Вайна скончыцца, а Лукашэнка застанецца. Можа быць. Ці не можа?

Ці магчымае вяртанне Беларусі ў сітуацыю «да 2020-га» і ці хоча гэтага Лукашэнка, разважае Віктар Багдзевіч у блогу на «Радыё Свабода».

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

За тры дзесяцігодзьдзі маналіт аднаасобнай улады ў Беларусі зацьвярдзеў настолькі, што цяжка ўявіць, якім чынам і хто здольны разбурыць яго пры жыцьці Лукашэнкі. Вельмі можа стацца: вайна скончыцца — а Лукашэнка застанецца на ранейшым месцы. І ключавым стане пытаньне: наколькі яго самога задавальняе той рэжым жорсткай дыктатуры і татальнага страху (і зьвязаных з гэтым міжнароднай ізаляцыі і маштабных санкцый), які ўсталяваны ў краіне пасьля 2020–2021 гадоў? Ці здольны Лукашэнка зьмяніцца і хаця б часткова вярнуцца назад — з татальнай дыктатуры ў звыклы для яго аўтарытарызм?

Паўза перад «зацісканьнем гаек»

Наколькі камфортна адчувае сябе Лукашэнка ў той новай ролі, у якой ён апынуўся пасьля 2020–2021 гадоў? Звычайна, калі заходзіць размова пра гэта, аналітыкі разважаюць пра тое, што імклівы дрэйф ад параўнальна мяккага аўтарытарызму да жорсткай дыктатуры адбыўся як вынік страху Лукашэнкі і ягонай прагі помсты. Многія таксама лічаць, што зваротны шлях немагчымы: Лукашэнка, маўляў, так і застанецца апанаваны сваімі фобіямі перад абуджэньнем грамадзтва і пагрозай страты ўлады, а таму дзеля самазахаваньня будзе толькі падвышаць градус рэпрэсій. І іншых паводзінаў да ягонага фізычнага фіналу чакаць не выпадае. Ці так гэта?

Зьвярнуў бы ўвагу на некалькі істотных абставінаў, якія ставяць пад сумнеў такія высновы. Адметна, што абрынаньне Беларусі ў дыктатуру і разгул палітычных рэпрэсій адбылося не адразу пасьля жніўня-верасьня 2020 году. Спачатку было зацішша. Згадайма, яшчэ ў кастрычніку 2020-га Лукашэнка нечакана прыяжджае ў СІЗА КДБ і праводзіць там шматгадзінную размову з Бабарыкам, Ціханоўскім і іншымі зьняволенымі лідэрамі апазыцыі. Спрэчкі пра грамадзкі дыялёг, канстытуцыйную рэформу, урэшце, наступная наладжаная для ўдзельнікаў «круглага стала» лазьня — усё гэта зусім не нагадвала паводзіны чалавека, апанаванага нянавісьцю і жаданьнем помсты ў адносінах да сваіх суразмоўцаў.

А памятны навагодні выступ Лукашэнкі 30 сьнежня 2020 году? «Нам усім, хто бачыць сьвет па-рознаму, трэба ўсьвядоміць, што ў нас адзіная каштоўнасьць — лапік зямлі ў цэнтры Эўропы. Іншага ня дадзена. І ў імя захаваньня яго для дзяцей давайце перагорнем старонку пройдзенага і будзем разам пісаць новую главу незалежнай Беларусі», — гэтыя словы гучалі зусім прымірэнча, не агрэсіўна і ня помсьліва. І абвяшчэньне Лукашэнкам у той жа прамове наступнага 2021 году Годам народнага адзінства выглядала ў той час як зусім зразумелы і рацыянальны крок, які зусім ня прадказваў хуткіх узрушэньняў.

Але потым, у першай палове 2021-га, адбылося тое, што адбылося: раптоўнае і імклівае «закручваньне гаек», пачатак маштабных палітычных рэпрэсій, увядзеньне новага рэпрэсіўнага заканадаўства, зьнішчэньне грамадзянскай супольнасьці, сотні новых палітвязьняў, хваля эміграцыі... Чаму гэта стала магчымым?

Каманда на «зачыстку»

Што ж адбылося ў першыя месяцы 2021-га такога, з-за чаго колішні зусім прымірэнчы і міралюбны тон Лукашэнкі быў заменены на мэтал у голасе і ажыцьцёўленыя пагрозы жорсткай расправы над усімі палітычнымі апанэнтамі? (З выступу 3 ліпеня 2021-га: «...Я даручыў праваахоўным органам правесьці, груба кажучы, зачыстку па ўсёй краіне. Яны перайшлі рысу. Мы ім дараваць ня можам...Ужо, напэўна, не засталося тых, хто заблудзіў і быў падмануты. Засталіся толькі ворагі».)

