Прыватныя ваенныя кампаніі Расіі: шлях да поспеху
У сучасным свеце прыватныя ваенныя кампаніі — з'ява нярэдкая. Па тых даных, якія прыводзяцца ў спецыялізаванай літаратуры, у бягучы момант іхні бізнес ва ўсім свеце «цягне» на 100 млрд долараў ЗША. Яны дзейнічаюць на тэрыторыях прыблізна 50 краін на ўсіх кантынентах (акрамя Антарктыды — але гэта, думаю, пакуль што).
ПВК у сучасным свеце
Персанал ПВК складаецца, як правіла, з ветэранаў сілавых структураў, перш за ўсё, тых, хто мае адмысловыя падрыхтоўку і навыкі. Як правіла, гэта былыя байцы разнастайных спецыяльных і элітных аддзелаў паліцыі, войска і выведкі. Праца ў ПВК дае ім магчымасць займацца ўлюбёнай справай і атрымліваць за гэта добрыя грошы. Асабліва актуальным гэта зрабілася па завяршэнні «Халоднай вайны», калі адбыліся значныя скарачэнні ў сілавых структурах шматлікіх краін.
У іх задачы ўваходзіць, як правіла, ахова аб’ектаў і фізычных асобаў, збор інфармацыі, трэніроўка асабовага складу рэгулярных войскаў і таму падобнае. Звычайна іхняя дзейнасць праходзіць на тэрыторыях тых краін, дзе ідуць узброеныя ўнутраныя канфлікты і існуе высокая ступень тэрарыстычнай пагрозы. Але дзейнічаць у зонах узброеных інтэрнацыянальных канфліктаў у якасці баявых падраздзяленняў ім забаронена. У адваротным выпадку яны робяцца парушальнікамі законаў вядзення вайны, пабудаваных на міжнародных дамоўленасцях, з усімі выцякаючымі наступствамі.
Звычайна ПВК падпарадкоўваюцца нацыянальным заканадаўствам, а таксама Міжнароднаму кодэксу паводзінаў тых, хто аказвае паслугі ў галіне бяспекі. Далучэнне да Кодэксу дае ПВК пэўныя перавагі. У прыватнасці, ААН заключае кантракты на ахоўныя паслугі толькі з тымі кампаніямі, якія яго падпісалі. На бягучы момант пад дакументам стаяць 659 подпісаў.
Нягледзячы на тое, што ПВК перыядычна заключаюць кантракты з дзяржавамі, яны ўсё ж застаюцца прыватнымі прадпрыемствамі з актыўнасцямі, далёкімі ад палітыкі. На гэтым фоне гісторыя расійскай ПВК, вядомай пад назвай «група Вагнера», выглядае асобным выпадкам. Яе шчыльная афіліяванасць з кіраўніцтвам дзяржавы і дзейнасць на розных кантынентах менавіта ў інтарэсах гэтай дзяржавы (у тым выглядзе, у якім гэтыя інтарэсы ўяўляюцца кіраўніцтву) прымушае прыгадваць эпоху ранняга эўрапейскага каланіялізму, калі Ост-Індзкія кампаніі атрымлівалі права мець свае войскі, а таксама весці пры іхняй дапамозе вайну і захопліваць новыя тэрыторыі.
Пра магутнасць гэтых кампаніяў можна прыкладна атрымаць уяўленне па некаторых эпізодах франшызы «Піраты Карыбскага мора».
Гэта быў надзвычай эфектыўны інструмент эўрапейскага экспансіянізму, дзякуючы якому эўрапейскія дзяржавы паставілі пад свой кантроль вялікія тэрыторыі ў розных рэгіёнах свету. Але ягоны час мінуў пару стагоддзяў таму. У тым ліку — праз непазбежнае выспяванне канфлікту паміж дзяржавай і магутнымі кампаніямі, якія ўсур’ёз падрывалі манаполію дзяржавы на гвалт і знешнюю палітыку.
Тым ня менш, Расія (можа й безадносна да гісторыі ОІК) вырашыла ажывіць тую мадэль у пачатку ХХІ стагоддзя. Якіх вынікаў варта чакаць ад паўтору таго, што даўно ўжо пройдзена чалавецтвам?
