Як ахейцы не хацелі міру, а хацелі сабе назад сваю геапалітычную веліч
Ахейцы былі не супраць адраджэння велічы, але яны проста ваяваць не хацелі. Бо адна справа — разрабаваць дом рымскага купца, і зусім іншае – сустрэцца ў чыстым полі з рымскімі легіёнамі. Як ахейцы спрабавалі змагацца з аднапалярным светам і рымскім гегеманізмам — і што з гэтага атрымалася, распавядае аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі».
У сённяшні паштальёнам выхадны я раскажу гісторыю пра саюз чатырох (не трох — заўважце, а чатырох) няўдачнікаў.
Здарылася гэта ў часы, калі Рым яшчэ не стаў імперыяй, але ўжо быў вялікай дзяржавай. Самай моцнай дзяржавай у Грэцыі тады быў Ахейскі Саюз. І правадырам Ахейскага Саюза вельмі не падабаўся рымскі гегеманізм і ўвесь гэты аднапалярны свет. Правадыры Ахейскага Саюза памяталі часы, калі пяцьдзясят гадоў таму Ахейскі Саюз таксама быў такой маленькай вялікай дзяржавай.
Каменем перапоны стала спрэчка аб Спарце. Спарта таксама была часткай Ахейскага Саюза. Але Спарце ў Ахейскім Саюзе ніколі не падабалася. Таму Спарта выйшла з Саюза. А каб яе ніхто не вярнуў, папрасіла Рым быць гарантам свайго суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці.
І Рым пагадзіўся. Больш за тое, рымскі сенат прыняў пастанову, што не толькі Спарта, але і іншыя падданыя Ахейскага Саюза маюць права на самавызначэнне.
Такой праявы рымскага гегеманізму правадыры Ахейскага Саюза вытрываць не маглі — і афіцыйна абвясцілі Спарце вайну. Рашэнне выклікала небывалы энтузіязм народных мас. У гарадах Саюза здарылася некалькі пагромаў, спартанцаў, якія апынуліся пад рукой, часткова вынішчылі, часткова арыштавалі, дамы рымскіх купцоў разрабавалі.
Тры рымскія пасольствы, якія спрабавалі вырашыць справу мірам, не дамагліся ніякага поспеху. Ахейцы не хацелі міру, а хацелі сабе назад сваю геапалітычную веліч. Правадыры Ахейскага Саюза пачалі збіраць войска і шукаць сабе саюзнікаў.
І вось тут выявіліся некаторыя праблемы. Не, ахейцы былі не супраць адраджэння велічы. Яны проста ваяваць не хацелі. Адна справа — разрабаваць дом рымскага купца, і зусім іншае – сустрэцца ў чыстым полі з рымскімі легіёнамі. Таму стратэгам Ахейскага Саюза давялося прызваць у войска 12 000 рабоў і злачынцаў.
З пошукам саюзнікам таксама не заладзілася. Неяк не знайшлося ў Грэцыі шмат жадаючых ваяваць супраць Рыма. Урэшце да ахейцаў далучыліся Фівы, Лакрыда і Факіда. З веліччу ў гэтых дзяржаў было дрэнна, але яны таксама асуджалі аднапалярны свет і рымскі гегеманізм. Праўда, далучыўшыся да саюзу, свае войскі гэтыя саюзнікі на вайну на ўсялякі выпадак пасылаць не сталі. Але маральная падтрымка была поўнай.
У першай бітве, якая павінна была адбыцца ў знакамітай Фермапільскай цясніне (там, дзе загінулі 300 спартанцаў, якія змагаліся супраць персаў) ахейцы не дачакаліся рымлян. Пры вестцы пра набліжэнне рымскіх легіёнах ахейская армія так імкліва правяла стратэгічную перагрупоўку, што рымляне іх дагналі толькі праз некалькі дзён. Потым здарылася яшчэ некалькі бітваў, у якіх ахейскае войска праявіла такую ж годную захаплення стойкасць. А тры ахейскія саюзнікі наогул здаліся рымлянам без бою.
Для рымлян гэта была, напэўна, вельмі дзіўная вайна. Яны рыхтаваліся да жорсткіх бітваў і доўгіх аблогаў. Усё ж такі гэта былі тыя самыя грэкі, якія калісьці перамаглі персідскую імперыю. А тут войскі разбягаліся адразу, толькі калі бачылі рымскіх легіёнаў, а жыхары пакідалі горад, калі да іх набліжалася рымская армія. І пры гэтым правадыры Ахейскага Саюза не хацелі нават слухаць прапановы Рыма пра мір.
Адзін з гэтых правадыроў, дарэчы, знік без вестак пасля першай жа прайгранай бітвы, іншы замест таго, каб арганізаваць абарону, пакончыў з сабой. Так аказалася, што няма з кім нават весці перамовы аб капітуляцыі. Ну няма з кім — дык няма з кім. Пасля таго, як выявілася, што жадаючых супраціўляцца больш не засталося, Рым проста абвясціў пра роспуск Ахейскага Саюза. На гэтым, уласна, веліч і скончылася.
Абышлося нават без боскіх знакаў, накшталт сокалаў, якія скінулі пацука на прыступкі дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы.