«Мірныя людзі» пад увагай еўрапейскага правасуддзя
Гледзячы на падзеі гэтага тыдня, я згадваю адну песню расійскага барда і выдатнага паэта Юрыя Візбара. А менавіта яго «Расказ тэхнолага Петухова», які на ўсе заявы нейкага афрыканскага суразмоўцы адказваў: «Зато мы делаем ракеты». Прыкладна так на тыдні рабіў і Аляксандр Лукашэнка.
![Фота з yaplakal.com Фота з yaplakal.com](/img/v1/images/13017312.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота з yaplakal.com
Пачалося, канешне, са святкавання так званага «Дня народнага адзінства», дзе беларускі правадыр у вельмі своеасаблівай манеры заклікаў суседнія краіны да сяброўства.
«Мы жадаем вам толькі дабра, шчасця і міру!.. Пры гэтым памятайце (я звяртаюся да народаў суседніх дзяржаў): у выпадку агрэсіі супраць Беларусі мы не будзем маляваць нейкіх чырвоных, жоўтых, чорных або блакітных ліній! Яна ёсць, гэтая лінія — дзяржаўная мяжа! І ў нас ёсць чым адказаць. Таму давайце жыць дружна, па-суседску!» — заявіў ён.
«Мы самая міралюбная нацыя на зямлі. Ні атамнай зброяй, ні нейкімі падраздзяленнямі — «Вагнер» і гэтак далей — мы не размахваем і нікому не пагражаем», — зазначыў ён.
Так заўсёды бывае, калі ў прамовах трэба паказаць узаемавыключальныя паняцці. З аднаго боку, унутранаму спажыўцу трэба прадэманстраваць, што «браня моцная і танкі нашы хуткія». З іншага боку, знешняму спажыўцу трэба паказаць нашу міралюбнасць і тое, якія мы белыя і пухнатыя. І да таго ж, нагода досыць неадназначная — дзень «уз'яднання Беларусі», якая ўз'ядналася, па вялікім рахунку, толькі шляхам падзелу Польшчы і развязваннем Другой Сусветнай вайны, дый яшчэ і дзякуючы саюзу з нацысцкай Германіяй. Як тут не быць супярэчнасцям?
Але можна было б зрабіць такія намёкі і больш акуратнымі, а не ў стылі неразумнага школьнага хулігана, які кажа: «Давай сябраваць, а не тое атрымаеш у пысу». Менавіта ж так успрымаюцца словы Лукашэнкі, калі ён кажа, што «мы нікому не пагражаем ні ядзернай зброяй, ні «Вагнерам». Навошта былі гэтыя ўдакладненні пра тое, чым мы нікому не пагражаем?
«Ніякай вайны ў сучасных умовах на тэрыторыі Беларусі не будзе. Таму што гэта немагчыма, — прыводзіць словы Лукашэнкі ягоная прэс-служба. — І калі не дай бог нешта здарыцца, мы ўсе станем Берасцейскай крэпасцю. Мы будзем да апошняга салдата і чалавека-беларуса абараняць сваю зямлю, якая належыць нашым дзецям».
Шчыра кажучы, звязак пра тое, што вайна ў Беларусі немагчымая, але мы будзем абараняць нашу зямлю — не толькі вельмі ўражлівы па стылі, але і трывожны. Успамінаецца, як галоўным сваім дасягненнем у 2020-м Лукашэнка лічыў тое, што ў Беларусі няма вайны, і заклікаў галасаваць за яго, каб яе не было. А скончылася гэта саўдзелам у нападзе на Украіну ў 2022-м. Таму, калі Лукашэнка кажа, што «вайны не будзе» — гэта і выклікае трывогу.
Зрэшты, такой прамове можа быць адно банальнае тлумачэнне. Вельмі верагодна, што яе Лукашэнку не пісалі «з нуля». Магчыма, што спічрайтары проста паленаваліся і «асвяжылі» тую прамову, якую ён так і не прачытаў у Дзень Перамогі з-за праблем са здароўем, дадаўшы ў тэкст актуальныя касметычныя праўкі кшталту згадак «Вагнера». І тады зразумела, чаму прамова атрымалася ваяўнічай і чаму «мы не пагражаем ядзернай зброяй», хоць сам Лукашэнка неаднаразова казаў, што ніякіх ваганняў пры яе ўжыванні ён адчуваць не будзе. Проста пра гэты момант спічрайтары не ўспомнілі.
Шмат чаго цікавага было і ў міжнародным плане. Прынамсі, на фоне вайны ва Украіне праходзіць Генеральная Асамблея ААН. Там ёсць дзве дэлегацыі ад Беларусі: афіцыйная, і Святлана Ціханоўская. У ААН міністр замежных спраў РБ Сяргей Алейнік паспрабаваў адбаярыцца ад саўдзелу Беларусі ў вайне і заявіў, што вінаватыя ва ўсім краіны Захаду, якія «маюць намер ваяваць да апошняга ўкраінца». Яны нібыта не хацелі выконваць Мінскія дамоўленасці, і гэта прывяло да поўнамаштабнай вайны. «На гэтым фоне поўным абсурдам выглядаюць абвінавачванні Беларусі ў «дапамаганні агрэсіі», — заявіў Алейнік.
