Катаваць, каб кіраваць. Дыктатура і катаванні заўсёды поруч
Палітолагі пішуць, што найбольш небяспечная сітуацыя ў тых краінах, дзе дыктатарам з’яўляецца асоба, што раней ужывала гвалт.
Напрыклад, гвалт стаў звычкай для Садама Хусейна яшчэ да прыходу да ўлады.
Для таго, каб глабальна пачаць ужываць палітычны гвалт, шмат часу для раскачкі не трэба. У прыватнасці, пасля перавароту ў Чылі катаванні ў дачыненні да прыхільнікаў Альендэ пачаліся ледзь не адразу — і набылі фармат сярэднявечных пакаранняў. Група балівійскіх навукоўцаў, якая цудам выратавалася ад путчыстаў, казала, што бачыла ў памяшканнях сталічнага стадыёна (цэнтра, дзе ўтрымліваліся праціўнікі дыктатуры) абезгалоўленыя чалавечыя целы, трупы з прабітымі жыватамі, жанчын з адрэзанымі грудзьмі…
Па ходзе фарміравання дыктатарскага рэжыму ахвярамі катаванняў часта становяцца спецыфічныя групы насельніцтва, якія патэнцыйна могуць чыніць супраціў. Відавочна, што ў такім выпадку для рэжыму важна псіхалагічна зламаць гэтую катэгорыю, прымусіць яе прадстаўнікоў адмовіцца ад актыўнай дзейнасці ў будучыні. Такая задача, падаецца, была пастаўленая перад аргенцінскімі жаўнерамі, якія пасля перавароту ў 1974 годзе арганізавалі сапраўднае сафары на моладзь. Ваенныя лічылі, што моладзь у Аргенціне «палітычна страчаная» з-за яе левых поглядаў. Усяго за восем гадоў існавання ваеннай хунты кожны дзень «знікалі» ў сярэднім дзесяць чалавек. Пры гэтым 42 працэнты «зніклых» былі ва ўзросце ад 16 да 25 гадоў.
Пасля арыштаў падлеткаў або маладых людзей, як правіла, дастаўлялі ў турмы, дзе патрабавалі назваць імёны саўдзельнікаў і расказаць, хто быў кіраўніком іх групы. Пры гэтым ніякіх груп у рэальнасці нават не існавала. Многія распавядалі, што падчас катаванняў іх аблівалі вадой і білі токам, у тым ліку ў дзёсны і палавыя органы. Паводле ўспамінаў, у камеры час ад часу прыходзіў палкавы капелан, які тлумачыў вязням, што іх расстраляюць гэтай ноччу. І вязняў сапраўды ўначы выводзілі на імітацыю расстрэлу.
Часам катаванні выкарыстоўваюцца не адрасна, а проста супраць усіх, хто мае праблемы з законам. Так, шматлікія сірыйскія экс-зняволеныя апісваюць, што па прыбыцці ў мясцовыя «акрэсціна» ім арганізавалі «вечарыну вітання» — рытуал, які прадугледжваў жорсткае збіццё, часта з выкарыстаннем сіліконавых альбо металічных стрыжняў.
Нарэшце, некаторыя катаванні ў дыктатарскіх краінах настолькі незвычайныя і арыгінальныя, што міжволі ўзнікае думка пра ментальныя дэвіяцыі мясцовых сілавікоў, якія катуюць, каб проста катаваць. Уцекачы з той жа КНДР распавялі пра незвычайнае «галубінае катаванне». Праводзіцца яно так: чалавеку звязваюць рукі і прыкоўваюць іх да перакладзіны так, каб няшчасны не мог ні сесці, ні ўстаць. Дзень знаходжання ў падобнай позе прыводзіць да таго, што грудзі чалавека выгінаюцца і становяцца падобнымі да птушыных.
Яшчэ адна пакута, пра якую распавядаюць паўночныя карэйцы, — калі на вязня накідваюць коўдру і прымушаюць прысядаць 500 разоў. Былы ахоўнік паўночнакарэйскага лагеру Ан Мёнчхоль у сваіх артыкулах для службы навін Daily NK паведамляў, што для таго, каб выбіць з жанчын-вязняў паказанні, ім пускалі ў похву змей. Таксама варта ўзгадаць, што ў КНДР, калі верыць некаторым крыніцам, катаванні вельмі часта з’яўляюцца публічнымі, каб відавочна напужаць звычайных людзей, далёкіх ад палітыкі.
А вось у суседняй КНР вырашылі нічога не прыдумляць. Замест гэтага тут пастанавілі адрадзіць некаторыя сярэднявечныя практыкі катаванняў. Напрыклад, нашэнне драўлянага хамута. Хамут уяўляе сабою маленькую дошку даўжынёю ад 30 да 50 сантыметраў і шырынёю 10–15 сантыметраў. Усярэдзіне хамута зробленыя адтуліны для ног. Ахвяра, на якую надзеты хамут, з цяжкасцю перамяшчаецца. Яна не можа нармальна ні хадзіць, ні стаяць. Без старонняй дапамогі чалавек з хамутом не здольны нават схадзіць у прыбіральню.
З іншага боку, адсутнасць фізічных катаванняў таксама можа быць катаваннем — пры адпаведным унутраным парадку ў турэмнай установы. Шмат экс-вязняў туркменскіх зонаў для дысідэнтаў распавядаюць пра камбінацыю ў мясцовых турмаў дрэнных умоваў: перанаселенасць, недахоп харчавання і медыцынскай дапамогі з недастатковай колькасцю санітарна-гігіенічных устаноў. У выніку людзі ад адсутнасці ежы і моцнай ізаляцыі (усяго сем хвілінаў шпацыру на тыдзень) вельмі хутка гублялі годнасць і паступова адмаўляліся ад сваіх поглядаў.
Нарэшце, палітолагі пішуць, што найбольш небяспечная сітуацыя ў плане катаванняў у тых краінах, дзе дыктатарам з’яўляецца асоба, што раней ужывала гвалт. Гвалт стаў звычкай для Садама Хусейна яшчэ да прыходу да ўлады, калі ён служыў у ролі аператыўніка службы бяспекі і бязлітасна разбіраўся з мясцовымі «адмарозкамі». Прыхільнасць да катаванняў толькі ўзмацнілася, калі ён стаў дыктатарам. Таму Іраку за часамі Хусейна адбываліся жудасныя рэчы. У Багдадзе была так званая «трунавая турма», дзе зняволеных утрымлівалі ў металічных кантэйнерах. 100–150 такіх кантэйнераў адкрывалі на паўгадзіны ў дзень, каб упусціць у іх крыху святла і паветра. У гэтых кантэйнерах вязні павінны былі знаходзіцца да таго часу, пакуль не прызнаюцца ў сваіх злачынствах. Тыя, хто не прызнаваўся, паміралі.
Дарэчы, амерыканцы, якія вызвалілі Ірак ад Хусейна, пазней пазычылі ў зрынутай ім дыктатуры метады пакаранняў. Напрыклад, практыка прыпальваць палавыя органы цыгарэтай падчас допытаў была вельмі папулярная сярод амерыканскіх турэмшчыкаў. Напэўна, гэта дазваляе казаць, што аматары катаванняў ёсць паўсюль. Але таксама ёсць і іншы відавочны факт: калі дзяржава робіць гвалт законным інструментам або часткай лакальнай сістэмы пакаранняў, узровень жорсткасці да ўласных грамадзян рэзка ўзрастае.