Першыя ПВК у Расіі
Пасля завяршэння «Халоднай вайны» ў Расіі, як і ў іншых краінах, востра паўстала праблема працаўладкавання тых, хто меў спецыфічныя навыкі, прызначаныя для барацьбы з іншымі людзьмі. І, як і ва ўсім астатнім свеце, натуральным выйсцем была тая праца, якая была чымсці падобнай на іхнія папярэднія заняткі. Паколькі ў Расіі не было ні ПВК, ні прававога падмурку для іхняй дзейнасці, ветэраны сілавых структураў знаходзілі сабе працу ў прыватных ахоўных прадпрыемствах. Для былых спецназаўцаў, якіх у парфесію прывяла зусім не любоў да прасіжвання штаноў у офісах (што, збольшага, і прадугледжвала новае месца працы), гэта было не зусім тое, чаго патрабавала душа.
Акрамя таго, расійскія кампаніі, якія дзейнічалі за мяжой, таксама патрабавалі аховы сваіх замежных аб’ектаў, а спецыфічныя патрыятычныя пачуцці выклікалі незадаволенасць вымушанымі зваротамі да іншаземных (у першую чаргу, амерыканскіх) кампаніяў. А калі існуе запыт, будзе і прапанова.
Яшчэ ў 1990-ых узнікла гэтак званая група «Антытэрор-Арол», якую ўтварылі і ў якую ўваходзілі былыя сілавікі (па даных расійскамоўнай Вікіпедыі група была ўтворана ў 2003-м, але заходнія крыніцы даюць іншую інфармацыю, больш падрабязную). Некаторыя з іх мелі досвед баявых дзеянняў на Балканах, у Чачні і Абхазіі. Пры гэтым удзельнікі групы былі носьбітамі досыць радыкальнай нацыяналістычнай ідэялогіі. Калі не казаць — нацыстоўскай.
Першапачаткова гэтыя кампаніі не мелі аніякіх сувязяў з расійскай дзяржавай. Іх узнікненне не было часткай нейкай стратэгічнай задумкі датычна, напрыклад, распаўсюду дзяржаўных інтарэсаў у іншыя краіны і на іншыя кантыненты. Як адбывалася ў шмат якіх іншых выпадках, шлях да ўзнікнення сімбіёзу ПВК і дзяржавы быў вынікам ланцугу выпадковасцяў. Хоць і не пазбаўленых заканамернасцяў.
ПВК і дзяржава: шлях да сімбіёзу
З аднаго боку, сустрэчу кіраўнікоў «Антытэрор-Арол» з палітыкам Уладзімірам Жырыноўскім, якая адбылася ў 1997-м, можна назваць выпадковай. З іншага боку, нацыяналістычныя настроі абодвух бакоў рабілі яе, хутчэй, заканамернай. У любым выпадку, гэтая сустрэча зрабілася шанцам для ПВК. Праз Жырыноўскага група атрымала магчымасць трапіць у Ірак, дзе таксама дзейнічалі яшчэ дзьве афіліяваныя з ёй групы — «Тыгр Топ-Рэнт» (скончыла сваё існаванне) і «Антытэрор-Рэдут» (дагэтуль функцыянуе, у тым ліку, прымае ўдзел у баявых дзеяннях ва Украіне).
У далейшым геяграфія дзейнасці гэтых групаў пашыраецца. У прыватнасці, яны атрымліваюць замову на размінаванне балканскай зоны пабудовы «Южнага патоку» — газаправоду, які Расія планавала пабудаваць разам з еўрапейскімі краінамі (у першую чаргу — з Італіяй, адпаведная дамова з якой у асобе прэм’ера Берлусконі была заключанай у 2009-м). Сумесная праца ў рамках гэтага праекту з такімі кампаніямі, як «Газпром», узмацнілі пазіцыі «Антытэрор-Арол» і наблізілі групу да абслугоўвання «нацыянальных інтарэсаў» Расіі.
Яшчэ адной расійскай групай, якая дзейнічала ў рэжыме ПВК, была Moran Security Group. Ейныя карані таксама сыходзяць у 1990-я. Гэтая група аказвала паслугі па ахове аб’ектаў, і, дзякуючы «падвязкам» у Крамлі, мела доступ да выгадных замежных кантрактаў. У прыватнасці, яна займалася аховай суднаў расійскіх кампаніяў у зоне самалійскага пірацтва. Акрамя таго, дзейнасць групы была «засветленай» у Іраку і Афганістане. А таксама — у Нігерыі, дзе ў той час таксама актыўнічаў «Антытэрор-Арол».
