Вячорка: Гэтая восень будзе прысвечаная вяртанню Беларусі ў міжнародны парадак дня

Дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка расказаў «Нашай Ніве», што знакі ўвагі да беларускага пытання беспрэцэдэнтныя.

Фота "Белсата"

Фота "Белсата"

Святлана Ціханоўская 13 верасня заклікала Еўрапейскі парламент падтрымаць дэмакратычную Беларусь і дапамагчы прыцягнуць да адказнасці Лукашэнку. Франак Вячорка адзначае, што Святлана Ціханоўская, якая не з'яўляецца кіраўніком дзяржавы, выступала ў Еўрапарламенце трэці раз за тры гады.

«Дэмакратычная лідарка Беларусі прамаўляла 16 хвілін адразу пасля прэзідэнткі Еўрапейскай камісіі Урсулы фон дэр Ляен, што беспрэцэдэнтна», — адзначае Вячорка.

Гэтым, як даводзіць Вячорка, Еўрапарламент паказаў, што яго прыярытэт — дэмакратычная і свабодная Беларусь.

Дарадца Ціханоўскай адзначае, што ў прынятай Еўрапарламентам рэзалюцыі па Беларусі рэжым Лукашэнкі прызнаны саўдзельнікам расійскай агрэсіі супраць Украіны і мае быць прыцягнуты да адказнасці за злачынства. У ёй гаворыцца аб неабходнасці ўвядзення санкцый і арышту маёмасці Лукашэнкі.

Вячорка кажа, што рэзалюцыя хоць і мае статус мяккага закона, які не абавязковы да выканання, але ёю Еўрапарламент задаў парадак дня на наступны перыяд сваёй працы.

Дарадца Ціханоўскай кажа, што зараз задача дэмакратычнай супольнасці палягае ў тым, каб рэзалюцыю зрабіць асновай для выпрацоўкі стратэгіі Еўрасаюза па Беларусі.

«Гэта была важная сесія перад Генасамблеяй ААН, на якую збяруцца ўсе кіраўнікі дзяржаў, і гэтак Еўрапарламент уводзіць у міжнародны дыскурс тэму вызвалення Беларусі, пакарання рэжыму і яго саўдзел у вайне», — акцэнтуе ўвагу Вячорка.

Франак Вячорка кажа, што ў абыход пратаколу і забароны на дэманстраванне з трыбуны Еўрапарламента сімволікі Ціханоўскай было дазволена ўзняць бел-чырвона-белы сцяг і паказаць пашпарт новай Беларусі з трыбуны.

Паводле яго слоў, выступ Ціханоўскай быў не толькі пра актуальную праблематыку, але ў ім акцэнтавалася ўвага на фундаментальным убудаванні беларускага кантэксту ў еўрапейскі.

«Eўрапарламентары не забудуць, што такое бел-чырвона-белы сцяг, хто такі Скарына. Яны будуць пераказваць тое, што агучыла Ціханоўская, у сваіх парламентах і фракцыях, а калі стануць міністрамі, працягнуць гэту палітыку падтрымкі дэмакратычнай Беларусі», — мяркуе Вячорка.

«Чым больш людзей мы зарадзім беларушчынай, каб ім балела за Беларусь, тым больш саюзнікаў будзе ў доўгатэрміновай перспектыве», — лічыць ён.

Вячорка мяркуе, што такой увагі да сітуацыі ў Беларусі не было з 2006 года, калі Аляксандр Мілінкевіч быў адзіным кандыдатам ад апазіцыі на прэзідэнцтва. Затым на 15 гадоў надышло зацішша і «нават заігрыванне з Лукашэнкам».

«Цяпер Беларусь зноў у цэнтры ўвагі, і мы можам збудаваць трывалы фундамент адносінаў з Еўрасаюзам, які дапаможа пры любой новай сітуацыі многага дабіцца», — адзначае Вячорка.


Глядзіце таксама

Паводле яго слоў, на адной з сустрэч у Еўрапарламенце прагучала прапанова рыхтаваць пагадненне аб асацыяцыі з Еўрасаюзам.

Вячорка нагадвае, што такое пагадненне ў 2013 годзе не стаў падпісваць тагачасны прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч, і гэта прывяло да Майдану.

«Але менавіта тое пагадненне адчыніла дзверы для Украіны ў Еўрасаюз. Нам не трэба чакаць, пакуль абрынецца дыктатура, а падрыхтаваць усё загадзя, каб не марнаваць часу на дэбаты», — адзначае Вячорка.

Ён спадзяецца, што ў снежні на пасяджэнні кансультатыўнай групы «ЕС — Беларусь» можа адбыцца фармалізацыя адносінаў з Еўрасаюзам.

Дарадца Ціханоўскай дадае, што напярэдадні сесіі Еўрапарламента была разгорнутая выстава з партрэтамі сотняў палітвязняў.

Адбылася Канферэнцыя Каліноўскага, дзе eўрапарламентары з лідарамі дэмакратычнага руху і грамадзянскай супольнасці абмеркавалі важныя тэмы беларускага парадку дня. У ёй удзельнічаў былы палітвязень, праваабаронца Леанід Судаленка.

На самой сесіі выступіла Наталля Радзіна, якая звычайна крытыкуе Ціханоўскую. Але ў яе прамове, як заўважае Вячорка, разыходжанні ў пазіцыі з дэмакратычнай лідаркай не былі настолькі істотнымі.

Франак Вячорка кажа, што «ўся сёлетняя восень будзе прысвечаная вяртанню Беларусі ў міжнародны парадак дня.

16 верасня прадстаўнікі Кабінета Ціханоўскай накіроўваюцца на Генеральную асамблею ААН. На яе прыедзе і дэлегацыя афіцыйнага Мінска. Гэта адбудзецца другі раз, нагадвае Вячорка.

«Становіцца нормай, што дэмакратычная Беларусь прадстаўленая на Генасамблеі ААН. Там адбудуцца дзясяткі сустрэч, і будуць магчымасці выказацца. Наша задача, каб як мага больш актараў далучаліся да гэтага з беларускага і міжнароднага бакоў», — адзначае ён.

Вячорка кажа, што прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасці запрошаныя на Варшаўскую канферэнцыю па бяспецы, на якой запланаваны сустрэчы на высокім узроўні. Потым будуць парламенцкая сустрэча НАТА і канферэнцыя АБСЕ па чалавечым развіцці. У снежні мае пачацца стратэгічны дыялог з ЗША.

«Дабіцца рэальнага поспеху можна тады, калі дэмакратычныя сілы, незалежныя арганізацыі і медыя будуць пасылаць адны мэсэджы, што варта вызваліць палітвязняў, дэмантаваць дыктатуру, пакараць злачынцаў, вывесці расійскія войскі з Беларусі», — заклікае Вячорка.

Паводле яго слоў, «такія паўтарэнні здаюцца нуднымі для нас, але яны неабходныя, бо мы канкуруем з сотняй іншых праблем у свеце. Таму трэба цярпліва паўтараць і дабівацца свайго».