Як Святлана Ціханоўская пасварыла «харошых рускіх»
У Твітары ідзе вялікая сварка сярод «харошых рускіх». ФБК Навальнага, лібертарыянцы, журналісты «Медузы» счапіліся праз беларускую дэмакратычную лідарку Святлану Ціханоўскую, заўважыла «Наша Ніва».
Палітык-лібертарыянец Міхаіл Светаў напісаў, што Ціханоўская — «вельмі крутая». «Пакуль расійская ліберальная апазіцыя разважала пра калектыўную адказнасць, брала на сябе адказнасць за вайну і пагражала рускім рэпарацыямі, Ціханоўская зрабіла ўсё, каб растлумачыць еўрапейцам розніцу паміж беларусамі і рэжымам Лукашэнкі», — напісаў ён і далучыў да допісу навіну пра рэзалюцыю Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, у якой пазначана, што грамадзян Беларусі не варта атаясамліваць з рэжымам Лукашэнкі, а таксама з заклікам да краін Савета Еўропы палегчыць бюракратычную цяганіну для беларусаў.
У спрэчку ўвязаўся журналіст «Медузы» Аляксей Кавалёў, які звярнуўся да палітыка Светава з пытаннем: чаму той не робіць тое ж самае, што і Ціханоўская?
Далей трэд адышоў ад тэмы і скаціўся ва ўзаемныя абвінавачанні, да якіх далучылася вядомая расследавальніца Марыя Пеўчых. Да сутнасці спрэчкі ўдзельнікі пакуль не вярталіся.
Цікава, што прыкладна месяц таму чалец ФБК Навальнага Леанід Волкаў раскрытыкаваў Святлану Ціханоўскую за тое, што яна не зрынула Лукашэнку, а замест гэтага займаецца абаронай беларусаў за мяжой. На думку Волкава, гэта памылка, якой ён і ФБК спрабуюць пазбегнуць.
«Ну, якія мэты? Лукашэнку зрынулі? Прабач, калі ласка, мэты якія?... Ну вось, яна ездзіць, сустракаецца — каб што? Як гэта транслюецца на жыццёвую сітуацыю ўнутры Беларусі?» — заявіў тады Волкаў.