Справа Гараўскага толькі пачатак. Колькі яшчэ шкілетаў у шафе Лукашэнкі?
Галоўныя высновы і ўрокі гучнага працэсу над экс-байцом САХРа, прысуд якому будзе вынесены на наступным тыдні.
Праваабаронцы і палітыкі ўжо назвалі гэта судовы працэс гістарычным. Святлана Ціханоўская заявіла, што гэты суд — “пераломны момант, які зробіць беспакаранасць немагчымай. Дэмакратычная супольнасць, беларуская і міжнародная, вельмі спадзяецца, што вердыкт будзе абвінаваўчым.
У выпадку прызнання Гараўскага вінаватым злачынствы рэжыму Лукашэнкі будуць зафіксаваныя юрыдычна — у рамках універсальнай юрысдыкцыі. Гэта прэцэдэнт, які, бясспрэчна, станецца і вялікай маральнай перамогай для дэмакратычнай грамадскасці Беларусі, і момантам ісціны для сем’яў забітых палітыкаў, і штуршком для далейшых міжнародных судовых разбіральніцтваў у адносінах да Лукашэнкі і яго сілавікоў.
Швейцарскае правасуддзе працуе, як швейцарскі гадзіннік
З аднаго боку, гэта збег акалічнасцяў, што працэс адбываецца ў швейцарскім Санкт-Галене. З іншага, тут бачыцца пэўная заканамернасць і пэўны сімвалізм. Швейцарцы вельмі педантычныя і таму натуральна, што правасуддзе гэтай краіны сур’ёзна ўзялося за справу Гараўскага. Увогуле швейцарскае правасуддзе, як і швейцарскія гадзіннікі, і швейцарскія банкі маюць моцную рэпутацыю, таму вырак Гараўскаму будзе мець вельмі моцную юрыдычную вагу ў планне дачынення да пытання злачынных праяваў рэжыму Лукашэнкі, прыцягнення яго да адказнасці.
Знаходзячыся ў судовай залі швейцарскага суду, адчувала, што адбываецца заканамерны працэс аднаўлення гістарычнай справядлівасці. Швейцарская дакладнасць і прынцыповасць, трэба спадзявацца, спрацуе і ў гэтым выпадку.
Увогуле паміж беларусамі і швейцарцамі шмат падабенстваў: мы блізкія па менталітэце, характары, каштоўнасцях, звычках, нават пачуццё гумару, міміка і жэсты ў нас амаль што аднолькавыя. Швейцарцы, як і беларусы, вельмі міралюбівыя, спакойныя і добразычлівыя.
Апроч іншага, швейцарскае грамадства дужа цікавіцца падзеямі ў Беларусі, вельмі пільна за імі сочыць. Недарэмна швейцарцы называюць Беларусь “Усходняй Швейцарыяй”. Яны нас добра разумеюць, яны нам спачуваюць, і мы вельмі падобныя.
Швейцарыя — краіна з моцнымі дэмакратычнымі традыцыямі, тут усім кіруе закон. Дзяржава на першае месца ставіць каштоўнасць чалавечага жыцця, правы чалавека, шчыра дбае пра сваіх грамадзян і ўсіх тых, каму патрэбная яе, Швейцарыі, абарона.
Ціхая, утульная, заможная еўрапейская краіна. Маленькая і магутная. Нічога дзіўнага, што Гараўскі ў пошуках прытулку (хаця суд да канца так і не высветліў сапраўдныя мэты прыезду Гараўскага ў Швейцарыю) абраў менавіта гэтую краіну. Нічога дзіўнага, што праваабарончая супольнасць менавіта гэтай краіны і швейцарская юстыцыя давялі кейс Гараўскага да судовых разбіральніцтваў.
Падсудны манеўруе
Хацелася б перасцярагчы ад ілюзій, што падсудны свядома выступае выкрывальнікам беларускага рэжыму.
Можна гадаць, якія прычыны прымусілі Гараўскага звярнуцца ў 2019 годзе ў медыя, а потым даць паказанні швейцарскаму пракурору. Магчыма, гэтыя матывы з часам усплывуць і стануць падставай для асобнага, інтрыгоўнага сюжэту. На сёння ж можна толькі перасцерагчы ад думкі, нібыта гэты чалавек стаў свядомым выкрывальнікам злачынстваў беларускага рэжыму. Болей лагічна меркаваць, што проста спрабуе ўратаваць сябе, неяк уладкаваць свой далейшы лёс.
Яго паказанні самі па сабе маюць выкрывальніцкі характар. Але гэта не азначае, што ён хоча прыперці да сценкі рэжым Лукашэнкі. Адчуваецца, што хоча за кошт гэтага працэса выйсці болей-меней сухім з вады.
У звязку з гэтым паказальна, што Гараўскі падчас судовых слуханняў істотна змяніў свае паказанні. На супярэчнасці паміж папярэднімі і цяперашнімі сведчаннямі падсуднаму неаднойчы ўказвалі і суддзя, і пракурор, і прадстаўнік сваякоў забітых беларускіх палітыкаў.
