Як у Чылі судзяць памагатых дыктатара Піначэта

Дыктатура Аўгуста Піначэта скончылася больш за 30 гадоў таму, але ў Чылі дагэтуль ідуць суды па справах, звязаных з забойствамі, выкраданнямі і катаваннямі, здзейсненымі падчас кіравання вайскоўцаў.

Ілюстрацыйная выява: Midjourney

Ілюстрацыйная выява: Midjourney

Чылійскі музыка Віктар Хара стаў адной з першых ахвяр дыктатуры Аўгуста Піначэта: яго выкралі, жорстка катавалі і забілі ў верасні 1973 года. Праз 50 гадоў яго забойцам — высокапастаўленым вайсковым войска Чылі — вынеслі прысуд. Усім асуджаным цяпер больш за семдзесят гадоў, але яны дажылі да суду і будуць адбываць пакаранне. За тыя няпоўныя 20 гадоў, што Піначэт быў ва ўладзе, вайскоўцы і паліцыянты забілі больш за тры тысячы чалавек, тысячы людзей прайшлі праз катаванні і турмы. Цяпер у краіне расследуюць злачынствы дыктатуры, але многія архівы вайскоўцы не рассакрэцілі дагэтуль, піша «Настоящее время».

Правасуддзе для афіцэраў Піначэта

16 верасня 1973 года на пустцы паміж сцяной гарадскіх могілак і чыгункай на паўднёвай ускраіне Сант'яга-дэ-Чылі дзве жанчыны знайшлі чатыры целы, якія ляжаць тварамі ўніз ў некалькіх метрах адно ад аднаго. Адну з жанчын звалі Маргарыта Рыкельме. Камуністычная партыя Чылі, сяброўкай якой яна была, адправіла Рыкельме паглядзець, ці праўда, што вайскоўцы выкідаюць у розных частках горада целы забітых. З моманту ваеннага перавароту Аўгуста Піначэта прайшло пяць дзён. «Яны перавярнулі целы і выцерлі іх твары вільготнай ад ранішняй расы травой. Пазнаўшы ў адным з забітых Віктара Хару, Маргарыта Рыкельме расплакалася», — піша іспанскі журналіст і гісторык Марыё Аморас у апублікаванай у 2023 годзе кнізе «Жыццё — вечнае», падрабязнай біяграфіі аднаго з самых вядомых у свеце чылійскіх музыкаў — Віктара Хары. Неўзабаве на пустку прыехала чырвоная машына без нумароў. Пяць чалавек у цывільным адзенні хутка пагрузілі ў яе целы і з'ехалі.


Глядзіце таксама

Праз два дні з жонкай Хары, англійскай танцоркай Джаан Тэрнер, звязаўся малады чалавек, які працаваў у адным з моргаў Сант'яга. З рызыкай для ўласнага жыцця ён паведаміў удаве, дзе знаходзіцца цела яе мужа і што яго ў любы момант могуць павезці і пахаваць у агульнай магіле. «Мы зайшлі з ім праз бакавыя дзверы, і я ўбачыла морг Сант'яга-дэ-Чылі, поўны мёртвых рабочых, чылійскіх студэнтаў, маладых і старых. Сярод целаў я знайшла Віктара, моцна збітага і скрываўленага, напаўголага і зрашэчанага кулямі», — згадвала Джаан Тэрнер у адным з інтэрв'ю. Пазней следства ўстановіць, што ў Віктара Хару стралялі 44 разы, яго косткі былі зламаныя ў 56 месцах. Джаан Тэрнер пахавала мужа ў той жа дзень, а праз месяц разам з дочкамі паляцела ў Лондан і з тых часоў роўна паўстагоддзя дамагалася таго, каб забойцы яе мужа былі знойдзеныя і пакараныя.

