575-ты дзень вайны: Новы этап энергатэрору і прарыў абароны РФ
Зяленскі заявіў, што Украіна дэакупуе Бахмут «і яшчэ два гарады». «Я не скажу вам, якія гарады, прабачце. У нас ёсць план. Вельмі, вельмі падрабязны план», — сказаў украінскі прэзідэнт. А яшчэ Украіна і ЗША дамовіліся аб сумеснай вытворчасці зброі і абаронных сістэм.
Расія пачала новы этап энергатэрору
Прэм'ер-міністр Украіны Дзяніс Шмыгаль на рэгіянальным эканамічным форуме ў пятніцу, 22 верасня, заявіў, што краіна-агрэсар Расія пачала новы этап энергетычнага тэрору супраць Украіны, і ён працягваецца ўжо два тыдні.
Аднак Украіна будуе ахоўныя збудаванні вакол энергааб'ектаў.
«Мы разумеем, што этап энергетычнага тэрору ў гэты ацяпляльны сезон ужо пачаўся. Мы бачым гэта за знішчэннем інфраструктуры, вытворчасці, прапампоўкі, захоўвання паліва. Мы бачым гэта за першымі ўдарамі па рэгіянальных энергетычных падстанцыях у апошнія два тыдні», — сказаў ён.
Шмыгаль лічыць, што гэтыя атакі будуць працягвацца, але пабудавана абарона: і актыўная ў выглядзе супрацьпаветранай абароны (СПА), і пасіўная ў выглядзе спецыяльных канструкцый, яна працуе і працягвае ўзмацняцца.
«Мы значна больш падрыхтаваныя і мацнейшыя, чым былі летась. Таму перакананы, што разам пройдзем гэтую складаную зіму... Дакладна, што зіма будзе складаная, дакладна не лягчэйшая, але дакладна мы да яе гатовыя лепш, таму што мы разумеем, да чаго рыхтуецца вораг і якія пагрозы і выклікі перад намі ўсімі стаяць», — адзначыў прэм'ер.
З-за абстрэлаў ёсць новыя пашкоджанні сетак у прыфрантавых раёнах
Ва Украіне з-за баявых дзеянняў і па іншых прычынах без святла застаюцца 411 населеных пунктаў. Пра гэта паведаміла Укрэнерга ў пятніцу, 22 верасня.
«З-за абстрэлаў ёсць новыя пашкоджанні сетак у прыфрантавых раёнах Данецкай, Днепрапятроўскай, Харкаўскай, Херсонскай абласцей. Аднаўленне сілкавання адбываецца пры ўмове бяспекі і з дазволу вайскоўцаў», — гаворыцца ў паведамленні.
Разам з тым была адноўлена праца энергааб'екта, які атрымаў пашкоджанні падчас масіраванай ракетнай атакі 21 верасня.
Таксама ўчора раніцай зафіксавана кароткатэрміновае адключэнне высакавольтнай паветранай лініі на Днепрапятроўшчыне.
Сёння Украіна вядзе імпарт электраэнергіі са Славакіі.
Навіны вайны
Расіяне раніцай абстралялі жылыя кварталы Херсона — адзін чалавек загінуў, адзін паранены, паведаміў кіраўнік АВА Аляксандр Пракудзін. За мінулыя суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў у вобласці загінулі сем чалавек, яшчэ 12 атрымалі раненні.
Увечары 21 верасня расіяне ўдарылі двума ракетамі «Іскандэр» па жылым квартале ў Курахаве Данецкай вобласці, паранены 16 чалавек. Адна з ракет трапіла па двухпавярховым жылым доме, паведаміла пракуратура.
Украінскі Генштаб агучыў арыенціровачныя страты РФ паводле стану на раніцу 22 верасня: асабовага складу — каля 274 950 (+480) чалавек.
За мінулыя суткі на фронце адбылося 26 баявых сутыкненняў, паведаміў Генштаб Украіны ў ранішняй зводцы. На бахмуцкім кірунку УСУ адбілі атакі войска РФ у раёнах на паўночны ўсход ад Грыгораўкі, а таксама Андрэеўкі Данецкай вобласці. Адначасова УСУ працягваюць штурмы на поўдзень ад Бахмута.
На мар'інскім кірунку армія РФ беспаспяхова спрабавала наступаць у раёне Мар'інкі і Краснагораўкі Данецкай вобласці, на шахцёрскім — у раёне Нікольскага Данецкай вобласці, на запарожскім — у раёнах Малой Такмачкі і Рабоціна Запарожскай вобласці.
На аўдзееўскім і шахцёрскім кірунках сілы абароны Украіны працягваюць трымаць абарону на занятых рубяжах, а на мелітопальскім — наступаць.
У Краснадарскім краі РФ у месцах пазбаўлення волі зняволеных агітуюць падпісваць кантракт з Узброенымі сіламі Расіі ў абмен на датэрміновае вызваленне. Імі ваеннае камандаванне хоча ўкамплектаваць падраздзяленні Паветрана-дэсантных войскаў. Тэрмін дзеяння такога «кантракта» — да заканчэння вайны.