«Зачыстка» распачалася і адбывалася вельмі хутка. Адладжаны за доўгія дзесяцігодзьдзі аўтарытарны мэханізм паслухмяна выканаў каманду: уся машына пераключылася на іншы рэжым, закруціліся іншыя шасьцерні: новыя рэпрэсіўныя законы і ўказы, новы ўзровень рэпрэсій і жорсткасьці ў турмах, пагромы незалежных рэдакцый і грамадзкіх арганізацый, атмасфэра страху ў грамадзтве...

Усё гэта тады абгрунтоўвалася мітычнымі «тэрарыстычнымі ячэйкамі», якія нібыта настварала апазыцыя, рыхтуючы дывэрсіі і забойствы. У якасьці доказу, сярод іншага, прыводзіліся сьведчаньні нядаўна арыштаванага Пратасевіча. Найбольш маляўнічы прыклад, які павінен быў апраўдаць і абгрунтаваць рэпрэсіі, быў апісаны ў тым жа дакладзе Лукашэнкі 3 ліпеня: як тэрарысты нібыта хацелі выкрасьці і адрэзаць язык прапагандысту Азаронку. Але ўся тэрарыстычная атака, як выявілася, ад самага пачатку была пад пільным кантролем спэцслужбаў. Азаронак у выніку спэцапэрацыі «на жыўца» ніяк не пацярпеў і атрымаў мэдаль. Тэрарыстаў абясшкодзілі на дальніх подступах да меркаванай ахвяры... А сама гэтая сумнеўная апэрацыя стала спускавым кручком для пачатку маштабных палітычных рэпрэсій.

Хто ведаў пра блізкую вайну?

Калі перачытаць публічныя выступы Лукашэнкі сярэдзіны 2021 году, то немагчыма не заўважыць, як часта ў іх паўтараецца слова «вайна» («Я, праўда, верыў, што гасподзь мілаваў нас і мы ня пройдзем ні праз войны, ні праз выпрабаваньні. Аказваецца, не... Дай бог нам прайсьці гэтыя выпрабаваньні без гарачай вайны... Мы, людзі ў пагонах, абавязаныя зрабіць усё, каб людзі нават не заўважылі, што мы вядзем сёньня гібрыдную вайну» — цытаты з даклада 3 ліпеня 2021 году. Тады, увесну і ўлетку 2021-га, гэта ўспрымалася з пэўным неўразуменьнем і зьдзіўленьнем: пра якую вайну ён увесь час гаворыць? Хто на каго зьбіраецца нападаць? Але ўжо быў напісаны і надрукаваны праграмны антыўкраінскі артыкул Пуціна, у якім абгрунтоўвалася «непаўнавартасьць» украінскай дзяржавы і ўкраінцаў як нацыі. Ужо рыхтаваліся ў розных рэгіёнах Расеі эшалёны з вайсковай тэхнікай для адпраўкі ў памежныя з Украінай беларускія рэгіёны — нібыта на вучэньні... Ужо была дадзена згода на пачатак маштабнага мігранцкага крызісу на заходніх межах.

Лукашэнка ў першай палове 2021-га ўжо яўна ведаў пра падзеі, якія здарацца на пачатку 2022-га і да якіх ваўсю рыхтаваўся Пуцін. І грамадзтва, краіну ён рыхтаваў адпаведным чынам: як аточаны вайсковы лягер, у якім павінна панаваць поўнае аднадумства і падпарадкаванасьць правадыру. З гэтага пункту гледжаньня ўсё тое, што распачалося ў Беларусі ўвесну 2021-га, набывае новы сэнс і ўспрымаецца ў іншым сьвятле.

Сёньня цяжка пэўна сьцьвярджаць — было гэта самастойнае ягонае рашэньне, як вынік угавораў і пажаданьняў Пуціна, ці змушанае, прынятае пад ціскам і прымусам, як частка нейкіх дамоўленасьцяў з Крамлём. Але такое рашэньне — як адзін з істотных крокаў падрыхтоўкі да блізкай вайны — было прынятае.