Канешне, варта было б яму нагадаць, хто на каго напаў і хто куды ўварваўся ў 2022-м годзе. Але, я думаю, што гэтымі звыклымі расійскімі наратывамі ААН ужо даўно наелася.
І, канешне ж, Алейнік сустрэўся з кіраўнікамі МЗС Манголіі і Нікарагуа, а таксама абмеркаваў ШАС і БРІКС з намеснікам кіраўніка МЗС Кітая.
А вось Святлане Ціханоўскай давялося пабегаць. Яна ўзяла ўдзел у закрытай сустрэчы, арганізаванай Сусветным эканамічным форумам, на якой прысутнічалі кіраўнікі краін і міністры замежных спраў краін Еўропы, Лацінскай Амерыкі, Афрыкі і Паўднёва-Усходняй Азіі.
Яна правяла сайд-івэнт па Беларусі з кіраўнікамі МЗС Ісландыі, Літвы, Германіі і намеснікам генсакратара Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў. Залезла «на поле» ўрадавай арганізацыі, сустрэўшыся з прэзідэнтам Гватэмалы, і папрасіла яго не закупляць у рэжыму калійныя ўгнаенні ў абыход санкцый. Сустрэлася з новай міністаркай замежных спраў Фінляндыі, з прэм’ер-міністрам Канады Джасцінам Трудо, абмеркавала з намесніцай дзяржсакратара ЗША падрыхтоўку да стратэгічнага дыялогу Беларусь-ЗША… Карыстаючыся тым, што яна ў Нью-Ёрку, наведала габрэйскую супольнасць ЗША і офіс Microsoft, выступіла ў прамым эфіры CNN…
І вынікі гэтых дзеянняў — цалкам канкрэнтныя. Пяць спецдакладчыкаў ААН аб’ядналіся ў заяве, у якой запатрабавалі адклікаць «пашпартны» ўказ Лукашэнкі і аказваць беларусам консульскія паслугі ў адпаведнасці з Венскай канвенцыяй аб консульскіх зносінах 1963 года. Яны ж заклікалі дзяржавы-чальцы ААН не дэпартаваць беларусаў па сканчэнні тэрміну іх пашпартоў і садзейнічаць атрыманню альтэрнатыўных праязных дакументаў і пасведчанняў асобы, якія гарантуюць беларусам доступ да асноўных паслуг і свабоду перамяшчэння.
А ў Microsoft паведамілі, што распрацавалі сістэму абыходу блакіроўкі «экстрэмісцкіх» медыя ў Беларусі, якая пры дапамозе штучнага інтэлекту дазваляе беларусам унутры краіны бяспечна заходзіць на забароненыя сайты.
Не дзіва, што Сяргей Алейнік падышоў у кулуарах Генасамблеі ААН да Франака Вячоркі і паціснуў яму руку. З аднаго боку, Алейнік як прафесіянал разумее — ёсць за што. А з іншага, чаго Алейніку губляць? Нарывацца на яшчэ адзін скандал з тым, што, як у мінулым годзе, афіцыйныя беларускія дыпламаты хаваліся ад Святланы Ціханоўскай? Алейнік у камандзе Лукашэнкі адзін, і калі яго за гэты поціск пачнуць рэпрэсаваць — хто прыйдзе на яго месца?
І, канешне, нельга абысці ўвагай працэс у Швейцарыі над былым удзельнікам «эскадрона смерці» Юрыем Гараўскім. Мы даведаліся шмат новага і нечаканага, але самае галоўнае — гэты працэс стаў магчымым па ўніверсальнай юрысдыкцыі. Сам факт гэтага працэсу можа стаць штуршком для таго, каб і іншыя краіны выкарыстоўвалі ўніверсальную юрысдыкцыю для разгляду злачынстваў, учыненых рэжымам у Беларусі. Гэтага, дарэчы, ад самага пачатку выгнання дамагаюцца дэмакратычныя сілы за мяжой. І цяпер швейцарскі суд і пракуратура дала ім у рукі моцны козыр.
І гэты козыр будзе яшчэ мацнейшы, калі Гараўскага ўсё ж асудзяць. Хай нават на той адносна сімвалічны тэрмін, які запрасіў для яго пракурор — тры гады зняволення з адтэрміноўкай. І гэта дасць больш падстаў для ўзнікнення такіх працэсаў у іншых краінах. Бо, наколькі вядома, справы аб катаваннях у Беларусі спрабуюць распачаць як мінімум у Літве і Германіі.
Можна колькі заўгодна «рабіць ракеты», але еўрапейскае правасуддзе — гэта ўсё ж еўрапейскае правасуддзе.
Глядзіце таксама
![Лукашэнка можа трапіць пад суд па ўніверсальнай юрысдыкцыі Ці пасварацца еўрапейскія суды за права судзіць Лукашэнку?](/img/v1/images/375457571122.7573.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)