Прадстаўнік Алены Захаранка і Валерыі Красоўскай мае намер абскардзіць апраўдальны прысуд Юрыю Гараўскаму
Прадстаўнік Алены Захаранка і Валерыі Красоўскай у швейцарскім судзе Севярын Вальц паведаміў, што абавязкова будзе абскарджваць вынесены сёння, 28 верасня, апраўдальны прысуд экс-байцу САХРа Юрыю Гараўскаму. Па яго словах, ён вельмі расчараваны сённяшнім выракам і лічыць гэтае рашэнне няправільным.
Ён таксама выказаў спадзеў, што суд другой інстанцыі вынясе датычна Юрыя Гараўскага іншае рашэнне і што для гэтага, на яго думку, ёсць падставы. Як зазначыў Севярын Вальц, галоўная сутнасць сённяшняга рашэння ў тым, што суддзя не паверыў паказанням Гараўскага, якія ён даваў у судзе, і не лічыць, што паказанні Гараўскага былі сапраўдныя. Але гэта не азначае, што непраўдзівая сама гісторыя выкрадання беларускіх апазіцыйных палітыкаў — ёсць падставы сумнявацца менавіта ў паказаннях і ролі Гараўскага з-за шматлікіх супярэчнасцей у яго паказаннях.
Севярын Вальц пры гэтым адзначыў, што Гараўскага не дэпартуюць са Швейцарыі.
Нагадаем, сёння ў судзе кантона Санкт-Гален у Швейцарыі абвясцілі прысуд экс-байцу беларускага САХРа Юрыю Гараўскаму, які ў 2019 годзе публічна заявіў аб сваёй датычнасці да выкрадання і забойства апазіцыйных палітыкаў у Беларусі — былога міністра МУС Юрыя Захаранкі, былога старшыні ЦВК Віктара Ганчара і бізнесоўца Анатоля Красоўскага. Суддзя Олаф Хумбель апраўдаў Гараўскага па гэтай справе з-за таго, што паставіў пад сумнеў паказанні экс-байца САХРа.
Былы спецназавец даў паказанні, дзе распавёў падрабязнасці выкрадання і забойства.
7 траўня 1999 года па дарозе дадому знік экс-міністр унутраных спраў Беларусі Юрый Захаранка. 16 верасня таго ж года зніклі былы кіраўнік Цэнтрвыбаркама Беларусі Віктар Ганчар і яго сябар, бізнесовец Анатоль Красоўскі. Афіцыйнае расследаванне іх знікнення пачалося 17 верасня 1999 года. За 24 гады, якія прайшлі з таго моманту, яно неаднаразова прыпынялася і аднаўлялася, але ў рэшце рэшт не прывяло ні да якога выніку: целы зніклых знойдзены не былі, датычныя да іх знікнення — таксама.
Пры гэтым яшчэ ў пачатку 2000-х незалежныя беларускія СМІ апублікавалі некалькі важных дакументаў і сведчанняў, якія паказвалі на магчымае дачыненне да выкраданняў Юрыя Сівакова, які на той момант займаў пасаду міністра ўнутраных спраў, былога кіраўніка Савета Бяспекі Віктара Шэймана, камандзіра САХР Дзмітрыя Паўлічэнкі і яго байцоў.
Гэтую версію агучыў экс-начальнік мінскага СІЗА №1 Алег Алкаеў. Пра гэта ж распавялі былыя следчыя беларускай пракуратуры Алег Случак і Дзмітрый Петрушкевіч. У 2004-м да такой жа высновы прыйшоў спецдакладчык Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы (ПАРЕ) Хрыстас Пургурыдэс.
Увосень 2018-га Гараўскі выехаў з Беларусі і папрасіў прытулак у Швейцарыі. Пазней ён звязаўся з журналістамі і распавёў пра свой удзел у выкраданні Захаранкі, Ганчара і Красоўскага. У 1999 годзе, па яго словах, мужчына служыў у спецыяльным атрадзе хуткага рэагавання МУС.