Новая рэальнасьць

У 70-гадовым узросьце людзі рэдка мяняюць свой сьветапогляд і распачынаюць новае жыцьцё. У такім веку не да экспэрымэнтаў і не да крутых віражоў у жыцьці. На працягу цэлай чвэрці стагодзьдзя Лукашэнка ўласнымі рукамі ствараў, адладжваў, кіраваў гэтай фурманкай так, як умеў і як разумеў. То нацягваючы, то адпускаючы лейцы, плетучы інтрыгі то з Масквой, то з Захадам — дзе ласкай, дзе хітрыкамі і саступкамі, дзе закуліснымі дамоўленасьцямі. Гэта стала ягоным палітычным стылем. І раптам усё гэта зьмянілася, ад многага звыклага давялося адмовіцца. Там, дзе была параўнальна мяккая аўтарытарная сыстэма, зьявілася жорсткая дыктатура. Ці задавальняе гэта самога Лукашэнку?

Улада ў ягоных руках нібыта засталася, але яна зрабілася іншай, бо грунтуецца на іншым падмурку. У тым ліку падмурку эканамічным, фінансавым. Як нядаўна прызнаў амбасадар Беларусі ў Расеі Дзьмітры Круты, 45 працэнтаў беларускай эканомікі апынуліся пад прамымі замежнымі санкцыямі. Рынкі Заходняй Эўропы і Ўкраіны да 2020 году складалі для Беларусі 40 працэнтаў, цяпер — толькі 5. У рэальных грашах гэта — 10,5 мільярда даляраў. Фактычна ўсе гэтыя патокі давялося пераарыентоўваць на Расею. Адпаведна, сам Лукашэнка страчвае прастору для манэўру, трапляе ў татальную і кабальную залежнасьць ад Крамля. Другая эканамічная апора (выгадны гандаль з Захадам, найперш прадуктамі нафтаперапрацоўкі), да якой ён прывык і якой часта і даволі ўмела маніпуляваў — фактычна страчаная. Якому аднаасобнаму валадару такое можа спадабацца?

А што зь іншымі атрыбутамі прэзыдэнцкага жыцьця, да якіх прызвычаіўся за чвэрць стагодзьдзя? Так, асабліва блізкімі і цёплымі адносіны з Захадам не былі і раней. Але ж неба над Эўропай і Амэрыкай яму ніколі не закрывалі. Зрэдзьчасу ў Менску нават бывалі палітычныя лідэры сусьветнага маштабу: Бэрлюсконі, Мэркель, Макрон. І маршруты візытаў самога Лукашэнкі ў свой час пралягалі і праз Рым, і праз Парыж, і празь Нью-Ёрк. А што цяпер? У Маскву, Санкт-Пецярбург і Сочы даводзіцца лётаць не радзей, чым якому-небудзь расейскаму губэрнатару. Менск з замежнымі візытамі наведваюць пераважна замежныя лідэры маштабу Эмэрсана Мнангагвы і Нгема Мбасога. Адпаведна, у краіны накшталт Зымбабвэ і Экватарыяльнай Гвінэі пралягаюць тыя рэдкія замежныя афіцыйныя візыты, якія пакуль для Лукашэнкі даступныя. Значная частка сьвету перастала ўспрымаць яго як самастойную палітычную фігуру.

Што асабліва даткліва — у Лукашэнкі фактычна адабралі тыя ўлюбёныя забавы, якія цешылі ягонае самалюбства на працягу некалькіх дзесяцігодзьдзяў: спорт (асабліва хакей), удзел у Алімпійскіх гульнях. Тая сфэра, у якую было ўкладзена столькі грошай і сілаў, якая была прадметам гонару і пахвальбы перад іншымі — апынуўшыся ў поўнай міжнароднай ізаляцыі, занепадае, дэградуе і развальваецца.

«Можа два, можа тры гады...»

У пэўным сэнсе сыстэма ўлады Лукашэнкі пасьля 2020–2021 гадоў была зьмененая, перафарматаваная. Як ён сам ацэньвае гэтыя зьмены і наколькі камфортна і ўпэўнена сябе ў новай ролі адчувае? Адкрытых шчырых прызнаньняў чакаць ад яго наўрад ці выпадае, але зь некаторых намёкаў і рэплік хаду ягоных думак зразумець можна. Вось як ён разважаў на гэтую тэму падчас наведваньня БДУ сёлета 25 жніўня:

«Нам трэба мабілізавацца, каб прайсьці гэты пэрыяд. Колькі ён працягнецца... Можа два, можа тры гады. Гэта ж ніхто ня ведае. Ні вы, ні я — мы гэтага ня ведаем. Таму патрэбна зараз гэтае адзінства, каб нам гэты пэрыяд прайсьці. Так склалася сытуацыя. Ня ведаю, кепска гэта ці добра. З аднаго боку, так, добра. З другога — кепска»... «Краіну трэба захаваць, і мы павінны ў гэтым пляне мабілізавацца».