Менавіта ў Нігерыі адбыўся першы скандал, звязаны з групай Морана. У 2012 годзе некалькі ейных супрацоўнікаў былі затрыманы афіцэрамі мясцовага ВМФ па падазрэнні ў кантрабандзе зброі. Праз год абвінавачанні з іх былі знятымі. Але таксама — не без скандалу, бо праз некаторы час высветлілася, што на іх вызваленне былі выдаткаваны вялікія грошы.
Тым часам афіляваная з Моранам група наймітаў «Славянскі корпус» брала ўдзел у грамадзянскай вайне ў Сірыі на баку рэжыму Асада. Па замове з боку міністэрсктва энэргетыкі Сірыі яна ахоўвала аб’екты нафта- і газаапрацоўкі ў наваколлях Пальміры. У медыйную прастору інфармацыя пра іх практычна не трапляла, і ўсё звязанае з іхняй дзейнасцю, як і з дзейнасцю іншых расійскіх ПВК, было вельмі ціхім і непублічным.
Толькі ў кастрычніку 2013-га з’явіліся паведамленні, што ў сутыкненні з баевікамі Ісламскай дзяржавы былі забіты 100 чалавек, у тым ліку, расійскія найміты. Інфармацыя трапіла ў прэсу і атрымала шырокае асвятленне. На гэты раз Маскве давялося рэагаваць. Рэагаваць менавіта так, як патрабавалі расійскія законы: шэраг камандзіраў «Славянскага корпусу» трапілі пад следства за найміцтва.
Народзіны і дзейнасць «Групы Вагнера»
Але да таго часу расійскае кіраўніцтва ўжо адчула зручнасць канцэпцыі «незаконных» і «незалежных» ад дзяржавы прыватных ваенных кампаніяў для прасоўвання сваіх інтарэсаў за мяжой. Практычна адразу месца «Корпусу» ў Сірыі займае новая ПВК, шчыльныя сувязі якой з Моранам адразу кідаліся ў вочы. Яна была ўтворана былым супрацоўнікам Морана, а перад гэтым — афіцэрам спецназа ГРУ Расіі Дзмітрыем Уткіным, які праз сваё захапленне нямецкім нацызмам атрымаў мянушку «Вагнер». У Сірыі гэтая група, якая атрымала пазначэнне па мянушцы лідара, занялася фармаваннем і падрыхтоўкай спецыяльных сілаў у арміі Асада і мясцовых парамілітарных групаў.
З гэтага часу ўсё часцей з’яўляецца інфармацыя, якая высветлівае шчыльную сувязь паміж «групай Вагнера» і расійскім кіраўніцтвам. У 2014-м «вагнераўцы» прымалі ўдзел у акупацыі Крыма і ў падзеях на ўсходзе Украіны (у прыватнасці, у раёне Дэбальцава). У канцы 2016-га Дзмітрый Уткін быў заўважаны на прыёме ў Крамлі, дзе сфатаграфаваўся з Пуціным. З канца 2017-га прысутнасць «вагнераўцаў» была адзначанай у Судане, куды іх перакінулі з Сірыі.
З гэтага часу Афрыка з’яўляецца адным з асноўных рэгіёнаў актыўнасці групы. Ейная дзейнасць адзначана ў такіх краінах як Судан, Малі, Мазамбік, Лівія, Мадагаскар і Цэнтральна-Афрыканская Рэспубліка. Асноўны занятак — ахова мясцовых палітыкаў (як правіла, лідараў дзяржаў) і радовішчаў карысных выкапняў, барацьба з антыўрадавымі групоўкамі і ўмяшальніцтва ў палітычнае жыццё. Зразумела, што «Вагнер» «заводзіцца» ў тых краінах, дзе існуюць вялікія праблемы з унутранай стабільнасцю і эканамічным станам.
Нельга казаць, што «вагнераўцы» маюць поспех у афрыканскіх краінах праз сваю ваенную эфектыўнасць. Тыя прафесіяналы, якія назіралі за іхняй дзейнасцю «на месцах», акурат адзначалі шматлікія недахопы ў падрыхтоўцы да баявых дзеянняў у тамтэйшых умовах. У прыватнасці, адзначаліся няведанне мясцовых умоваў, поўная адсутнасць уяўленняў пра мясцовую культуру, няздольнасць весці вайну ў афрыканскім бушы. Прыкладам можа быць дзейнасць «вагнераўцаў» у Мазамбіку, куды яны былі накіраваныя ў верасні 2019-га, каб прыняць удзел у барацьбе супраць радыкальных ісламісцкіх мяцежнікаў. Ужо ў кастрычніку яны панеслі значныя страты, калі сем «вагнераўцаў» загінулі ў баі. У хуткім часе вайскоўцы мазамбіцкай арміі пачалі адмаўляцца выконваць задачы сумесна з расійскімі наймітамі праз кепскую падрыхтоўку апошніх. Гэта прыводзіла да канфліктаў паміж «вагнераўцамі» і жаўнерамі мазамбіцкай арміі.
