Хронікі рэпрэсій. Пяць гадоў за ахвяраванні, 15 сутак журналісту

З дапамогай інформацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 21 верасня.

_belarus_2022_drot_turma_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas_logo.jpg_1_logo_1.webp

Мінскі гарадскі суд асудзіў да пяці гадоў калоніі за «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці» паводле арт. 361-2 КК 45-гадовага індывідуальнага прадпрымальніка палітвязня Паўла Харытонава. Такі прысуд вынесла Жана Брысіна яшчэ 23 студзеня, але пра вынік суда праваабаронцам стала вядома толькі цяпер.

Ахвяраванне на дапамогу, меркавана, пацярпелым ад рэпрэсій, было зроблена яшчэ ў 2021 годзе, калі ініцыятава не была яшчэ прызнаная «экстрэмісцкім фармаваннем». Па справе адбылося ўсяго восем пасяджэнняў, яе разглядалі два месяцы — з лістапада па студзень.

«Усе сукамернікі, у тым ліку палітзняволены адвакат Аляксандр Данілевіч, казалі Паўлу, што яго абвінавачанні разваляцца і ён пойдзе дадому. Таму што тая арганізацыя, у якую ён зрабіў данат, не была прызнаная «экстрэмісцкім фармаваннем» на момант пералічэння», — распавядае былы сукамернік Паўла.

Брэсцкі абласны суд 26 верасня абвесціць прысуд псіхалагіні-кансультанцы і выкладчыцы псіхалогіі Алесі Лянцэвіч, абвінавачанай у абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК), абразе Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368) і фінансаванні дзейнасці экстрэмісцкага фармавання (арт. 361-2). Справу разглядае суддзя Руслана Сянько, дзяржабвінаваўца — Марыя Бялт.

Дзяржабвінаваўца запрасіла для Алесі Лянцэвіч чатыры гады калоніі.

Псіхалагіню абвінавацілі ў тым, што ў 2020 годзе яна зрабіла некалькі данатаў у «BySOL» і «ByHelp». Агульная сума данатаў склала каля 97$ (на той момант амаль 250 рублёў).

Таксама жанчыну абвінавацілі ў тым, што яна публічна абразіла Мікалая Карпянкова («яшчэ адзін псіхапат») і Аляксандра Лукашэнку («фашыст», «тэрарыст», «псіхапат»).


Глядзіце таксама

Былога палітвязня журналіста Сяргея Гардзіевіча арыштавалі на 15 сутак.

Нагадаем, яго затрымалі 14 верасня на мяжы, калі Гардзіевіч вяртаўся з Польшчы ў Беларусь.

Паводле папярэдніх звестак, у былога журналіста сайта «Першы рэгіён» на мяжы вырашылі праверыць мабільны тэлефон, а пасля ён быў затрыманы і змешчаны ў ізялятар часовага ўтрымання ў Брэсце.

Пракуратура Гродзенскай вобласці накіравала ў суд крымінальную справу па абвінавачанні 30-гадовай жыхаркі Ваўкавыска ва «ўчыненні злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці». Гаворка ідзе пра палітзняволеную Аляксандру Каско, якую затрымалі пасля вяртання з Польшчы.

Жанчыне інкрымінаваны шэраг артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 130 («Распальванне іншай сацыяльнай варожасці»), ч. 3 арт. 203-1 («Незаконныя дзеянні ў дачыненні да персанальных звестак»), ч.ч. 1, 2 арт. 361-1 («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім»), ч.ч. 1, 2 арт. 361-4 («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»), ч. 2 арт. 367 (паклёп на Лукашэнку), ч. ч.1, 2 арт. 368 (абраза Лукашэнкі), арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады), арт. 391 (абраза суддзі).

Сталі вядомы падрабязнасці справы праграміста Максіма Мнацаканава, якога пачалі судзіць 20 верасня 2023 года ў Мінскім гарадскім судзе. Судовы працэс вядзе Дзіна Кучук.

Мужчыну абвінавачваюць адразу паводле дзесяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу: арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады»), ч. 1 арт. 130 («Распальванне варожасці ці варажнечы»), ч. 2 арт. 366 («Гвалт або пагроза ў дачыненні да службовай асобы»), ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»), ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі), арт. 389 («Стварэнне ўмоваў для здзяйснення пагрозы ў дачыненні да суддзі»), ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»), арт. 391 (абраза суддзі), арт. 364 («Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў адносінах да супрацоўніка ўнутраных спраў»), ч. 3 арт. 361 («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім»).

