Беларуская ПВК пад кантролем Шэймана — амбіцыі ці страх Лукашэнкі?

Апошнія месяцы ў Беларусі расійскія баевікі актыўна трэніравалі патэнцыйных наймітаў з беларускага боку. З якой мэтай і якімі могуць быць наступствы ад стварэння ПВК для Лукашэнкі, разважае гісторык і палітычны аналітык Аляксандр Фрыдман.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

— Нядаўна з'явіўся дакумент, звязаны з наборам людзей у беларускую ПВК, якая належыць паплечніку Лукашэнкі Віктару Шэйману. Як вы думаеце, гэта спроба заняць месца «вагнераўцаў» у Афрыцы або з мэтай пайсці на ўкраінскі фронт?

— Я думаю, гаворка ідзе перш за ўсё пра Афрыку. Мы бачым, што намеснік Шайгу і іншыя расійскія чыноўнікі здзяйснялі турнэ па Афрыцы і вялі перамовы з кіраўнікамі афрыканскіх дзяржаў, у якіх прысутнічалі «вагнераўцы», — гаворыць Аляксандр Фрыдман у размове з LTR.lt. — Усё гэта сведчыць пра тое, што расійскія ўлады прынялі рашэнне знішчыць ПВК «Вагнер» у той форме, у якой мы яе ведалі, і заняць яе месца ў Афрыцы. Часцей за ўсё ў гэтым кантэксце згадваецца ПВК «Рэдут», якая фактычна знаходзіцца пад кантролем Шайгу і Міністэрства абароны Расіі. Мабыць, яна павінна прыйсці на замену «вагнераўцам».

У гэтым кантэксце я цалкам не выключаю, што беларуская ПВК можа атрымаць нейкі пэўны прынадны кавалак у Афрыцы, паколькі Лукашэнку даўно цікавіць афрыканская тэма. Гэта вельмі брудны, але надзвычай прыбытковы бізнэс. Не выключана, што ёсць пэўныя дамоўленасці паміж Масквой і Мінскам.

Лукашэнка можа атрымаць нейкі ўчастак у Афрыцы і магчымасць зарабіць за тую ролю, якую ён адыграў ва ўрэгуляванні сітуацыі з мяцяжом Прыгожына. Я не ведаю, як самастойная структура або ў рамках расійскіх падраздзяленняў, але такі варыянт мне ўяўляецца вельмі праўдападобным.


Глядзіце таксама

— Ці можа беларуская ПВК, калі набярэ нейкі пэўны кантынгент людзей, пачаць правакацыі на мяжы з Еўрасаюзам, ці цяпер гэта ўжо неактуальна?

— Патэнцыйна гэта магчыма. Тым больш, што Лукашэнка рэгулярна выкарыстоўвае сітуацыю на мяжы ў сваіх мэтах. Правакацыі, якія ажыццяўляліся, хутчэй за ўсё, былі спланаваныя сумесна Мінскам і Масквой. Магчыма, Масква тут адыгрывае ключавую ролю, таму, у выпадку нейкіх знешнепалітычных калізій, пагаршэння сітуацыі, новых крызісаў, такое падраздзяленне можа быць выкарыстана Лукашэнкам у якасці інструмента ціску.

Ён і ПВК «Вагнер» першапачаткова разглядаў як магчымасць павысіць сваю палітычную вагу, а таксама звярнуць на сябе дадатковую ўвагу, прымусіць прыслухоўвацца да сябе, каб яго сур'ёзна ўспрымалі. Таму такі фактар я б не выключаў, тым больш што ў Лукашэнкі ёсць пэўны досвед, звязаны з гэтым.


Глядзіце таксама

— Наколькі беларуская ПВК больш небяспечная ці менш небяспечная, чым ПВК «Вагнер»? Калі лагер беларускай ПВК будзе знаходзіцца на мяжы з Еўрасаюзам, ці прывядзе гэта да закрыцця межаў?

— Я думаю, што да ўзроўню «вагнераўцаў» яны не дацягнуць, таму што праца Прыгожына ішла шмат гадоў і была зусім на іншым узроўні. Так, ёсць інфармацыя пра тое, што інструктары ПВК «Вагнер» прымалі ўдзел у трэніроўках і падрыхтоўкай беларускай ПВК, але я думаю, што яна ніколі не будзе такой па памеры, якой была «Вагнер».

Павінна прайсці яшчэ шмат часу, каб яны назапасілі нейкі адпаведны досвед. Зноў жа, калі мы ўявім гіпатэтычную карціну, што яны адправіліся ў Афрыку і назапасілі там досвед, а затым вярнуліся з гэтым досведам у Беларусь і прыхапілі з сабой афрыканскіх наймітаў, ці яны будуць выкарыстоўваць гэтыя структуры для таго, каб перапраўляць у Беларусь нелегалаў і адпраўляць гэтых нелегалаў у далейшым у Літву, Латвію і Польшчу, — калі ўзнікне такі ланцужок, тады можа ўстаць пытанне аб закрыцці мяжы, але мне гэтае пытанне ўяўляецца вельмі дынамічным, таму што мы на працягу ўсяго лета назіралі дыскусію аб закрыцці межаў.


Глядзіце таксама

Мабыць, Літвой, Латвіяй і Польшчай ужо распрацаваны канкрэтны план па тэхнічным ажыццяўленні. Цяпер сітуацыя адносна стабілізавалася на нізкім узроўні, таму прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа заяўляе пра тое, што гэтае пытанне на сённяшні дзень не такое актуальнае, але сітуацыя ў корані можа змяніцца ў бліжэйшы час. На мой погляд, пытанне аб закрыцці межаў таксама цесна звязанае з разьвіццём сітуацыі ва Украіне. Калі вайна ва Украіне будзе замарожаная, я мяркую, што на межах Беларусі і Еўрасаюза ў гэтым выпадку апусціцца «жалезная заслона». Грузапатокі і пераход грамадзян будуць зведзены да мінімуму.

Час пакажа, але вектар развіцця неспрыяльны. Я мяркую, што гэтая дыскусія аб поўным або частковым закрыцці межаў будзе суправаджаць нас у бліжэйшыя месяцы, а то і гады.