Але моц «групы Вагнера» заключалася не столькі ў баявой эфектыўнасці, колькі ў блізкасці да Крамлю і скіраванасці на дасягненне палітычнага ўплыву. А гэтага яны дамагаліся не праз баявыя дзеянні ў джунглях, а праз аказанне дапамогі мясцовым палітыкам у дасягненні ці замацаванні ўлады. Прычым, яны могуць падтрымліваць некалькіх кандыдатаў адначасова. Як тое адбылося на Мадагаскары ў 2018-ым. Першапачаткова найміты прыбылі туды, каб ахоўваць расійскіх дарадцаў дзейнага прэзідэнта краіны Эры Радзаўнарымампіяніны. Але ў далейшым яны пачалі аказваць ахоўчыя і іншыя паслугі іншаму кандыдату — Андры Радзуэліне, які і перамог на тых элекцыях. Характэрна, што адным з апошніх актаў Радзаўнарымампіяніны была дамоўленасць аб утварэнні сумеснай кампаніі з адной з фірмаў Прыгожына па распрацоўцы радовішча храмітаў. Ахова радовішча была даручана «вагнераўцам».
Цэнтральна-Афрыканская Рэспубліка: адна з асноўных «вотчынаў» «вагнераўцаў»
Ахова радовішчаў карысных выкапняў — адна з найбольш заўважных актыўнасцяў «вагнераўцаў» у Афрыцы. Лепш за ўсё гэта бачна на прыкладзе Цэнтральнай Афрыканскай Рэспубліцы. У гэтай краіне доўгі час йшлі грамадзянскія войны, што прывяло да эканамічнага заняпаду. У 2016-ым перамогу на прэзідэнцкіх выбарах атрымаў Фастэн Арканж Тўадэра. Але спадчына грамадзянскіх войнаў, беднасць насельніцтва, незадаволенасць прэзідэнцкай палітыкай прывялі да актывізацыі паўстанцкіх груповак. У якасці аднаго з інструментаў абароны сваёй ўлады Тўадэра вырашыў выкарыстоўваць «групу Вагнера».
Першыя найміты прыляцелі ў ЦАР у пачатку 2018-га, а ў траўні іхняя колькасць у краіне складала каля 1 400 чалавек. Яны прымалі ўдзел у барацьбе супраць паўстанцкіх груповак, і паралельна з гэтым бралі пад свій кантроль радовічшы золата і алмазаў. Пры гэтым яны, судзячы па паведамленнях, здзяйснялі масавыя забойствы мірных жыхароў. Прэзідэнт Тўадэра глядзеў на ўсё гэта скрозь пальцы. У выніку, як сцвярджаюць прадстаўнікі апазіцыйных сілаў ЦАР, расійцы «авалодалі ўсёй краінай».
Праўда, баявая дзейнасць «вагнераўцаў» і там не заўжды дэманструе эфектыўнасць. У лютым бягучага году «група Вагнера» панесла сур’ёзныя страты, калі паўстанцы пачалі наступ з памежных рэгіёнаў на сталіцу краіны. Як сцвярджаў у лютым Ахмаду Алі, галоўны лідэр антыўрадавай Кааліцыі патрыётаў за перамены, у баявых сутыкненнях з паўстанцамі праўрадавыя сілы пацярпелі паразу, згубіўшы шмат тэхнікі. Па паведамленнях апазіцыйных крыніцаў, пры гэтым загінула ад 7 да 17 расійскіх наймітаў. Гэта — найбольш сур’ёзныя страты «вагнераўцаў» у Афрыцы пасля падзеяў у Мазамбіку ў кастрычніку 2019-га. Таксама Алі сцвярджае, што ўзброеныя сілы ЦАР у баявых дзеяннях удзелу не прымалі: усе сутыкненні адбываліся паміж паўстанцамі і «расійцамі».
