды...

— Вядома, там на ўроках не гаварылі пра вайну з Украінай, але агульная мілітарызацыя, культ «Перамогі», які ператварыўся ў карнавал вайны, глорыфікацыя вайны, ушанаванне гвалту, урэшце. Усё гэта прывяло да таго, што сёння большая частка расійскага грамадства падтрымлівае канкрэтную вайну Расіі з Украінай.

— Але мы маем прыклады, калі ў Беларусі з адной школы, з аднаго асяроддзя адны людзі прыходзяць у дэмакратычны, пратэставы рух, іншыя — ідуць у сілавікі. Усё ж на сёння галоўным чыннікам грамадскага станаўлення чалавека школы і ВНУ не з’яўляюцца, нягледзячы на ўсе спробы ідэалагізацыі.

— Не трэба недаацэньваць моц прапаганды. У той самай Расіі ненармальнае (вайна) было пераўтворана ў грамадскай думцы ў нешта нармальнае. Тое самае можа адбыцца і ў Беларусі. Бо гэтая мілітарызацыя ідзе побач з пранікненнем ідэалогіі «русского мира», увядзенне прадмету «геапалітыка» ў ВНУ з элементамі еўразійскай ідэалогіі. Усе гэта накіравана на тое, каб падрыхтаваць беларускае грамадства, каб нешта ненармальнае яно лічыла нармальным.

Татальная мабілізацыя, якая адбывалася ў нацысцкай Нямеччыне альбо сталінскім Савецкім Саюзе, сённяшнім кіроўным рэжымам ужо не патрэбна.

— Падчас умоўнай лібералізацыі Беларусь у 2015 годзе «авансам» уступіла ў Балонскі працэс — Еўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі. Ці адбыліся за гэты час нейкія пазітыўныя змены ў сістэме адукацыі?

— Балонскі працэс прынёс пэўныя пазітыўныя тэхналагічныя змены ў сістэму вышэйшай адукацыі. Архітэктура адукацыі стала больш падобная на тую, якая існуе ва ўсім свеце, — у нас з’явіўся бакалаўрэат, магістратура. Былі зроблены захады, каб існавала крэдытная сыстэма, падобная на еўрапейскую.

Але тое, што тычыцца каштоўнасных момантаў — акадэмічных свабодаў, самакіравання вышэйшых навучальных установаў — то тут нічога зроблена не было.

 

— І ёсць такі працэс, калі беларускія абітурыенты «галасуюць нагамі», то бок выбіраю навучанне ва ўніверсітэтах за мяжой.

— Так. Дарэчы, калі паглядзець статыстыку, то за апошнія 10 гадоў відавочна назіраецца тэндэнцыя, што колькасць беларусаў, якія навучаюцца ў расейскіх унівэрсытэтах, скарачаецца. І расце колькасць тых, хто вучыцца ва ўнівэрсытэтах Еўразвязу.

— Ці лічыце вы, што пасля палітычных зменаў гэтыя людзі вернуцца ў Беларусь і будуць працаваць на яе развіццё?

— Цалкам магчыма. Маем яркі прыклад прэзідэнткі Малдовы Маі Санду, якая скончыла Гарвардскі ўніверсітэт і з гэтым дылемам магла б зрабіць паспяховую кар’еру дзе заўгодна. Але вярнулася ў Малдову і стала прэзідэнтам краіны.

— Як павінна «ў ідэале» выглядаць сістэма адукацыі ў будучай дэмакратычнай Беларусі? Якія стратэгічныя шляхі яе рэфармавання, якія асноўныя кірункі?

— Самае галоўнае не тое, каб зрабіць нейкую ідэальную мадэль. Самае галоўнае — зразумець, якую ролю будзе выконваць адукацыя ў будучай Беларусі. Відавочна, што Беларусь не можа паспяхова існаваць эканамічна за кошт, напрыклад, прыродных рэсурсаў, якіх у нас не так шмат. І адзіны рэсурс развіцця — гэта ўкладанні і інвестыцыі ў інтэлект.

На сёння адукацыя і культура фінансуюцца па рэшткавым прынцыпе, які існаваў яшчэ ў Савецкім Саюзе. А трэба, каб адукацыя стаяла на першым месцы. Стаўку трэба рабіць на моцныя ўніверсітэты, якія сталі б лакаматывам развіцця эканомікі і грамадства. Такім чынам, трэба перш за ўсё пераасэнсаваць месца адукацыі ў сучасным грамадстве.