571-шы дзень вайны: «Мінск» не падлягае аднаўленню, у тым ліку і з-за «шаноўнага ўзросту»
Кіраўнік NATO заявіў, што вайна Расіі супраць Украіны не скончыцца ў бліжэйшы час. Таму трэба рыхтавацца да доўгай барацьбы.
Енс Столтэнберг: Вайна будзе доўгай
Генеральны сакратар NATO Енс Столтэнберг заклікаў рыхтавацца да працяглай вайны ва Украіне. Паводле яго слоў, «большасць войнаў доўжыцца даўжэй, чым чакалася ў пачатку». Таксама ён выступіў супраць перамір'я і спынення агню: «Мірнае пагадненне не павінна служыць для Расіі перадышкай, каб яна потым зноў напала. Мы не можам больш дазволіць Расіі ставіць пад пагрозу бяспеку ў Еўропе».
Столтэнберг падкрэсліў, што ўсе хацелі б хуткага міру. Але, на яго думку, калі ўкраінцы перастануць ваяваць, то прайграюць Расіі. «Але ў той жа час мы павінны прызнаць: калі прэзідэнт Зяленскі і ўкраінцы спыняць ваяваць, іх краіны больш не будзе... Калі прэзідэнт Пуцін і Расія складуць зброю, у нас будзе мір», — дадаў генсек NATO.
Столтэнберг адзначыў, што ў NATO імкнуцца да «хуткага міру», але не коштам знікнення Украіны. Ён таксама мяркуе, што «Украіна ўрэшце будзе ў NATO».
Такмак
Брытанская выведка паведамляе, што расійскія войскі ўмацоўваюць абарону стратэгічна важнага горада Такмак Запарожскай вобласці.
Вакол Такмака, размешчанага прыкладна ў 16 км ад цяперашняй лініі фронту, расійскія вайскоўцы ўсталёўваюць дадатковыя блокпасты і супрацьтанкавыя ўмацаванні, а таксама капаюць новыя акопы ў раёне, які ўтрымлівае 58-я агульнавайсковая армія РФ.
На думку аналітыкаў, Такмак рыхтуюцца зрабіць стрыжнем другой галоўнай лініі абароны РФ.
УСУ нанеслі ўдар па размяшчэнні варожай тэхнікі на ўскраіне Токмака Запарожскай вобласці. Пра гэта ўчора, 16 верасня, паведаміў мэр Мелітопаля Іван Фёдараў. Таксама ён распавёў, што на гэтым тыдні РФ эвакуявала з горада «пашпартны стол», вывезлі супрацоўнікаў ФСБ і частку адміністрацыі.
Харкаў пад ударамі
У Харкаве павялічылася колькасць ахвяр з-за ўчорашняга абстрэлу.
Кіраўнік Харкаўскай вобласці Алег Сінягубаў паведаміў, што колькасць ахвяраў у выніку абстрэлу Харкава 16 верасня вырасла — пацярпелі 6 чалавек. «Шэсць цывільных асоб атрымалі раненні, яны шпіталізаваны ў бальніцу сярэдняй цяжкасці», — гаворыцца ў паведамленні.
Алег Сінягубаў удакладніў, што ў суботу, 16 верасня, каля 11:10 расіяне ўдарылі па прамысловай зоне ў Халаднагорскім раёне горада. РФ нанесла па Харкаву ўдар пяццю крылатымі ракетамі “Іскандэр К” — пашкоджаны будынкі цывільных прадпрыемстваў, прыватныя жылыя дамы, адбыліся пажары.
Акрамя таго, мінулай ноччу РФ зноў біла па Харкаву — расійская армія нанесла ракетны ўдар чатырма кіраванымі ракетамі ЗРК С-300, яны пацэлілі па будынку грамадзянскага прадпрыемства, адбыўся пажар.
Навіны вайны
За мінулыя суткі войска РФ абстрэльвала населеныя пункты Харкаўскага, Багадухоўскага, Чугуеўскага, Купянскага і Ізюмскага раёнаў Харкаўскай вобласці.
Паміж сёламі Глыбокае і Стралечча Харкаўскага раёна расіяне нанеслі ўдар кіраванай супрацьтанкавай ракетай па цывільным аўтамабілі — два чалавекі загінулі, адзін паранены.
У выніку абстрэлу сяла Петрапаўлаўка Купянскага раёна адзін чалавек паранены.
Ноччу ўкраінская супрацьпаветраная абарона знішчыла шэсць з дзесяці крылатых ракет Х-101 / Х-555 / Х-55 і ўсе шэсць ударных БПЛА тыпу Shahed-136/131. Пра гэта паведаміла камандаванне паветраных сіл. Дроны былі запушчаныя з паўднёва-ўсходняга і паўднёвага напрамкаў (Прыморск-Ахтарск, Чауда), ракеты — з дзевяці самалётаў стратэгічнай авіяцыі Ту-95МС з раёна Энгельса. Асноўны напрамак удару — поўдзень Адэскай вобласці. Зафіксавана траплянне ракет РФ па тэрыторыі грамадзянскага аграрнага прадпрыемства ў Адэскай вобласці.
