Расійскі рынак застаецца адкрытым для Беларусі, але там не ўсё лёгка і проста

Беларускія і расійскія ўлады апошнім часам вельмі шчодрыя на пераможныя рэляцыі аб эканамічным супрацоўніцтве. Мінск і Масква не могуць нарадавацца на аб'ёмы ўзаемнага гандлю, але тут ёсць пэўныя «але».

Фота з valberis.cyou

Фота з valberis.cyou


Упершыню атрымана станоўчае сальда

7 чэрвеня, сустракаючыся ў Сочы з беларускім калегам Раманам Галоўчанкам, расійскі прэм'ер Міхаіл Мішусцін заявіў, што ў 2022 годзе агульны тавараабарот дзвюх краін вырас на 12% і перавысіў 43,4 млрд долараў. Ён дадаў, што ў студзені — красавіку 2023-га аб'ём узаемнага гандлю павялічыўся яшчэ на 11%. І гэта не мяжа. «Прынятыя вельмі важныя рашэнні аб нарошчванні нашага інтэграцыйнага ўзаемадзеяння», — цытуе Мішусціна «Позірк».

У траўні аб рэкордных лічбах камерцыі з усходняй суседкай даў справаздачу пасол Беларусі ў РФ Дзмітрый Круты:«Летась у нас атрымалася пераламаць тэндэнцыю з адмоўным сальда ў гандлі з Расіяй. Упершыню ў гісторыі мы і па таварах, і па паслугах атрымалі плюс».

Паводле яго слоў, у першым квартале 2023 года сітуацыя стала яшчэ лепшая: «У нас на сёння сумарнае сальда плюс 896 млн долараў».

Пра тое ж 12 траўня гаварыў і Галоўчанка, падкрэсліўшы, што за першыя тры месяцы тавараабарот паміж Беларуссю і Расіяй у гадавым вылічэнні вырас на 22%. А віцэ-прэм'ер Мікалай Снапкоў 24 траўня адзначыў, што ў першым квартале былі цалкам кампенсаваныя «страты экспарту ад уплыву санкцый».

Міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў назваў пераарыентацыю гандлю ва ўмовах заходніх абмежаванняў «канцэпцыяй развароту на ўсход», удакладніўшы, што летась «доля Расіі ў агульным тавараабароце нашай краіны дасягнула 60%, а наша доля ў расійскім імпарце павялічылася да 9%, значна перавысіўшы сярэдні ўзровень за апошнія 20 гадоў (5-6%)».

Пры гэтым даследчы цэнтр BEROC канстатуе адаптацыю беларускай эканомікі да санкцый, а Белстат фіксуе паступовае аднаўленне ВУП. Відавочна, што і тое, і іншае адбываецца з адной прычыны — за кошт беспрэцэдэнтнай расійскай падтрымкі.


У Расіі з'явіўся запыт на імпарт з Беларусі?

Відавочна і іншае: у плюс беларускі гандаль з РФ вывелі не столькі намаганні ўладаў, дзякуючы якім, як сказаў Круты, «атрымалася пераламаць тэндэнцыю», колькі знешнія абставіны.

«Сапраўды, да 2022 года ў Беларусі было адмоўнае гандлёвае сальда з Расіяй, — адзначае ў каментары «Позірку» старшы навуковы супрацоўнік BEROC Анастасія Лузгіна. — Гэта было вытлумачальна, бо ў нашу краіну паступалі з усходу нафта і газ, якія складалі вялікую ўдзельную вагу ў імпарце. Беларусь таксама шмат экспартавала ў Расію, куды пастаўляла прадукты харчавання, тэкстыль, машыны і абсталяванне. Тым не менш розніца ў тавараабароце была адмоўнай».

Па словах эксперткі, ранейшая структура тавараабароту зведала вымушаныя змены «ў выніку вайны ва Украіне і уведзеных у сувязі з гэтым санкцый».

«Фактычна зачыніўся ўкраінскі рынак, былі абмежаваныя магчымасці паставак тавараў у Еўропу. У выніку Беларусь стала пераарыентаваць гандлёвыя патокі на ўсход. Натуральна, у якасці найбольш блізкага партнёра тут традыцыйна выступіла Расія», — канстатуе эканаміст.

Можа падацца, што, як і ў 2020 годзе падчас пратэстаў, Крэмль зноў выручыў Аляксандра Лукашэнку, але цяпер усё крыху інакш. Саму Маскву прыціснулі абставіны. У першую чаргу пад масіраваныя заходнія санкцыі трапіла менавіта РФ.

