Хронікі рэпрэсій за 20 верасня: Вярхоўны суд ліквідаваў БСДП (Грамада)
Палітзняволенага журналіста Яўгена Меркіса этапавалі ў шклоўскую калонію, чарговы суд над Палінай Шарэндай-Панасюк прызначаны на 2 кастрычніка. Суд над Юрыем Гараўскім скончыўся ў Швейцарыі — прысуд вынесуць на наступным тыдні. З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 19 верасня.
Вярхоўны суд ліквідаваў Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (Грамада)
Пра гэта @pozirkonline паведаміў старшыня партыі Ігар Барысаў. «Гэта не канец, — адзначыў Барысаў у перададзенай відэазаяве. — Пакуль ёсць наш калектыў і людзі, якія вераць у будучую дэмакратычную Беларусь, у яе сацыял-дэмакратычны выбар, мы як фенікс паўстанем з попелу».
Улетку і ў пачатку восені былі пазбаўленыя рэгістрацыі 9 апазіцыйных, праўладных і палітычна неактыўных палітычных структур. 22 верасня ў Вярхоўным судзе будзе разглядацца пазоў пра ліквідацыю Беларускай партыі левых «Справядлівы свет».
Стала вядома дата чарговага суду над Палінай Шарэндай-Панасюк
Суд па справе палітзняволенай пачнецца 2 кастрычніка а 10-й раніцы, піша @viasna_brest. Паліну абвінавачваюць па ч.1 арт.411 КК — злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі. Справа будзе разглядацца ў судзе Рэчыцкага раёна. Пасяджэнне будзе адкрытым.
Паліну на будучым тыдні этапуюць у рэчыцкае ІЧУ. На сёння яна знаходзіцца ў СІЗА №3 Гомеля. У Паліны цяпер вельмі кепскі стан здароўя. А стасункаў з роднымі няма ўжо паўгады.
Нагадаем, Паліна павінна была выйсці на волю мінулым летам, але яе асудзілі да яшчэ 1 года калоніі. У красавіку супраць жанчыны завялі ўжо новую справу — зноў за «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі».
Палітзняволенага журналіста Яўгена Меркіса этапавалі ў шклоўскую калонію
Гомельскі краязнаўца і журналіст быў затрыманы 13 верасня 2022 года. Палітвязня абвінавацілі ў стварэнні экстрэмісцкага фармавання або ўдзеле ў ім (ч. 3 арт. 361-1 КК), а таксама ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК).
Справу Меркіса ў закрытым рэжыме разглядаў суддзя Аляксей Хлышчанкоў. Адкрытым зрабілі толькі агалошванне выраку.
30 траўня Гомельскі абласны суд прысудзіў Яўгену 4 гады пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Паводле прапагандыстаў, Яўген нібыта дасылаў у тэлеграм-каналы звесткі аб перасоўванні вайсковай тэхнікі. Таксама яны паведамляюць, што Меркіс працаваў для тэлеканала Белсат, які ўлады прызналі экстрэмісцкім.
Паводле інфармацыі БАЖ, 9 верасня Яўгена этапавалі ў папраўчую калонію № 17.
Палітвязня Алега Канавалава перавялі на турэмны рэжым
Уладальніка ютуб-канала «Третий регион Беларусь» затрымалі па вяртанні ў Беларусь з Украіны 10 студзеня 2022 года. Палітвязня абвінавацілі ў тым, што ён дэананімізаваў сілавікоў і ўжо пасля ад'езду ва Украіну публікаваў інфармацыю пра іх. Таксама яму ў віну паставілі «цынічныя каментары» пра загінулага супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і абразу прэзідэнта.
У Гомельскім абласным судзе 7 верасня Алега асудзілі да пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Адбываць тэрмін яго накіравалі ў шклоўскую калонію № 17.
Вядома, што ў судзе Шклоўскага раёна 18 ліпеня разглядзелі справу палітвязня паводле ч. 2 арт. 411 КК (Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Вынік праваабаронцам пакуль невядомы.
Паводле інфармацыі «Гомельскай Вясны», палітвязня перавялі на турэмны рэжым у Магілёў.
Пенсіянерку і велаактывістку Святлану Кароль затрымалі па крымінальнай справе
Пра гэта паведамляе «Гомельская Вясна».
Святлану падазраюць у паклёпе на Лукашэнку (арт. 367 КК). Калі і дзе адбылося затрыманне – невядома. Пенсіянерку і актывістку затрымлівалі ў 2020 годзе за ўдзел у акцыях пратэсту. З таго часу міліцыянты рэгулярна наведваліся да яе з так званымі «прафілактычнымі» гутаркамі ледзь не кожны месяц.
Дома на Святлану чакаюць старэнькая мама і муж з анкалагічнай хваробай, якімі апякуецца жанчына.
Сілавікі затрымалі гродзенскага айцішніка
Паводле інфармацыі @Grodno_grab, затрыманы — Андрэй Бурдзеня.
На «палонным відэа» затрыманы кажа, што нібыта пісаў негатыўныя каментары на адрас Лукашэнкі, службовых асоб, супрацоўнікаў міліцыі, расейскіх вайскоўцаў, а таксама пагражаў людзям, якія падтрымліваюць дзейную ўладу.