Так, у выніку начной атакі на поўдні Адэскай вобласці ёсць траплянне на тэрыторыі Бярозаўскага раёна, пашкоджана сельскагаспадарчая інфраструктура — угоддзі і збожжасховішчы. Людзі не пацярпелі, паведаміў кіраўнік АВА Алег Кіпер.
Расія перамясціла тры вялікія дэсантныя караблі з Чорнага мора ў Азоўскае пасля паразы двух караблёў у Севастопалі, паведаміў спікер ВМС УСУ Дзмітрый Пляцянчук. Паводле яго слоў, пашкоджаны вялікі дэсантны карабель “Мінск” не падлягае аднаўленню, у тым ліку і з-за «шаноўнага ўзросту». Гэты транспарт удзельнічаў у дастаўцы расійскіх вайскоўцаў і тэхнікі ў Сірыю і мае высокі адсотак зносу.
Украінскі Генштаб агучыў арыенціровачныя страты РФ паводле стану на раніцу 17 верасня: асабовага складу — каля 272 320 (+530) чалавек.
-
За мінулыя суткі на фронце адбылося больш за 30 баявых сутыкненняў, паведаміў украінскі Генштаб у ранішняй зводцы.
- На Бахмуцкім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі 13 нападаў праціўніка ў раёне Кляшчэеўкі, а таксама не дазволілі прарваць абарону ў раёнах Курдзюмаўкі і Андрэеўкі Данецкай вобласці. У той жа час УСУ маюць поспех у раёне Кляшчэеўкі, выцясняюць войска РФ з займаных пазіцый.
- На Мар'інскім кірунку расійская армія беспаспяхова спрабавала наступаць у раёнах Мар'інкі, Паўночнага, Раўнаполя Данецкай вобласці і Новадараўкі Запарожскай вобласці. На Аўдзееўскім, Мар'інскім і Шахцёрскім напрамках сілы абароны ўтрымліваюць Украіны ініцыятыву, праводзяць штурмы. На Мелітопальскім напрамку УСУ працягваюць наступ.
- Уначы Расію і Крым атакавалі беспілотнікі, сцвярджае Мінабароны РФ. У Падмаскоўі нібыта былі знішчаныя два беспілотнікі — над Істрынскім і Дамадзедаўскім раёнамі. Яшчэ чатыры БПЛА нібыта знішчаныя над паўночна-заходнім і ўсходнім узбярэжжамі Крыма.
- Губернатар Арлоўскай вобласці Андрэй Клычкоў заявіў, што яшчэ адзін беспілотнік упаў ноччу на «нежылы аб'ект» у Чыгуначным раёне Арла. Расійскія тэлеграм-каналы паведамляюць, што ў Арлоўскай вобласці пасля атакі дрона ўспыхнула нафтабаза. Сацсеткі публікуюць кадры пажару і паведамляюць, што, паводле папярэдніх звестак, гарэў рэзервуар з гаручай вадкасцю.
Навіны замежных партнёраў Украіны
-
Зяленскі падчас свайго візіту ў Вашынгтон 21 верасня не будзе выступаць перад Кангрэсам, але наведае Капітолій, дзе правядзе перамовы з невялікімі групамі кангрэсменаў, піша Financial Times са спасылкай на крыніцы. Выданне адзначае, што Зяленскі будзе прасіць у Байдэна дадатковую вайсковую дапамогу.
-
Чацвёра сенатараў-рэспубліканцаў напісалі адкрыты ліст Байдэну, у якім заклікалі неадкладна перадаць Украіне ракеты ATACMS. На думку сенатараў Роджэра Уікера, Тома Котана, Сюзаны Колінз і Ліндсі Грэм, далейшая затрымка яшчэ больш падарве інтарэсы нацыянальнай бяспекі ЗША і працягне вайну. Сенатары настойваюць, што прадастаўленне ATACMS дазволіць Украіне наносіць удары па ключавых расійскіх аб'ектах лагістыкі і сувязі, а таксама па месцах запуску крылатых ракет і беспілотнікаў на акупаванай тэрыторыі. Акрамя таго, прадастаўленне ракет максімальна павысіць верагоднасць поспеху контрнаступлення УСУ і далейшых аперацый.
- Старшыня камітэта начальнікаў штабоў ЗША Марк Мілі мяркуе, што атрыманне паўночнакарэйскіх боепрыпасаў наўрад ці будзе мець вырашальнае значэнне для Расіі. На яго думку, нядаўняя сустрэча Кім Чэн Ына з Пуціным прымусіць Пхеньян даць Маскве 152-мм артылерыйскія снарады савецкіх часоў, у той жа час пакуль не ясна, колькі і як хутка. «Ці будзе вялікая розніца? Я скептычна стаўлюся да гэтага», — адзначыў Мілі.
- Дональд Трамп заявіў у інтэрв'ю тэлеканалу NBC, што «вельмі добра ладзіць» з Пуціным: «І ўсё ж я з Пуціным паладзіў. Дазвольце мне сказаць, што я з ім вельмі добра паладзіў. У яго 1700 ядзерных ракет, паразумецца — гэта нармальна».