Словы «адзінства», «мабілізавацца» ў вуснах Лукашэнкі — эўфэмізмы. Замяніце іх словамі «дыктатура» і «праводзіць палітычныя рэпрэсіі» — і стане зразумела, што ён мае на ўвазе.

Што адметна, пэўнасьці наконт таго, колькі працягнецца «гэты пэрыяд», у Лукашэнкі няма, хоць заўважна, што разьлічвае ён на некалькі гадоў і ў цэлым ад «гэтага пэрыяду» яўна не ў захапленьні. Пры гэтым наколькі супярэчліва зь сёньняшняй беларускай рэчаіснасьцю гучаць многія ягоныя заявы і заклікі! Вось толькі некаторыя з агучаных падчас наведваньня БДУ тэзаў:

«І вось я гляджу ў аўдыторыю, калі выступалі людзі. Хтосьці скрывіўся, хтосьці галавой ківае, хтосьці ня згодны. Бачу, што нават у гэтай аўдыторыі ня ўсё адназначна. Ну і ня трэба. Не павінна быць адназначнасьці гэтай. Няма курсу на тое, каб некага прыдушыць, меркаваньне зашчаміць».

«Павінны быць пункты гледжаньня... Ня трэба наскокваць адзін на аднаго, ня трэба крышыць адзін аднаго. Гэта ж нашы людзі. Трэба акуратна падыходзіць. Нельга ні ў якім выпадку ў гэтай сытуацыі ламаць адзін аднаму рэбры».

А адразу ўсьлед за гэтым — папярэджаньне і засьцярога:

«Але ворага трэба бачыць. Час такі. Але быць вельмі акуратнымі».

На першы погляд, заявы гэтыя — непрыкрыта цынічныя і крывадушныя. Пра свабоду меркаваньняў і неабходнасьць розных пунктаў гледжаньня гаворыць чалавек, які ня можа ня ведаць, што на ягоны ж уласны загад у сёньняшняй Беларусі кідаюць у турмы ня тое што за меркаваньне — за «падабайку» пад чужым тэкстам альбо за «ня той» колер манікюру ці шкарпэтак. З другога боку, нельга ня ўлічваць той факт, што рэпрэсіўная машына цяпер ужо працуе «на аўтамаце». Аднойчы яе запусьцілі, добра змазваюць і запраўляюць палівам — яна крышыць чалавечыя лёсы і нішчыць жыцьці незалежна ад тых супярэчлівых заўвагаў і засьцярогаў, якія час ад часу выказвае Лукашэнка.

Хто можа яе спыніць? У сёньняшніх умовах — толькі той, хто і запусьціў: сам Лукашэнка. Ці хоча ён гэтага, а калі так — калі гэта можа адбыцца? Мяркуючы па ягоных выказваньнях — так, гэта, хутчэй за ўсё, магчыма, і гэта можа адбыцца пасьля таго, «як пройдзем гэты пэрыяд», «можа два, можа тры гады». Іншымі словамі, такія зьмены могуць адбыцца пасьля вайны.

У гэтай сувязі варта зьвярнуць увагу на нядаўняе інтэрвію Лукашэнкі прарасейскай прапагандыстцы з Украіны Дыяне Панчанцы. Яно літаральна прасякнутае заклікамі да неадкладнага спыненьня агню ва Ўкраіне і пачатку перамоваў. На якое б пытаньне ён ні адказваў — рэфрэнам гучалі менавіта такія высновы: «Перамовы павінны пачацца неадкладна без папярэдніх умоваў», «Мэты СВА на сёньняшні дзень ужо выкананыя», «Ня важна, якім спосабам і мэтадам, галоўнае — мір». Трохі дзіўна было гэта чуць у краіне, дзе любога іншага грамадзяніна за падобныя ж антываенныя выказваньні і заклікі да міру тут жа валакуць у кутузку. Але для Лукашэнкі гэта, відавочна, жаданая мэта. Зусім магчыма — таму, што канец вайны — гэта яшчэ і шанец на вяртаньне ў тую мінулую звыклую і камфортную для яго рэальнасьць.