У 2023 годзе Джаан Тэрнер дэ Хара споўнілася 96 гадоў. 28 жніўня 2023-га адбылося тое, чаго яна і яе дачкі чакалі дзесяцігоддзямі. Вярхоўны суд Чылі зацвердзіў абвінаваўчы прысуд семярым вайскоўцам у адстаўцы. Шасцёра з іх атрымалі па 25 гадоў турмы за выкраданне і забойства спевака Віктара Хары. Сёмы — 8 гадоў за ўтойванне звестак пра выкраданне і забойства. Асуджаным ад 73 да 86 гадоў. У гады дыктатуры Піначэта, якая доўжылася з 1973 года па 1991-шы, яны даслужыліся ў чылійскай арміі да высокіх чыноў, ад падпалкоўніка да брыгаднага генерала, і з пашанай выйшлі на пенсію. Адразу пасля абвяшчэння прысуду двое забойцаў Віктара Хары пусціліся на ўцёкі. Цяпер яны знаходзяцца ў вышуку. Яшчэ адзін — 86-гадовы брыгадны генерал у адстаўцы Эрнан Карлас Чакон Сота — здзейсніў самагубства, калі ў яго дом прыбылі паліцэйскія. Ён пайшоў па лекі ў спальню, дзе застрэліўся.

Восьмы фігурант справы чакае экстрадыцыі з ЗША. Адстаўны ваенны Пэдра Бар'ентас з 1990-х гадоў жыве ў Фларыдзе. У 2016 годзе Джаан Тэрнер падала супраць яго грамадзянскі пазоў. Амерыканскі суд прызнаў імігранта вінаватым у катаваннях і забойстве Віктара Хары. У ліпені 2023 года стала вядома, што Бар'ентаса пазбавілі грамадзянства ЗША, а гэта значыць, што цяпер яго могуць экстрадаваць на радзіму па запыце Чылі.

Як загінуў Віктар Хара

Апошні раз Джаан Хара бачыла мужа жывым раніцай 11 верасня 1973 года, у дзень ваеннага перавароту Аўгуста Піначэта. Яна адвяла дачок у школу, вярнулася дадому. Віктар слухаў радыё «Магальянес», якое перадавала апошні зварот да народа абранага прэзідэнта Сальвадора Альендэ, зрынутага вайскоўцамі. Ён заявіў, што не збіраецца здавацца, і заклікаў прыхільнікаў заняць свае працоўныя месцы. Ні Віктар, ні Джаан яшчэ не ўсведамлялі ўсёй сур'ёзнасці таго, што адбываецца. Хара развітаўся з жонкай і адправіўся на працу — у дзяржаўны тэхнічны універсітэт (UTE). «Без верхняй вопраткі і з гітарай у руцэ ён сеў у свой "Renault 4" і з'ехаў», — піша гісторык Марыё Аморас у сваёй кнізе. Увечары таго ж дня Хара патэлефанаваў Джаан і сказаў, што праз каменданцкую гадзіну не можа вярнуцца дадому і паспрабуе зрабіць гэта на наступны дзень.

Дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт, у якім знаходзілася каля тысячы чалавек, выкладчыкі і студэнты, ужо быў акружаны вайскоўцамі. Ноччу Віктар Хара спяваў пад гітару свае самыя вядомыя песні ў кавярні «Школы мастацтваў і рамёстваў». Раніцай вайскоўцы пайшлі на штурм універсітэта. Жанчын яны аддзялілі і адвялі ў аўдыторыі, а мужчын паклалі на падлогу тварамі ўніз, загадалі трымаць рукі на патыліцы. Каля трэцяй гадзіне дня да ўніверсітэта пад'ехалі аўтобусы. Затрыманых павезлі ў крыты «Стадыён Чылі», які знаходзіцца паблізу, дзе за чатыры гады да гэтага на «Фестывалі чылійскай песні» Віктар Хара стаў пераможцам. У аўтобусах з вязнямі, якія стаялі на падлозе на каленях і трымалі рукі на патыліцах, ехалі салдаты тэрміновай службы. На ўваходзе на стадыён у арыштаваных адбіралі асабістыя рэчы: дакументы, гадзіннікі, грошы, гальштукі, шнуркі, рамяні і пярсцёнкі — і складвалі ў скрынкі з-пад яблыкаў.


Глядзіце таксама

«А гэтага сукіна сына сюды вядзіце!» — закрычаў адзін з афіцэраў, які пазнаў Віктара Хару. Пра гэта згадваў як на судзе, так і ў шматлікіх інтэрв'ю адвакат Барыс Навіа, які быў на той момант сярод арыштаваных. Хара, спявак, рэжысёр і актывіст Камуністычнай партыі, быў знакаміты як у Чылі, так і па-за межамі краіны, у тым ліку і ў СССР. Яго песні былі своеасаблівым саўндтрэкам да перадвыбарчай кампаніі Сальвадора Альендэ і да трох гадоў яго кіравання.

