«Страх і за сябе, і за сваякоў». Чаму беларусы баяцца прызнання палітвязнямі

Праваабаронцы дадалі адразу 150 чалавек у спіс былых палітвязняў. Паводле аднаго з іх, станавіцца палітвязнем за кратамі небяспечна. Пасля вызвалення ж і ад’езду з краіны гэты статус можа значна спрасціць жыццё, піша «Свабода».

cihi_pratest____fota_novy_czas__img_0390_logo.jpg_logo.webp

Быў пабіты, атрымаў «хатнюю хімію», уцёк з краіны

Дзянісу Князеву 36 гадоў. У Менску працаваў інжынэрам у прыватнай фірме. Кажа, што ён «звычайны чалавек», не апазыцыянэр. Мужчыну затрымлівалі некалькі разоў у адміністрацыйных справах «за палітыку», давалі «суткі» і штрафы.

У верасьні 2022 году на яго завялі крымінальную справу за некалькі фатаздымкаў з маршаў пратэсту. Дзяніса жорстка затрымаў ГУБАЗіК, яго пабілі. Чатыры месяцы мужчына правёў на «Валадарцы». Урэшце яго асудзілі на тры гады «хатняй хіміі». Аднак пасьля выхаду з-за кратаў яго зноў затрымалі і арыштавалі на 30 дзён. Беларус вырашыў уцячы з краіны. Ужо тры месяцы ён знаходзіцца за мяжой. Пакуль не працуе, вандруе па Эўропе, сустракаецца зь сябрамі. Мае намер жыць у Нямеччыне.

«Калі гэта хтосьці пабачыць, ты можаш „заехаць“ на некалькі гадоў»

Калі Князеў знаходзіўся за кратамі, праваабаронцы пра яго амаль нічога ня ведалі. Ён выйшаў з «Валадаркі» зь яшчэ не адбытым тэрмінам «хатняй хіміі», сябры напісалі пра ягоную гісторыю ў сеціве. Аднак мужчына ўстурбаваўся, што за публічны сьпіс ягоных учынкаў яго могуць пасадзіць на шмат гадоў рэальнай турмы. Папрасіў паўсюль выдаліць зьвесткі пра гэта. Сьціслая інфармацыя заставалася толькі на сайце праваабарончай ініцыятывы Dissidentby.

Калі Дзяніс выехаў зь Беларусі, то расказаў праваабаронцам сваю гісторыю. Яго ўнесьлі ў сьпіс былых палітвязьняў, складзены цэнтрам «Вясна».

«Калі я сядзеў, нават такога пытаньня не было. Сваякі, сябры баяліся, што такая інфармацыя зьявіцца», — кажа ён. Суразмоўца параўноўвае сваю гісторыю з гісторыяй іншага палітзьняволенага. У таго, на ягоную думку, было менш доказаў у справе, але яму далі больш строгі тэрмін. Як мяркуе Князеў, прычына ў розгаласе.

«У яго былі некалькі здымкаў звычайных, безь сьцягоў, без усяго. У мяне ў крымінальнай справе ёсьць сьцягі. У мяне тры эпізоды, у яго адзін. Але пра яго зьявілася навіна ў інтэрнэце. Мне далі тры гады „хатняй хіміі“ і адпусьцілі дадому. Яму далі 1,5 года калёніі», — расказвае Дзяніс.

Ён перакананы, што ГУБАЗіК, сьледчыя сочаць за інфармацыяй, якая зьяўляецца пра зьняволеных у інтэрнэце. «З аднаго боку, трэба дадаць сябе да палітвязьняў. Але калі гэта хтосьці пабачыць, то ты можаш „заехаць“ яшчэ на некалькі гадоў», — упэўнены былы палітзьняволены.

Праз статус палітвязьня і любую публічную інфармацыю пра зьняволенага могуць зьявіцца праблемы і ў сваякоў, думае суразмоўца. «Гэта страх і за вязьняў, і за родных. Да людзей могуць прыйсьці. У мяне было тры ператрусы, у тым ліку ў маёй маці. А навошта гэта ёй? Яна ня ўдзельнічала ні ў чым», — расказвае ён.

Глядзіце таксама

 

«Калі мяне пакінуць у Нямеччыне, я скажу „дзякуй вялікі“»

Са словаў Князева, пасьля ад’езду зь Беларусі ён таксама не асабліва клапаціўся пра статус палітвязьня. Да праваабаронцаў мужчына зьвярнуўся, каб перадаць ім зьвесткі пра супрацоўнікаў рэжыму Лукашэнкі, якія прымалі датычныя яго справы рашэньні. Каб у будучыні іх асудзілі і пакаралі.

Пасьля 2020 году Дзяніс запісваў падзеі, якія адбываліся ў Беларусі, у фармаце дзёньніка. Занатоўваў дэталі перасьледу, інфармацыю пра вязьняў, зь якімі ён сядзеў і пра каго ня ведае грамадзкасьць і праваабаронцы. Кажа, што быў зацікаўлены распаўсюдзіць гэта. Статус былога палітвязьня стаў фактычна наступствам сустрэч з праваабаронцамі.

Дзяніс кажа, што зручна разьмясьціць сваю гісторыю перасьледу, прыкладам, на сайце праваабаронцаў, каб зэканоміць час і не пераказваць знаёмым і незнаёмым людзям шмат разоў адно і тое ж. Таксама гэта дазваляе атрымаць дапамогу ад фондаў, але Князеў кажа, што для яго гэта было ня першаснай мэтай. Толькі праз тры месяцы пасьля ад’езду ён стаў зьвяртацца па матэрыяльную дапамогу.

«Я хачу падацца на міжнародную ахову ў Нямеччыне. Калі статус палітвязьня дапаможа тым, што яны разгледзяць маю заяву і пакінуць мяне ў Нямеччыне, я скажу „дзякуй вялікі“. Гэта будзе маё карыснае пытаньне. Зараз я думаю над гэтымі карыснымі пытаньнямі, як я магу гэта ўжыць», — кажа ён.

Каб разумець маштаб рэпрэсій і аднавіць справядлівасьць

Праваабаронца «Вясны» Наста Васільчук тлумачыць, што пэўных людзей раней ня ўносілі ў сьпіс палітвязьняў, бо пра іх не паведамлялі блізкія. Праваабаронцы мяркуюць, што асноўная прычына такіх паводзінаў — страх яшчэ большых рэпрэсій у дачыненьні да вязьня і ягоных родных.

Паводле праваабаронцы Паўла Сапелкі, практыка дадаваць людзей пастфактум да сьпісу былых палітвязьняў мае на мэце не пакінуць забытымі ахвяры палітычных рэпрэсій. Складаць такія сьпісы нават пастфактум важна, каб разумець маштаб перасьледу. Такія дзеяньні «аднаўляюць справядлівасьць», перакананы Сапелка.

«Мы настойваем на праве гэтых грамадзян на рэабілітацыю, пашыраем магчымасьці для іх атрымаць падтрымку з боку грамадзкасьці і інстытутаў грамадзянскай супольнасьці і абарону дэмакратычных урадаў, нагадваем уласнай дзяржаве аб яе абавязаньнях у галіне правоў чалавека, фіксуем факты і ацэнкі на будучыню», — тлумачыць Павал Сапелка.