Франак Вячорка: Адстойваць інтарэсы беларусаў за мяжой стала больш складана
Парламенцкая Асамблея Рады Еўропы падтрымала рэзалюцыю аб ліквідацыі юрыдычных перашкод для беларусаў у выгнанні, а таксама аб візавай дапамозе беларусам у Беларусі. У інтэрв'ю «Свабодзе» дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка патлумачыў, чаму гэты дакумент важны.
Паводле ацэнак ПАРЭ, ад 200 тысячаў да паўмільёна беларусаў былі вымушаныя пакінуць краіну праз палітычныя рэпрэсіі пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году.
«Ідзе гаворка пра спрашчэньне візавага рэжыму, каб людзі
ўнутры Беларусі маглі хутчэй атрымліваць візы, менш плаціць. Таксама гэта
спрашчэньне ў атрыманьні гуманітарных візаў і відаў на жыхарства. Гэта праграмы
мэнтальнага здароўя для былых палітвязьняў, рэпрэсаваных. Таксама гаворка ідзе
пра працу з Інтэрполам, каб беларусаў не выдавалі. Гэта і праблемы з адкрыцьцём
банкаўскіх рахункаў, доступ да рынку працы і мэдыцыны. Апрача таго, гэта
адкрыцьцё беларускіх школак у тых краінах, дзе пражывае шмат беларусаў», — сказаў Франак Вячорка.
Ён дадаў, што гэтая дэклярацыя датычыць найперш тых
беларусаў, якія ўжо выехалі зь Беларусі, але, паводле дарадцы Ціханоўскай, яна
ўскосна падтрымлівае і тых, хто застаўся ўнутры краіны.
Цяпер Офіс Ціханоўскай зьбіраецца перадаць прынятую ПАРЭ
дэклярацыю ў кожны ўрад і парлямэнт краінаў Рады Эўропы, каб яго ператварылі ў
практычны крок.
«Гэта можа быць падзаконны акт, дзяржаўная пастанова,
парлямэнцкае рашэньне. Мы ў першую ж гадзіну пасьля рашэньня ПАРЭ выслалі яго ў
парлямэнты ЭЗ, сустрэліся з прадстаўніцай генэральнага сакратара Рады Эўропы,
якая перадасьць гэта ў міжнародныя арганізацыі. Увосень мы будзем рабіць
слуханьні ў розных парлямэнтах, перададзім гэта ў групы сяброў Беларусі, яны
зараз ёсьць у 18 краінах. Гэта дакумэнт, якім можна адчыняць габінэты», — распавёў Франак Вячорка.
Дарадца Ціханоўскай канстатаваў, што адстойваць інтарэсы
беларусаў на міжнароднай арэне становіцца ўсё складаней, паколькі вайна Расеі
ва Ўкраіне займае амаль усю інфармацыйную прастору. Беларускія дэмакратычныя сілы спрабуюць
пераконваць заходніх палітыкаў, што дапамога дэмакратычнай Беларусі — гэта
таксама і дапамога Ўкраіне. Чым мацнейшы дэмакратычных рух у Беларусі, тым
больш шанцаў, што перамога Ўкраіне прыйдзе хутчэй, кажа Вячорка.
Застаецца адзначыць, што да пачатку вайны на Захадзе ведалі пра рэпрэсіі ў Беларусі і ўсяляк спачувалі іх ахвярам — у тым ліку тым, хто быў вымушаны пакінуць краіны пад пагрозай крымінальнага палітычнага перасьледу. Аднак пасьля пачатку вайны ўлады тых жа краінаў, дзе беларускіх палітэмігрантаў віталі, пачалі прымаць захады, якія юрыдычна дыскрымінуюць пацярпелых ад лукашэнкаўскага рэжыму і фактычна замацоўваюць за імі статус «суагрэсараў».