У ЦАР дзейнасць «вагнераўцаў» адыграла яшчэ адну, нечаканую, ролю. У сваім памкненні ўзяць пад кантроль усе радовішчы карысных выкапняў у краіне, яны прымушаюць аб’ядноўвацца ў барацьбе супраць сябе разнастайныя паўстанцкія групоўкі, якія раней дзейнічалі асобна, атрымліваючы неабходныя сродкі для вядзення вайны праз незаконную гарняцкую дзейнасць. Цяпер у іх з’явіўся адзіны вораг, які матывуе да аб’яднання сілаў. Прысутнасць «вагнераўцаў» у ЦАР, зразумела, напружвае і цывільную апазіцыю, якая лічыць, што «Тўадэра мусіць проста пакінуць уладу».
Магутныя нелегалы
Пры гэтым дзейнасць групы «Вагнера» працягвае заставацца ў Расіі нелегальнай, бо закону аб ПВК у гэтай краіне так і няма. Спроба легалізаваць бізнес была зроблена ў 2015-м, калі ў Дзяржаўную думу Расіі ўносілі праект закону аб прыватных ваенных кампаніях. У адпаведнасці з ім, падобныя кампаніі маглі б аказваць паслугі ваеннага, ахоўнага і кансультатыўнага характару для дзяржавы, а таксама фізічным і юрыдычным асобам, але — «пад строгім кантролем дзяржавы».
Прыхільнікам прыняцця гэтага закону быў, у прыватнасці, вядомы расійскі вайсковы дзеяч генерал-палкоўнік Леанід Івашоў. Вядомы сваімі нацыяналістычнымі поглядамі (праз якія ён, дарэчы, рэзка крытыкуе вайну Расіі супраць Украіны, якая «выратавала НАТА», бо арганізацыя ўжо нікому не была патрэбнай, а цяпер перажывае адраджэнне), ён разглядаў ПВК як магчымасць працаўладкавання 0,5 млн былых «сілавікоў», якія маглі б часткова замяніць армію.
Той законапраект быў раскрытыкаваны прадстаўнікамі «сілавых ведамстваў» як несвоечасовы. Але для Расіі і той палітыкі, якую яна імкнецца праводзіць, безумоўна, больш зручна было мець прыватныя ваенныя кампаніі з усімі тымі плюсамі, якія пералічвалі аўтары законапраекту, але без адказназці за дзеянні гэтых кампаніяў. Ну і, канечне, пры наяўнасці «строгага кантролю» з боку дзяржавы.
Пры адсутнасці юрыдычнага статусу ў ПВК расійская дзяржава атрымлівае адразу некалькі плюсаў. Перш за ўсё, праз адсутнасць адказнасці за дзеянні чальцоў гэтых кампаніяў, іх можна выкарыстоўваць дзеля правядзення разнастайных далікатных місіяў, звязаных з тэрорам, ваеннымі злачынствамі, умяшальніцтвам ва ўнутраную палітыку іншых дзяржаў. Па-другое, страты, панесеныя ПВК пры ажыццяўленні разнастайных задачаў, не ідуць у статыстыку стратаў рэгулярнага войска, што дае плюсы прапагандзе. Па-трэцяе, адсутнасць юрыдычнага статусу пазбаўляе як самі кампаніі, так і іхніх чальцоў любога шанцу на прававую абарону, што робіць іх вельмі ўразлівымі перад дзяржавай. Акрамя таго, адсутнасць адпаведнага закону робіць даволі цьмяным працэс забеспячэння ПВК як фінансавымі сродкамі, так і ўзбраеннем і тэхнікай, неабходнымі для выканання задачаў. Усё гэта, па ідэі, мусіць рабіць ПВК вельмі ўразлівымі з боку дзяржавы і абсалютна падкантрольнымі ёй.
Наяўнасць такіх праблемаў непазбежна нараджае глебу для канфліктаў. У тым ліку — і глабальных, такіх як спроба мяцяжу, здзейсненая Прыгожыным крыху больш за месяц таму. Калі зноў вярнуцца да гісторыі з некалі магутнымі Ост-Індзкімі кампаніямі, дык канфлікты з дзяржавай прывялі да таго, што яны зніклі з гістарычнай сцэны.
Сітуацыя з «групай Вагнера» крыху іншая, бо тут інтарэсы дзяржавы вельмі шчыльна завязаны на працягненні функцыянавання кампаніі. Больш за тое, «перабазаванне» часткі кампаніі на тэрыторыю нашай краіны робяць вельмі актуальнымі пытанні наконт далейшага выкарыстання ейных рэсурсаў. І тым больш хвалюе эфектыўнасць гэтага выкарыстання: ці чакаць працягу поспеху?
Але гэта ўжо іншая гісторыя.