«У Расіі быў [павышаны] запыт на імпарт з Беларусі, бо праз санкцыі яна таксама апынулася адсунутая ад заходніх рынкаў. Чым і скарысталіся беларускія пастаўшчыкі», — удакладняе Лузгіна.

Разам з тым, дадае яна, летась павысіць канкурэнтаздольнасць беларускіх тавараў у Расіі дапамагла спрыяльная сітуацыя на валютным рынку.

«Расійскі рубель у дачыненні да долара і еўра ўмацоўваўся больш актыўна, чым беларускі <...>. Гэта таксама стымулявала ўзаемны тавараабарот, перш за ўсё рост беларускага экспарту ў РФ», — кажа эканамістка.


Кітайцы дэмпінгуюць, ставіць падножкі паралельны імпарт

Увогуле, на расійскім напрамку беларускаму знешняму гандлю ў цяжкі момант пашанцавала. Але ці будзе гэта шанцаванне спадарожнічаць Мінску і надалей?

Як адзначае Лузгіна, у гэтым годзе сітуацыя на гэтым кірунку змянілася.

«Па-першае, пачаў зніжацца курс расійскага рубля да долара і еўра, і беларуская прадукцыя ўжо не так выйграе ў кошце, — падкрэслівае экспертка. — Па-другое, павялічыліся пастаўкі ў Расію тавараў з іншых краін, з таго ж Кітая. Гэта адчуваецца. І амбасадар Круты нездарма ў траўні казаў пра дэмпінг кітайскіх вытворцаў, які звужае магчымасці для беларускіх кампаній».

Амбасадар Беларусі ў РФ у сярэдзіне траўня ў эфіры дзяржТБ наракаў не толькі на «дэмпінг трэціх краін», але і на паралельны імпарт у Расію. Дэталізаваў: «Для нас крытычна важна — гэта сегмент машынабудавання. Безумоўна, мы хочам захаваць хаця б долі нашых прадпрыемстваў па пастаўках на расійскі рынак».

На сітуацыю з паралельным імпартам, арганізаваным за кошт перабудовы лагістычных ланцужкоў, звяртае ўвагу і суразмоўца: «Гэта таксама стварае канкурэнцыю. Расійскі рынак застаецца самым даступным і адкрытым для Беларусі, але гэта не значыць, што там усё лёгка і проста».


Масква бярэ ў разлік і палітычны фактар

На думку эканамісткі BEROC, прадказаць, як будзе развівацца сітуацыя ў беларуска-расійскім гандлі, сёння складана, але «не факт, што экспарт будзе змяншацца, хутчэй наадварот».

«У любым выпадку, улічваючы страчаныя рынкі, Расія застанецца галоўным гандлёвым партнёрам Беларусі. Проста пэўным вытворцам — не ўсім — будзе складаней ажыццяўляць пастаўкі», — кажа экспертка.

«Трэба разумець, — удакладняе яна, — што ў 2022 годзе беларускія вытворцы пераарыентаваліся на Расію не ўсё і не адразу. Гэта быў працэс, які працягваецца. Плюс не сядзіць на месцы ўрад. Чыноўнікі ўвесь час ездзяць па расійскіх рэгіёнах, наладжваюць сувязі, усталёўваюць адносіны».

Лузгіна зноў успамінае пасла Крутога, які нядаўна папрасіў у Масквы «даць пры рэалізацыі ў Расіі беларускай тэхніцы тыя ж ільготы, якія маюць мясцовыя вытворцы».

«Невядома, якім будзе рашэнне, але відаць, што ўлады імкнуцца мінімізаваць рызыкі і выдаткі», — тлумачыць суразмоўніца. І робіць выснову, што трэнд, хутчэй за ўсё, захаваецца.

Аднак, дадае эканамістка, застануцца і складанасці, звязаныя з узмацненнем канкурэнцыі і здольныя ўплываць на канчатковы вынік.

«Часта справа тут не толькі ў якасці беларускай прадукцыі — тыя ж бізнес-мадэлі ў Кітаі могуць быць больш эфектыўнымі, чым у зарэгуляваных беларускіх прадпрыемстваў. І ўсё ж такі можна чакаць, што аб'ёмы беларускага экспарту ў Расію застануцца вялікімі», — рэзюмуе экспертка.

На яе думку, Расія зацікаўленая падтрымліваць гэтыя сувязі яшчэ і для таго, каб у іншых пытаннях Мінск па-ранейшаму быў лаяльны да Крамля. Іншымі словамі, разам з эканамічнымі аргументамі беларуска-расійскі гандаль стымулюе і палітычны разлік.