У прыватнасці, экс-сілавік катэгарычна адмаўляў факт таго, што калі-кольвек трымаў у руках расстрэльны пісталет. Адмаўляўся адказваць і на пытанні аб высокапастаўленым афіцэры КДБ Смірнову.
Гараўскі абвінавачваў непасрэдна Паўлічэнку ў забойствах беларускіх палітыкаў і ў спробе забойства самога Гараўскага ў 2009 годзе. Казаў, што разумеў яшчэ ў 1999-м, што бярэ ўдзел у цяжкіх злачынствах. Разам з тым, экс-спецназавец прызнаўся ў судзе, што пасля 2003 года час ад часу сустракаўся і з Паўлічэнкам, і з іншымі саслужыўцамі ў рамках “сустрэч ветэранаў”.
Супярэчнасці ў сведчаннях Гараўскі тлумачыў “кепскім перакладам”, “кепскай фармулёўкай пытанняў”, тым, што ў яго ў яго галаве “стаіць пласціна”.
Заўважна змяніліся і паводзіны Гараўскага. У першы дзень судовага працэсу, на самім яго пачатку, удзельнік “эскандрону смерці” выглядаў вельмі прыгнечаным, знясіленым, прамаўляў вельмі ціха, ледзь ці не шаптаў.
Калі ж пачаліся “нязручныя” пытанні з боку швейцарскіх уладаў, Гараўскі пачаў паводзіць сябе даволі нястрымана, эмацыйна, у некаторых момантах нават па-хамску, паказваў на суддзю і пракурора пальцам.
Трапіла на арэхі і незалежным медыя: экс-спецназавец абвінаваціў, у прыватнасці, “Дойчэ Вэлле” ў некарэктных паводзінах у часе інтэрв’ю 2019 года і ў тым, што журналісты “ДВ” “зрабілі з яго зайбоцу” і нібыта няправільна інтэрпрэтавалі яго сведчанні.
Увогуле экс-спецназавец відавочна выгароджваў сябе і адкрытым тэкстам прасіў для сябе мягкага пакарання. “Калі вы вынесеце суровае рашэнне, больш ніхто ў свеце не будзе паведамляць пра злачынствы ўлады”, -- звярнуўся ён да суда ў, апошнім слове.
Вельмі цяжка верыцца і ў шчырае раскаянне Гараўскага. Прабачэнні ў сем’яў забітых “эскадронамі смерці” апазіцыянераў Гараўскі прасіў, зачытваючы падрыхтаваны тэкст з паперкі, і седзячы спінай да Алены Захаранка і Валерыі Красоўскай. Да пацярпелых ён нават не павярнуўся. Хаця яны сядзелі акурат за ім. І ён не мог гэтага не ведаць.
Фігурант працэсу спадзяецца застацца ў Швейцарыі
Падчас працэсу экс-спецназавец неаднойчы падкрэсліваў, што хацеў бы застацца ў Швейцарыі, працаваць тут, плаціць падаткі і быць законапаслухмяным грамадзянінам. Ён сцвярджае, што ў Беларусь яму вяртацца небяспечна, кажа, што баіцца за сваё жыццё.
Пракурор Петэр Хангартнер згодны, што экстрадыцыя падсуднага ў Беларусь не з’яўляецца неабходнай. Але зыходзячы з пытанняў суддзі, можна зрабіць выснову, што швейцарскія ўлады не да канца разумеюць сапраўдную мэту знаходжання Гараўскага ў Швейцарыі і не зусім упэўненыя ў тым, што апошні дагэтуль не супрацоўнічае з беларускімі спецслужбамі.
Падчас працэсу Юры Гараўскі так і не змог толкам растлумачыць суддзі, як і чаму ён трапіў у Швейцарыю. Як і пацвердзіць, што ён на сённяшні момант не знаходзіцца на службе ў органаў беларускай выведкі.
Экс-сілавік нервова рэагаваў на пытанні прадстаўніка сем’яў забітых Севярына Вальца аб тым, на якой падставе падсудны цяпер знаходзіцца ў Швейцарыі і які ў яго статус. “Гэта не мае дачынення да справы”, — абсякаў юрыста Гараўскі.
“Міграцыйная служба не паверыла вашай гісторыі, вам адмовілі ў прытулку. Што вы цяпер збіраецеся рабіць?” — запытаўся ў Гараўскага суддзя Олаф Хумбель.
“Я не ведаю. У наступным годзе сканчваецца тэрмін пашпарта, і дыктатар Лукашэнка забараніў працягваць пашпарт за мяжой”, — адказаў былы баец САХРа.