Вядома, што ў віну яму ставяць 5-10 каментароў, якія ён пісаў цягам 2020-2021 гадоў, — у тым ліку, у бок суддзі Аляксандра Воўка, які вядомы прысудамі па палітычных справах.

Максім Мнацаканаў — праграміст. Адразу пасля затрымання ў снежні 2022 года яго ўтрымлівалі ў ІЧУ Мінскага раёна і жодзінскай турме. Яго ўнеслі ў спіс асобаў, якія «маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці». Вядома, што ён мусіць выплочваць крэдыт за кватэру, мае 10-гадовага сына.


Глядзіце таксама

4 кастрычніка ў Мінскім абласным судзе будзе разглядацца справа Паўла Кучынскага. Працэс прызначаны весці суддзя Аляксандр Рыбакоў. Паўлу інкрымінавана 7 крымінальных артыкулаў — сярод іх «здрада дзяржаве», «акт тэрарызму», «стварэнне арганізацыі для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці або ўдзел у ёй».

Арганізацыя сілавікоў Беларусі BYPOL у мінулым верасні пісала, што Павел Кучынскі быў затрыманы ў сувязі з верагодным дачыненнем да справы «інкасатараў» — «спецслужбы пад катаваннямі прымусілі яго ўдзельнічаць у правакацыі, у рамках якой апошні выйшаў на сувязь з прадстаўнікамі BYPOL і прапанаваў здзейсніць акцыі прамога дзеяння. Усе перамовы і перапіска фіксаваліся».

Палітвязня Дзмітрыя Сушчыка, якога перазатрымалі па заканчэнні тэрміну, асудзілі па новай крымінальнай справе. Рашэнне прыняў суд Ленінскага раёна Гродна, Дзмітрыя абвінавацілі паводле арт. 411 КК («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі турмы»).

Суддзя Наталля Козел прызнала яго вінаватым і прызначыла ў дадатак да паўтара года зняволення яшчэ адзін год і 15 дзён калоніі.

Пры гэтым Дзмітрый павінен быў у жніўні выйсці на волю, цалкам адбыўшы тэрмін, але быў перазатрыманы па новай справе і змешчаны пад варту. 

Апеляцыйную скаргу палітвязня, журналіста і аператара Паўла Падабеда разгледзяць 22 верасня ў Вярхоўным судзе. Рашэнне будзе прымаць судовая калегія пад старшынствам суддзі Юрыя Руткоўскага.

У Мінску ў чэрвені Паўла асудзілі да 4 гадоў калоніі. Яму інкрымінавалі «стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім» паводле ч. 3 арт. 364-1 КК. Справу разглядаў суддзя Яўген Пісарэвіч.

Падабеда абвінавацілі ў супрацы з тэлеканалам «Белсат», а таксама ў падрыхтоўцы сюжэтаў для раследвальніцкіх праграм — у прыватнасці, пра знікненне відэааператара Дзмітрыя Завадскага і забойства журналіста Паўла Шарамета.


Глядзіце таксама

Беларуса затрымалі за допіс у чат-бот ГУБАЗіКа «Пошли вы гулять подальше. Живе Беларусь». Складу злачынства ў такім допісе відавочна няма, у чым вінавацяць мужчыну, невядома.

Сілавікі затрымалі дальнабойніка за пагрозы супрацоўніку мытні ў Viber. Яго абвінавачваюць у тым, што ён пісаў паведамленні з абразамі і пагрозамі супрацоўніку з-за таго, што яго аштрафавалі за парушэнне мытнага заканадаўства. Затрымлівалі кіроўцу са зброяй, даставалі наўпрост з кабіны грузавіка.

У Беларусі новае «экстрэмісцкае фармаванне» — тэлеграм-канал і чат «Честный Гродно». Адпаведнае рашэнне прынятае МУС 20 верасня. У рашэнні ведамства пазначана імя чалавека, які нібыта мае дачыненні да арганізацыі — Андрэй Шоцік.

Чарговае папаўненне спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў. У яго трапілі тэлеграм-каналы «Дмитрий Болкунец», «Гомель за Никиту Золоторёва», «Менская хандра», «SMOLPORTAL LIVE», інстаграм-старонка «volny.belarus», «borby_org», ютуб-канал «Мирный БГУИР», відэазапіс «Жыве Беларусь | - Жодинские офицеры с обращением к сотрудникам ГОВД и др.правоохранительных органов», Цік-Ток-старонкі «Кастусь Калiноўскi», «беларуский партизан».