Кожны пяты рускі мабілізаваны не пражыў на фронце і двух месяцаў — даследаванне

У Расіі 21 верасня споўніўся год з пачатку «частковай мабілізацыі». Зрэшты, яна фармальна працягваецца ў краіне і дагэтуль. Колькі мабілізаваных у РФ не вернуцца жывымі дахаты?

Падбіты расійскі танк у Запарожскай вобласці, ліпень 2023 года

Падбіты расійскі танк у Запарожскай вобласці, ліпень 2023 года

Расійскія ўлады за цэлы год пасля пачатку мабілізацыі ні разу не давалі справаздачу аб колькасці мабілізаваных расійцаў, якія загінулі на вайне ва Украіне.

Зразумела, што за год мабілізацыі загінулі тысячы прызваных ваяваць расіян. Колькі ім удавалася заставацца ў жывых і дзе яны часцей за ўсё гінулі?

Паводле вынікаў сумеснага даследавання выдання «Важные истории» і Conflict Intelligence Team (CIT), расійскія прызыўнікі гінуць ва Украіне ў сярэднім праз чатыры з паловай месяцы, а кожны пяты не пражыў на фронце нават два месяцы.

Паводле гэтых звестак, за год пасля пачатку мабілізацыі на фронце загінула не менш за тры тысячы чалавек, якія атрымалі павесткі, і практычна ў кожным рэгіёне Расіі пахаваны хаця б адзін ваеннаабавязаны.

«Больш за палову мабілізаваных загінулі ва ўзросце ад 30 да 45 гадоў. Самы старэйшы загінулы мабілізаваны — 62-гадовы маёр Мікалай Ісакаў з Цвярской вобласці. Ён правёў на вайне амаль восем месяцаў і загінуў у пачатку чэрвеня на тэрыторыі Расіі ў Шабекінскім раёне Белгародскай вобласці», — адзначаюць аўтары даследавання.

Інфаграфіка «Важные истории»

Інфаграфіка «Важные истории»

Год таму ў Расіі была абвешчана «частковая мабілізацыя», падчас якой было прызвана каля 300 тысяч чалавек — прынамсі, калі верыць лічбам, якія прагучалі з вуснаў Пуціна. Шмат хто з прызваных і цяпер застаецца на вайне  прычым без абяцаных кіраўніком Расіі адпачынкаў. А шмат хто жывым дахаты і не вернецца. 

15 верасня 2023 года старшыня камітэта Дзярждумы РФ па абароне, былы генерал Андрэй Картаполаў паўтарыў, што мабілізаваныя абавязаны служыць увесь час «спецаперацыі» (так Расія называе вайну супраць Украіны). Ён таксама адзначыў, што ратацыя асабовага складу з зоны аперацыі падчас службы немагчымая.

Інфаграфіка «Важные истории»

Інфаграфіка «Важные истории»

Украінская выведка сцвярджае, што Крэмль працягвае «прыхаваную мабілізацыю», у 2023 годзе для папаўнення страт і стварэння новых злучэнняў было прызвана ўжо ад 90 да 100 тысяч расіян. Аднак «шырокамаштабнай» мабілізацыі ў РФ можа і не быць.

 Паводле www.radiosvoboda.orgstorage.googleapis.com