Бенуа Мэйстрэ: Суд так ці інакш прызнаў, што злачынствы, пра якія казаў Гараўскі, ажыццяўляліся ўладамі Беларусі
Бенуа Мэйстрэ, юрыдычны кансультант няўрадавай праваабарончай арганізацыі «Trial International», якая была адным з ініцыятараў прыцягнення да адказнасці экс-байца САХР Юрыя Гараўскага за гвалтоўныя знікненні апазіцыйных палітыкаў у Беларусі, шкадуе, што суд апраўдаў апошняга.
«Мы вельмі шкадуем, што суд вынес такое рашэнне. Мы вельмі добра разумеем пачуцці родных забітых апазіцыйных палітыкаў, вельмі шкадуем аб тым, што ім цяпер даводзіцца адчуваць, бо яны дамагаліся справядлівасці і правасуддзя больш за 20 гадоў», — сказаў Бенуа Мэйстрэ карэспандэнту «НЧ» пасля прысуду.
«Аднак адна з пазітыўных рэчаў гэтага працэсу ў тым, што суд так ці інакш прызнаў, што злачынствы, пра якія казаў Гараўскі, ажыццяўляліся ўладамі Беларусі», — зазначыў юрыст.
«Нам цяжка сказаць, чаму суд вынес такі вырак, бо нават адвакат Гараўскага прызнала, што ён браў удзел у выкраданні апанентаў рэжыму. Цяжка зразумець, чаму суд лічыць інакш», — дадаў ён.
Як арганізацыя, «Trial International» не можа абскардзіць гэты судовы вырак і ўвогуле выступаць бокам судовага разбіральніцтва, зазначыў юрыст. «Але мы ведаем, што сем’і зніклых будуць гэта рабіць. Мы іх поўнасцю падтрымліваем і будзем падтрымліваць, і юрыдычна, і ва ўсіх сэнсах», — дадаў ён.
Нагадаем, што сёння ў судзе кантона Санкт-Гален у Швейцарыі абвясцілі прысуд экс-байцу беларускага САХР Юрыю Гараўскаму, які ў 2019 годзе публічна заявіў аб сваёй датычнасці да выкрадання апазіцыйных палітыкаў у Беларусі. Суддзя Олаф Хумбель апраўдаў яго па гэтай справе.
Суддзя вырашыў, што ў паказаннях Гараўскага было шмат супярэчнасцей, і палічыў яго паказанні ў судзе непераканаўчымі, а некаторыя нават прыдуманымі. Аднак у той жа час суддзя адзначыў, што гэты судовы працэс — «асаблівы выпадак, у якім замяшана ўлада», і іменна яна адказная за гвалтоўныя знікненні апанентаў рэжыму.
Прадстаўнік Алены Захаранка і Валерыі Красоўскай у швейцарскім судзе Севярын Вальц паведаміў, што абавязкова будзе абскарджваць вынесены сёння, 28 верасня, апраўдальны прысуд экс-байцу САХР Юрыю Гараўскаму.
7 траўня 1999 года па дарозе дадому знік экс-міністр унутраных спраў Беларусі Юрый Захаранка. 16 верасня таго ж года зніклі былы кіраўнік Цэнтрвыбаркама Беларусі Віктар Ганчар і яго сябар, бізнесовец Анатоль Красоўскі. Афіцыйнае расследаванне іх знікнення пачалося 17 верасня 1999 года. За 24 гады, якія прайшлі з таго моманту, яно неаднаразова прыпынялася і аднаўлялася, але ў рэшце рэшт не прывяло ні да якога выніку: целы зніклых знойдзены не былі, датычныя да іх знікнення — таксама.
Пры гэтым яшчэ ў пачатку 2000-х незалежныя беларускія СМІ апублікавалі некалькі важных дакументаў і сведчанняў, якія паказвалі на магчымае дачыненне да выкраданняў Юрыя Сівакова, які на той момант займаў пасаду міністра ўнутраных спраў, былога кіраўніка Савета Бяспекі Віктара Шэймана, камандзіра САХР Дзмітрыя Паўлічэнкі і яго байцоў.
Гэтую версію агучыў экс-начальнік мінскага СІЗА №1 Алег Алкаеў. Пра гэта ж распавялі былыя следчыя беларускай пракуратуры Алег Случак і Дзмітрый Петрушкевіч. У 2004-м да такой жа высновы прыйшоў спецдакладчык Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы (ПАРЕ) Хрыстас Пургурыдэс.
Увосень 2018-га Гараўскі выехаў з Беларусі і папрасіў прытулак у Швейцарыі. Пазней ён звязаўся з журналістамі і распавёў пра свой удзел у выкраданні Захаранкі, Ганчара і Красоўскага. У 1999 годзе, па яго словах, мужчына служыў у спецыяльным атрадзе хуткага рэагавання МУС.