* * *
Расіяне стварылі ў Чорным моры буферную зону з грамадзянскіх суднаў ля Керчанскага праліва, каб схаваць за імі свае вайсковыя караблі, распавяла спікер Сіл абароны «Поўдня» Наталля Гумянюк. Акрамя таго, паводле яе слоў, РФ перадыслацыравала ў Наварасійск вялікія дэсантныя караблі. Туды курсіруюць катары Чарнаморскага флоту РФ і памежнай службы.
Амерыканскі інстытут вывучэння вайны (ISW) паведамляе, што ўкраінскія сілы ідуць наперад і ўжо прасунуліся за апошняй лініяй абароны РФ у Запарожскай вобласці. Паводле звестак аналітыкаў, украінская бронетэхніка прасунулася на поўдзень ад расійскіх супрацьтанкавых равоў і «зубоў дракона» і ўступіла ў бой на захад ад Вербавага. УСУ ўпершыню выкарыстоўваюць яе па-за трохслаёвай абаронай РФ.
На думку экспертаў ISW, гэта сведчыць, што УСУ забяспечылі прарыў першых дзвюх ліній расійскай абароны дастаткова, каб перакінуць сваю тэхніку наперад. Аднак яшчэ рана сцвярджаць, што апошняя лінія прарвана цалкам.
* * *
Карабель «Aroyat» пад сцягам Палау з 17,6 тысячы тон украінскай пшаніцы для Егіпта выйшаў з порта Чарнаморск. Гэта другі карабель, які скарыстаўся часовым калідорам для грамадзянскіх судоў для ўваходу ў порт Чарнаморск з мэтай экспарту аграпрадукцыі для краін Азіі. Экіпаж карабля — грамадзяне Егіпта, Турцыі, Азербайджана, Бельгіі і Албаніі.
Навіны замежных партнёраў Украіны
Зяленскі прыбыў з неанансаваным раней візітам у Канаду. Ён сустрэнецца з прэм'ерам Джасцінам Трудо ў Атаве, выступіць з прамовай у парламенце, а затым наведае Таронта, дзе сустрэнецца з канадскімі бізнес-лідарамі для ўзмацнення інвестыцый прыватнага сектара ў будучыню Украіны, паведаміў Офіс прэм'ер-міністра Канады.
Украіна і ЗША дамовіліся аб сумеснай вытворчасці зброі і абаронных сістэм, у прыватнасці, СПА. Ужо рыхтуецца прамысловая база для вытворчасці сістэм СПА і іншых неабходных рэчаў, паведаміў Зяленскі па выніках сустрэчы з Байдэнам.
«Гэта новы ўзровень нашага адзінства. Капрадукцыя ў «абаронцы» са Злучанымі Штатамі — гэта гістарычная рэч. Новая прамысловая база, новыя працоўныя месцы — для абодвух нашых народаў. Украіна зможа вырабляць, у прыватнасці, СПА. Рыхтуемся стварыць новую абаронную экасістэму разам са Злучанымі Штатамі, каб вырабляць зброю, каб разам яшчэ больш узмацніць свабоду і абарону жыцця. Гэта будзе мець глабальныя станоўчыя вынікі», — адзначыў украінскі прэзідэнт.
Таксама Зяленскі падзякаваў за новы абаронны пакет — «менавіта тое, што трэба нашым воінам прама цяпер». У сваю чаргу, Байдэн падкрэсліў, што ЗША застаюцца вернымі падтрымцы Кіева ў абароне ад расійскага ўварвання. Ён таксама пацвердзіў доўгатэрміновыя абавязацельствы ў частцы бяспекі Украіны з боку ЗША і дадаў, што Штаты пачалі працэс фармалізацыі гэтых доўгатэрміновых абавязацельстваў. Акрамя таго, Байдэн паведаміў, што першыя танкі «Abrams» паступяць ва Украіну ўжо на наступным тыдні.
Спікер Пентагона Патрык Райдэр паведаміў, што навучанне ўкраінцаў на знішчальніках F-16 ужо пачалося ў Даніі. «Што тычыцца навучання ў ЗША, мы чакаем, што ўкраінскія лётчыкі і абслугоўваючы персанал хутка прыбудуць у ЗША для правядзення папярэдняга навучання англійскай мове. А навучанне ўжо лётчыкаў пачнецца праз некалькі тыдняў пасля гэтага», — дадаў Райдэр.
ЗША абвясцілі аб новым пакеце дапамогі Украіне на 325 млн долараў.
У яго ўвойдуць:
- ракеты СПА AIM-9М;
- дадатковыя боепрыпасы да« HIMARS»;
- сістэмы СПА «Avenger»;
- кулямёты калібру 50 для процідзеяння беспілотнікам;
- 155-мм артылерыйскія снарады;
- артылерыйскія снарады калібру 105-мм;
- ракеты TOW;
- супрацьтанкавыя сістэмы «Javelin» і AT-4;
- больш за 3 млн патронаў да стралковай зброі;
- 59 лёгкіх тактычных аўтамабіляў і інш.