Зразумела, што сам Лукашэнка пры гэтым не ператворыцца ні ў дэмакрата, ні ў рэфарматара. Ён проста яўна ня супраць вярнуцца ў тую старую добрую для яго нармальнасьць (у ягоным разуменьні), якую ён сам ствараў і ў якой камфортна пачуваў сябе зь сярэдзіны 90-х да 2020 году.

Франсіска Франка: спроба «ачалавечыць» дыктатуру

Звычайна жорсткія дыктатуры паміраюць разам са сваімі стваральнікамі, зь імёнамі якіх атаясамліваліся. Палітычныя адлігі і лібэралізацыі найчасьцей ажыцьцяўляюць тыя, хто прыходзіць на месца памерлага, аслабелага альбо зрынутага дыктатара: Хрушчоў пасьля Сталіна, Дэн Сяопін пасьля Мао Цзэдуна. Але ў багатай на дыктатуры гісторыі 20 стагодзьдзя здаралася і так, што жорсткая дыктатура зьмякчалася і пакрысе эвалюцыянавала ў бок аўтарытарызму бязь зьмены галоўнай асобы на вяршыні ўлады. Так адбылося, напрыклад, са шматгадовым гішпанскім дыктатарам Франсіска Франка.

Жорсткі і бязьлітасны да сваіх ворагаў-рэспубліканцаў падчас грамадзянскай вайны, у пасьляваенныя гады каўдыльё пакрысе аслабляў палітычныя рэпрэсіі. Адбывалася гэта галоўным чынам пад уплывам вонкавых фактараў. Напрыклад, своеасаблівая амністыя (хоць і абмежаваная) для тых гішпанцаў, якія ўцяклі ад палітычнага перасьледу ў СССР, была абвешчана ім у 1956 годзе, задоўга да сыходу. Франка ў той час шукаў выйсьця зь міжнароднай ізаляцыі, і прымірэнчы жэст у бок былых ворагаў быў зусім дарэчы. Тым больш што ў СССР якраз пачыналася хрушчоўская адліга. Тады, у 1956–1957 гадах, з СССР на радзіму вярнуліся каля 2600 гішпанцаў — далёка ня ўсе з тых, што ўцяклі ад жахаў франкісцкай дыктатуры. Многія баяліся (і небеспадстаўна: рэпрэсіі ў краіне працягваліся, хоць і ў значна меншых маштабах). Увогуле, працэс рэпатрыяцыі гішпанцаў-палітэмігрантаў расьцягнуўся на многія дзесяцігодзьдзі і завяршыўся толькі пасьля сьмерці каўдыльё і канчатковага краху дыктатуры.

Многіх уразіла ідэя Франка збудаваць у гонар усіх, хто загінуў падчас грамадзянскай вайны, велічны мэмарыял — Даліну Палеглых. Там былі пахаваныя больш як 30 000 гішпанцаў — і франкістаў, і іхных ворагаў. Гэты мэмарыял быў пабудаваны і адкрыты ў 1959 годзе і выглядаў як жэст прымірэньня, грамадзянскай згоды. Хоць многія не без падстаў лічылі, што каўдыльё такім чынам імкнуўся найперш увекавечыць уласнае імя, бо самае ганаровае месца там было зарэзэрвавана менавіта для магілы Франка.

Паступовае зьмякчэньне франкісцкага рэжыму адбывалася і ў 60-я гады. Прынялі закон аб прэсе, дазволілі страйкі непалітычнага характару, зьявіліся новыя магчымасьці ў мясцовага самакіраваньня, былі пашыраныя некаторыя грамадзянскія правы. У фінале, у апошнія гады жыцьця Франка, гэта быў ужо, па сутнасьці, аўтарытарны рэжым, у якім і грамадзтва, і кіроўная кляса былі гатовыя да палітычных трансфармацый — каб уладкаваць сваю дзяржаву так, як эўрапейскія суседзі.

Праўда, канчаткова разабрацца зь цяжкой спадчынай каўдыльё, які кіраваў краінай на працягу амаль 40 гадоў, гішпанцы, нават збудаваўшы сучасную дэмакратычную дзяржаву, здолелі яшчэ вельмі ня хутка. І нават сымбалічная акцыя — вынас цела дыктатара з ганаровага месца ў Даліне Палеглых і перазахаваньне яго на звычайных могілках — адбылася толькі ў 2019 годзе, больш як праз 40 год пасьля сьмерці дыктатара.