«Калі ты ні на каго не збіраешся нападаць, то навошта пра гэта ўвесь час распавядаць?»

Аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі» разважае пра альтэрнатыўную беларускую міралюбнасць і пра тое, што беларуская стабільнасць апошнім часам выглядае вельмі дзіўна. Такая ўжо стабільнасць, што даводзіцца праз дзень палохаць суседзяў ядзернай бомбай.

img_3400_logo_2.jpg

Учора па тэлевізары цэлы дзень паказвалі народнае адзінства. Ніколі такога адзінства раней не было, як учора ў тэлевізары. Увесь тэлевізар згуртаваўся ў сваім адзінстве літаральна як адзін. А хто не з'яднаўся ў тэлевізары, той сам вінаваты. Якое яму адзінства, калі ён нават у тэлевізары не можа правільна згуртавацца? Людзі, якія не ўмеюць правільнага згуртавацца ў тэлевізары, не падыходзяць для народнага адзінства.

А без правільнага адзінства, вядома, бяда. Таму што за гэтыя тры гады стабільнасць стабілізавалася ўжо амаль да поўнай стабілізацыі.

Асабліва, вядома, прыкметна стабілізавалася геапалітычная стабільнасць. Так стабілізавалася, што даводзіцца праз дзень палохаць суседзяў ядзернай бомбай. І распавядаць пра тое, як у Беларусі не будзе вайны. Вось учора сёй-той зноў сказаў, што вайны ў Беларусі не будзе. Таму што хтосьці ні на каго не збіраецца нападаць. І ён гэта так часта апошні час паўтарае, што становіцца ўжо трошкі страшна. Таму што калі ты ні на каго не збіраешся нападаць, то навошта пра гэта ўвесь час распавядаць? Не збіраешся нападаць ну і не збірайся сабе далей. Толькі моўчкі.

Я, вядома, амаль упэўнены, што ні на каго беларускія ўлады насамрэч нападаць сапраўды не збіраюцца. На гэта іх разважнасці ўсё ж такі павінна хапіць. Што ўсе размовы пра сваю ядзерную міралюбнасць — гэта проста такі спосаб падняць сабе геапалітычную самаацэнку.

Таму што якая можа быць геапалітычная самаацэнка, калі цябе нават у саюз з Паўночнай Карэяй не паклікалі? Вось давялося ў пятніцу самому прасіцца.

Але гэта, я разумею, пра ўшчэмленую геапалітычную веліч. А вось ці разумеюць суседзі — вялікае пытанне. Таму што калі ты ўвесь час махаеш перад носам у суседа ядзернай бомбай, то, пагадзіся, у суседа могуць з'явіцца некаторыя сумневы ў тваёй міралюбнасці. Асабліва ўлічваючы ўвесь папярэдні вопыт узаемадзеяння.

P.S. Таму што з таго часу, як сокалы скінулі пацука на прыступкі Дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы, міралюбнасць беларускіх улад з кожным днём станавілася ўсё больш альтэрнатыўнай.