Швейцарскія праваабаронцы лічаць, што Гараўскаму хутчэй за ўсё будзе прадстаўлены нейкі статус, але наўрад ці гэта будзе статус палітычнага ўцекача. “Хоць яго справа і звязана з палітыкай, і, бясспрэчна, што ў выпадку яго вяртання ў Беларусь, Лукашэнка яму адпомсіць, але з маральнага пункту гледжання ставіць Гараўскага на адну роўніцу з тымі ж былымі палітвязнямі было б вялікай памылкай”, — лічаць эксперты.
Вочы ў вочы
Яшчэ адзін візуальны момант. Мы з Аленай Захаранка ўзнімаемся па лесвіцы на свежае паветра. Я прашу яе распавесці пра свае ўражанні і пачуцці.
І раптам насустрач — падсудны. Вочы ў вочы. Бачу, які боль раптам успыхвае ў вачах Алены. Пры гэтым — ані кроплі агрэсіі.
Так трымаць сябе з руках здольныя толькі вельмі моцныя, высакародныя людзі. Стаяць на адной прыступцы з магчымым забойцам тваго роднага чалавека, выслухаўшы папярэдне ў судзе ўсе жахлівыя падрабязнасці забойства, і так годна, вытрымана сябе пры гэтым паводзіць… Я была ўражаная. Як і самой спадарыняй Аленай. Сціплая, ветлівая, разумная, мудрая, моцная, прыгожая жанчына.
Калі Алена Захаранка давала каментар НЧ, раптам вельмі моцна пачалі біць званы. У мяне мурашкі пайшлі па скуры. І я раптам заўважыла, наколькі яна знешне падобная на свайго тату.
У вачах Алены Захаранка стаялі слёзы. Яна прызналася мне, што напярэдадні працэсу выпіла валяр’янкі. Але як бы не было балюча, як бы не сціскалася сэрца, яна “не дазволіць сабе плакаць”. “Гэта ўжо пасля, дома. А цяпер я мушу быць моцнай”, — сказала мне на развітанне спадарыня Алена.
Юры Гараўскі ў моманце нашай сустрэчы на лесвіцы апусціў галаву і пастараўся пахутчэй сысці.
У часе іншых перапынкаў і ў залі судовага паседжання экс-спецназавец таксама ніякім чынам не спрабаваў камунікаваць з Аленай Захаранка і Валерыяй Красоўскай.
Увесь працэс я сядзела за спінай Гараўскага і адчувала, як уласная спіна пакрываецца потам.
Шыла ў мяху не утоіш
Злачынцы ўсіх часоў думаюць, што могуць схаваць канцы ў ваду. Іншым разам гэта сапраўды ўдаецца. Але выглядае на тое, што рэжым Лукашэнкі ўжо праехаў гэтую станцыю.
З моманту знікнення апазіцыйных палітыкаў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і бізнэсоўца Анатоля Красоўскага мінула 24 гады. За гэты час тэма знікнення апанентаў рэжыма перажывала розныя фазы — як і сам рэжым. Вялікі рэзананс трагічныя падзеі выклікалі і ў самім 1999-м, і ў часе электаральнай кампаніі 2001 года. Штаб адзінага тады кандыдата ад апазіцыі Уладзіміра Ганчарыка, а таксама яго прыхільнікі, даволі актыўна ўзнімалі тэму зніклых беларускіх апазіцыянераў.
Пра датычнасць беларускіх уладаў да выкрадання і забойстваў сваіх апанентаў сведчылі ў свой час і былыя супрацоўнікі КДБ Угляніца і Жарнасек, і экс-кіраўнік СІЗА-1 Алег Алкаеў. Да такіх высноваў прыйшоў у сваім расследаванні і спецдакладчык падкамітэту Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы Хрыстас Пургурыдэс, агучыўшы свае довады ў адмысловым дакладзе ў 2009 годзе.
Разам з тым было відавочна, што тэма забітых палітыкаў, кажучы аб’ектыўна, пакрысе адыходзіла ў цень. Любыя падзеі з часам згасаюць у грамадскай свядомасці. А ў гэтым выпадку, магчыма, грала роль і тое, што тэма пераважна абмяркоўвалася ў палітычнай ці публіцыстычнай плашчыні. Пры тым, што юрыдычны аспект быў нулявым. Працэс у Санкт-Галене можа прынцыпова змяніць сітуацыю.
Самым прынцыповым, імаверным вынікам гэтага працэсу можа стаць юрыдычная фіксацыя фактаў злачынстваў лукашэнкаўскага рэжыму.
Рэжым Лукашэнкі наткнуўся на банальную рэч: шыла ў мяху не ўтоіш. Вярхушка рэжыму да гэтага ж жыве нібыта ў дзевяностых. І думае, што калі схаваеш расстрэльны пісталет, то лёгка схаваць і канцы ў ваду.
Беларускі рэжым спадзяваўся пахаваць сведчанні пра свае злачынствы. Але працэс Гараўскага паказвае: рана ці позна ўсе шкілеты з шафы выпадуць.