«Ён біў яго зноў і зноў. Па целе, па твары, з жорсткасцю наносячы ўдары нагамі. Ён ледзь не выбіў яму вочы. Ніколі не забуду, як храбусцелі косткі пад яго чаравікамі. Віктар усміхаўся. Ён заўсёды ўсміхаўся. І гэта яшчэ больш выводзіла вайскоўца з сябе. Раптам афіцэр выхапіў пісталет. Я думаў, што ён яго застрэліць, але ён працягнуў збіваць Віктара дзяржальнам», — расказваў Навіа. Вязням не давалі ні вады, ні ежы. На стадыёне ўжо знаходзілася больш за пяць тысяч чалавек. Як гаворыцца ў прысудзе Вярхоўнага суда, галоўнай прычынай, па якой вайскоўцы выбралі Хару сваёй ахвярай, былі яго творчасць і палітычная актыўнасць, звязаныя з толькі што згорнутым урадам. «Самыя моцныя ўдары наносіліся па твары і па руках», — расказвалі відавочцы. Паводле слоў сведак, каты спевака крычалі, што ён больш ніколі не зможа выконваць свае «марксісцкія песні».

З кароткімі перадышкамі Хару збівалі на вачах іншых вязняў да 14 верасня, а потым адвялі ў адну з грымёрных, дзе катаванні працягнуліся. Ноччу 15 верасня частку вязняў пачалі перавозіць на іншы стадыён. «На выхадзе з фае мы ўбачылі перад сабой дантаўскую карціну: зваленыя адно на аднаго 30 або 40 целаў, два з якіх былі да нас крыху бліжэй за іншых. Усе зрашэчаныя кулямі і пакрытыя белым пылам. Побач стаялі мяшкі з вапнай для рамонту. У адным з забітых я пазнаў Віктара», — распавядаў адвакат Навіа. Віктару Хары было 40 гадоў. Праз шмат гадоў катаў і забойцаў спевака ўдалося знайсці з дапамогай паказанняў іншых вязняў і салдатаў тэрміновай службы, якія былі на стадыёне. Ніхто з асуджаных не прызнаў віну.

Ірландскі гурт «U2» згадвае Віктара Хару ў сваёй песні «One Tree Hill» з альбома «Joshua Tree». У каментарах да альбома саліст гурта Бона расказваў, што чытаў кнігу ўдавы Хары Джаан Тэрнер, у якой яна напісала пра смерць мужа і пошукі яго забойцаў.

«Пошукі праўды і правасуддзя»: як у Чылі расследуюць злачынствы дыктатуры

Аўгуста Піначэт кіраваў Чылі з 1973 па 1991 год. Паводле даных «Нацыянальнага інстытута па правах чалавека», за гэтыя гады 3065 чалавек былі забітыя, 1469 чалавек былі выкрадзеныя. «Астанкі толькі 307 ахвяр знайшлі і ідэнтыфікавалі. Часам гаворка ідзе пра выяўленыя сцегнавыя косткі, пра адзін зуб або пра костку пальца», — расказала ў інтэрв'ю «Настоящему времени» Эрыка Хенінгс Сепеда, праваабаронца, дырэктарка Музея ахвяр ваеннай дыктатуры Londres 38 (Лондан 38). Астанкі яе выкрадзенага ў 1974 годзе мужа Альфонса Шанфро так ніколі і не былі знойдзеныя. Эрыка Хенінгс, як і Джаан Тэрнер, большую частку жыцця змагалася за тое, каб знайсці і пасадзіць забойцаў мужа.


Глядзіце таксама

У 1974 годзе Альфонса Шанфро было 23 гады. Ён вучыўся на філасофскім факультэце і разам з Эрыкай знаходзіўся ў «Рэвалюцыйным левым руху» (MIR). Ён з'явіўся ў Чылі ў 1965 годзе, натхняўся кубінскім досведам і змагаўся за гвалтоўнае звяржэнне капіталізму. Пры рабаванні супермаркетаў і крам актывісты MIR забілі траіх паліцэйскіх. Пасля прыходу да ўлады прэзідэнта Сальвадора Альендэ, падтрыманага кааліцыяй левых партый, MIR паступова адмаўляўся ад узброенай барацьбы і стаў масавым, папулярным сярод моладзі рухам. У ім было каля дзесяці тысяч чалавек, у тым ліку студэнты Альфонса Шанфро і Эрыка Хенінгс. Пасля звяржэння Сальвадора Альендэ актывісты MIR вырашылі сысці ў падполле і працягваць барацьбу, а агенты сакрэтнай паліцыі Піначэта — «Дырэкцыі нацыянальнай разведкі» (DINA) — адкрылі на іх паляванне.

Альфонса Шанфро павезлі з дому ноччу 30 ліпеня 1974 года. Эрыцы далі суткі, каб аддаць сваякам іх маленькую дачку Наталлю, пасля чаго затрымалі і яе. Мужа і жонку катавалі ў аддзяленні DINA, у доме 38 на вуліцы Лондан у цэнтры Сант'яга-дэ-Чылі. У ім цяпер і знаходзіцца Музей ахвяр дыктатуры, якім кіруе Эрыка Хенінгс. Альфонса жорстка катавалі два тыдні, часта на вачах у жонкі. 13 жніўня 1974 года яна бачыла мужа апошні раз. Потым яе выпусцілі і разам з дачкой гвалтоўна выслалі ў Францыю.

У 2015 годзе Вярхоўны суд Чылі па справе Шанфро прысудзіў да дзесяці гадоў турмы пецярых экс-агентаў DINA, у тым ліку аднаго з самых вядомых злачынцаў дыктатуры — Мігеля Краснова, вядомага як «Рускі» і «Казак Піначэта». Яго бацька, данскі казак Сямён Красноў, удзельнічаў у грамадзянскай вайне ў Расіі, пазней удзельнічаў у Другой сусветнай вайне на баку Гітлера. Быў выдадзены СССР і павешаны ў 1947 годзе ў Маскве. Яго ўдаве з сынам удалося ўцячы ў Чылі.

У 1970-я Мігель Красноў быў адным з шэфаў у падпольным катавальным цэнтры па адрасе Лондан, 38. У арміі Красноў даслужыўся да брыгаднага генерала. Яго судзяць з 2001 года, турэмны тэрмін «Казака Піначэта» за выкраданні, катаванні і забойствы пераваліў за тысячу гадоў. 9 верасня 2023 года Вярхоўны суд дадаў да іх яшчэ дзесяць гадоў.

Злачынствы ваеннай дыктатуры расследуюцца ў Чылі надзвычай павольна, адзначае праваабаронца Эрыка Хенінгс. Зараз у судах першай інстанцыі знаходзіцца каля тысячы спраў. З паўтары тысячы былых вайскоўцаў і паліцэйскіх, якія падазраюцца ў злачынствах супраць чалавечнасці ў перыяд з 1973 па 1990 год, толькі 277 адбываюць пакаранне. У чылійскім грамадстве дагэтуль няма адназначнага асуджэння Аўгуста Піначэта і яго дыктатуры. Дэпутаты нацыянальнага парламента так і не змаглі ўзгадніць адзіную заяву да 50-годдзя звяржэння прэзідэнта Сальвадора Альендэ і ў падтрымку дэмакратыі. Правая апазіцыя наадрэз адмовілася ставіць подпісы на любым дакуменце аўтарства левых дэпутатаў.

Напярэдадні гадавіны перавароту прэзідэнт Чылі Габрыэль Борыч, які абраны ад левай кааліцыі і паслядоўна асуджае дыктатуру Піначэта, абвясціў пра стварэнне «Нацыянальнага плана па пошуку праўды і правасуддзя», які павінен актывізаваць расследаванне спраў зніклых без вестак. Эрыка Хенінгс кажа, што паважае прэзідэнцкую ініцыятыву, але пакуль ставіцца да яе скептычна. Перш за ўсё яна чакае, што ўлада прымусіць Узброеныя сілы нарэшце рассакрэціць архівы, што моцна дапаможа расследаванням — у тым ліку пра апошнія дні яе мужа. Праваабаронца працягвае змагацца за тое, каб усе вінаватыя ў яго смерці былі пакараныя. Цяпер на зацвярджэнні ў Вярхоўным судзе знаходзіцца прысуд у дачыненні да яшчэ двух экс-агентаў DINA, якія маюць дачыненне да смерці Альфонса Шанфро.