За забойства Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага кожны атрымаў 1500 долараў

Жахлівыя падрабязнасці справы зніклых палітыкаў у дакументах швейцарскай пракуратуры.

a53c3e97_86e6_4af8_9c4a_c426a9878d06_cx0_cy5_cw0_w1200_r1_1_logo.webp

У распараджэнні рэдакцыі ёсць дакументы з суда над Юрыем Гараўскім. Гэта матэрыялы абвінавачання, паказанні Гараўскага, а таксама сведчанні родных зніклых палітыкаў.

Сёння прыводзім вытрымкі з абвінавачання, заснаванага на паказаннях Гараўскага ды іншых фактах і сведчаннях.

Чытаючы падрабязнасці падзей 24-гадовай даўніны, нібыта зноў вяртаешся ў тыя дні. За кожным сухім словам адчуваеш боль і жах. А яшчэ бездапаможнасць і злосць.

Проста пачытайце.

«Юрый Захаранка прасіў зрабіць гэта без пакут»

— У пачатку мая 1999 года Дзмітрый Паўлічэнка загадаў Юрыю Гараўскаму суправаджаць яго. На наступны дзень яны ўдваіх пераследавалі чалавека, у якім Юрый Гараўскі пазнаў былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранку. Увечары 7 мая 1999 года Дзмітрый Паўлічэнка аддаў сваім людзям загад арыштаваць Юрыя Захаранку. Дзве групы адправіліся ў Мінск на чырвоным BMW 525 і цёмным Opel Omega і выехалі ў раён вуліцы Варанянскага. Месца жыхарства Юрыя Захаранкі на вуліцы Жукоўскага 9-1-81 у Мінску было вядомае, як і месца ягонай паркоўкі, і адлегласць, якую трэба было прайсці да ягонай кватэры.

Восем чалавек, якія ўдзельнічалі ў затрыманні Юрыя Захаранкі, размеркаваліся на дзве групы. Двое стаялі па абодва бакі дома. Абвінавачаны (Гараўскі. заўв. Рэд.) са Шкіндаравым стаялі крыху далей, калі яны заўважылі Юрыя Захаранку на пешаходнай дарожцы ад аўтастаянкі да кватэры. Яны пайшлі за ім, а двое іншых мужчын з групы падышлі да яго, прад'явілі свае пасведчанні і папрасілі сесці ў машыну. Затым да іх далучыўся Юрый Гараўскі з яшчэ адным мужчынам. Юрый Гараўскі і другі мужчына загадалі Юрыю Захаранку завесці рукі за спіну, надзелі на яго кайданкі і пасадзілі на задняе сядзенне аўтамабіля Opel Omega.

У машыне мужчыны нацягнулі каптур на галаву Юрыя Захаранкі і заціснулі яго галаву паміж пярэднімі сядзеннямі. Затым машына паехала ў навучальны цэнтр унутраных войскаў МУС каля Валоўшчыны (там знаходзіцца стрэльбішча. заўв. Рэд.), прыкладна за 20 км на паўночны захад ад Мінска.

Юрый Захаранка папрасіў байцоў зрабіць гэта без пакут.

Глядзіце таксама

На стрэльбішчы навучальнага цэнтра мужчыны выцягнулі Юрыя Захаранку з машыны і паклалі яго на зямлю тварам уніз. Дзмітрый Паўлічэнка некаторы час размаўляў па тэлефоне, а затым папрасіў Юрыя Гараўскага дастаць з BMW пісталет. Юрый Гараўскі выканаў просьбу. Гэта быў пісталет з глушыцелем. Дзмітрый Паўлічэнка ўзяў пісталет і зрабіў два стрэлы ў Юрыя Захаранку. Затым Дзмітрый Паўлічэнка зрабіў яшчэ адзін тэлефонны званок. Мужчыны чакалі каля 10 хвілін. Затым яны памацалі, ці ёсць у Юрыя Захаранкі пульс, і выявілі, што ён мёртвы. Яны змясцілі яго цела ў багажнік BMW, дзе ўжо ляжала поліэтыленавая плёнка, і накрылі ёю цела. Затым яны адвезлі цела на Паўночныя могілкі ў Мінску.

Прыкладна праз тры тыдні ўсе ўдзельнікі аперацыі атрымалі ад Дзмітрыя Паўлічэнкі 500,00 долараў ЗША наяўнымі.

«Выцягнуў з машыны Віктара Ганчара з жалезным ланцугом на шыі»

— Юрый Гараўскі яшчэ да выкрадання Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага ведаў, што яны з'яўляюцца іх мэтай і што павінны быць забіты. Як і ўсе астатнія ўдзельнікі, ён яшчэ да здзяйснення злачынства ведаў, што ні адно слова аб выкраданні і забойстве Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага не можа пратачыцца вонкі.

Прыкладна ў 22.30 Анатоль Красоўскі і Віктар Ганчар выйшлі з саўны і селі ў аўтамабіль Jeep Cherokee. Калі Анатоль Красоўскі хацеў з'ехаць, адзін з аўтамабіляў падраздзялення Дзмітрыя Паўлічэнкі загарадзіў яму шлях. Тады абвінавачаны (Гараўскі. заўв. Рэд.) разам з іншым чальцом САХР Аляксеем Панковым падышоў да пасажырскіх дзвярэй, жалезным ланцугом разбіў шкло пасажырскіх дзвярэй, пасля чаго Панкоў адчыніў дзверы джыпа, а абвінавачаны выцягнуў з машыны Віктара Ганчара з жалезным ланцугом на шыі. Панкоў надзеў на Віктара Ганчара кайданкі, і мужчыны пасадзілі яго на задняе сядзенне аўтамабіля Дзмітрыя Паўлічэнкі. У машыне Панкоў і абвінавачаны надзелі на яго галаву каптур, папярэдне ўставіўшы ў рот кляп.

Іншая каманда паклапацілася пра Анатоля Красоўскага і пасадзіла яго ў другі аўтамабіль. Затым абедзве машыны паехалі назад на базу пад Бягомлем. Адзін з удзельнікаў выкрадання таксама пераганяў Jeep Cherokee Анатоля Красоўскага ў Бягомль. На аб'язной дарозе Мінска, на з'ездзе ў бок Віцебска, тры машыны спыніліся на пляцоўцы для адпачынку, і Дзмітрый Паўлічэнка камусьці патэлефанаваў. Крыху пазней з'явіўся чалавек у цывільным і запатрабаваў, каб абвінавачаны і Панкоў паказалі яму Віктара Ганчара. Пасля таго як мужчыны знялі каптур з Віктара Ганчара, мужчына сказаў, што гэта той, хто патрэбен.

Глядзіце таксама

На базе пад Бягомлем джып Анатоля Красоўскага быў прыпаркаваны каля паласы перашкод, а Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага паклалі на зямлю побач. Праз некалькі хвілін Дзмітрый Паўлічэнка ўзяў у Юрыя Гараўскага пісталет і стрэліў з яго ў Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага, па два стрэлы кожнаму. Распрануўшы мужчын, яны кінулі іх у падрыхтаваную яму.

Праз некалькі дзён усе ўдзельнікі акцыі атрымалі ад Дзмітрыя Паўлічэнкі па 1000 долараў ЗША наяўнымі.