У Ваўкавыскім раёне працягваецца «хапун»: Што стала яго прычынай?
Сілавікі
працягваюць затрыманні палітычна ненадзейных людзей у Ваўкавыскім раёне. Сёння,
28 верасня, стала вядома пра новых затрыманых.
У Ваўкавыскім раёне працягваецца «хапун». Да чатырох затрыманых, пра якіх набліжаны да ГУБАЗіК тэлеграм-канал паведаміў учора, дадаліся яшчэ столькі ж жыхароў рэгіёна, пра якія стала вядома 28 верасня, адзначае «Люстэрка».
На відэа сілавікоў паказаныя жорсткія затрыманні — людзей укладваюць тварам у зямлю, і з заламанымі за спінай рукамі вядуць у мясцовае РУУС.
У «палонных» відэа людзей прымусілі прызнацца ў распаўсюдзе «экстрэмісцкіх» матэрыялаў, а таксама ў рэгістрацыі ў чат-боце «Перамога». Як піша праваабарончы цэнтр «Вясна», сярод затрыманых аказаліся два супрацоўнікі «Беллакта», а таксама намеснік галоўнага лекара санаторыя «Пралеска» Андрэй Тарасевіч. На відэа ён кажа, што затрыманы за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў і ўдзел у чат-боце плана «Перамога».
Чацвёрты жыхар Ваўкавыска на відэа таксама кажа, што сілавікі затрымалі яго за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Мяркуючы па сацыяльных сетках, яго завуць Дзяніс Артыстаў, адзначае «Медыязона».
Аднак па якіх менавіта артыкулах затрыманыя людзі на самай справе — не вядома. Аўтары праўладнага канала пішуць, што затрыманыя змешчаныя ў ІЧУ.
Раней набліжаны да ГУБАЗіК тэлеграм-канал ужо паведамляў пра затрыманні ў Ваўкавыскім раёне. Тады гаворка ішла мінімум аб чатырох жыхарах рэгіёна.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, актыўнасць сілавікоў у Ваўкавыскім раёне звязаная з інцыдэнтам, які днямі адбыўся ў раённым цэнтры — на адным з выклікаў (бытавы канфлікт, не звязаны з палітыкай) быў збіты супрацоўнік міліцыі.
«Пасля гэтага ў горад адправілі сілавікоў з Мінска і Гродна, якія пачалі „зачыстку“», — удакладнілі ў «Вясне».