Хронікі рэпрэсій за 27 верасня: хапуны ў Ваўкавыску і Карэлічах, ЗБС цяпер — экстрэмісты
З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 27 верасня.
- Паболела «экстрэмісцкіх» фармаванняў»
У Беларусі новыя «экстрэмісцкія фармаванні» — у адпаведны спіс дадалі ажно тры пазіцыі.
Гэта «Задзіночанне Беларускіх Студэнтаў» — найстарэйшая студэнцкая арганізацыя, «Prague Support Team» і «Шклов 97%».
- Хапун у Ваўкавыску — затрымана як мінімум 4 чалавекі
На «пакаяльных відэа» людзі «прызнаюцца» ў падпісках на «экстрэмісцкія» каналы і ў тым, што ў 2020 годзе ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, актыўнасць сілавікоў у Ваўкавыску звязана з інцыдэнтам, які адбыўся днямі ў горадзе — на адным з выклікаў (бытавая сітуацыя, не звязаная з палітычным пераследам) быў збіты супрацоўнік міліцыі. Пасля гэтага ў горад адправілі сілавікоў з Мінску і Гродна, якія і пачалі «зачыстку».
- Карэлічы: затрымана 9 чалавек
Па неправеранай пакуль інфармацыі, масавы хапун дзень таму адбыўся і ў Карэлічах, пішуць праваабаронцы. Паведамляецца пра затрыманне 9 чалавек з-за лайкаў і каментарыяў у сацыяльных сетках. Усе затрыманыя знаходзяцца ў ІЧУ Карэліцкага РАУС.
- Яшчэ адно затрыманне за «Жыве Беларусь!»
ГУБАЗіК затрымаў мужчыну за лозунг «Жыве Беларусь!», напісаны на будынку на сваім участку. Яго сілавікі назвалі «нацысцкай крычалкай на ўкраінскі манер». Сам затрыманы кажа на відэа (падчас здымак яго рукі былі ў кайданках), што выкладваў у сацсетках здымкі з бел-чырвона-белым сцягам. БЧБ-сімволіку нібыта знайшлі падчас ператрусу. Для рэжыму Аляксандра Лукашэнкі гэта «экстрэмізм».
Як піша тг-канал сілавікоў, мужчына знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання. Яго называюць «неверагоднай ахвярай дэструктыўнай прапаганды».
- Суд за публікацыю даных пра сем'і супрацоўнікаў РАУС пасля бытавога канфлікту
Градненчука Паўла Голава асудзілі да пазбаўлення волі ў калоніі паводле ч. 2 арт. 203-1 («Незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі пра прыватнае жыццё і персанальных даных») і арт. 188 («Паклёп») Крымінальнага кодэксу.
Дакладны тэрмін невядомы. Але мужчыну вызвалілі з-пад варты, бо да суда ён знаходзіўся пад вартай і цалкам адбыў прызначаны тэрмін. Таксама ён мусіць выплаціць штраф: яго памер таксама невядомы.
Павел распавёў пра бытавы канфлікт на лесвічнай пляцоўцы з дзвюма сем'ямі — чатырма супрацоўнікамі РАУС, якія жывуць з ім у адным доме. Сітуацыю здымаў на тэлефон сын Горава, гэта не спадабалася супрацоўнікам РАУС, таму калі тэлефон упаў на падлогу, адзін з іх паспрабаваў яго забраць. Гораў звярнуўся з гэтай нагоды ў міліцыю, але калі не атрымаў даных пра разгляд заявы, размясціў відэазапісы канфлікту і фотаздымкі ўдзельнікаў у чаце.
- Пенсіянерку, якая мае інваліднасць, асудзілі да калоніі за каментар у «Аднакласніках»
Адзін год і тры месяцы пазбаўлення волі прысудзілі аршанскай пенсіянерцы, якая мае інваліднасць, за адно “няправільнае” слова ў “Аднакласніках”. Прысуд 63-гадовай Вользе Стаброўскай 27 верасня вынесла суддзя суда Аршанскага раёна Юлія Вяршыніна. Жанчыну абвінавацілі ў абразе Аляксандра Лукашэнкі паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса.
Вольга Стаброўская ў свой час атрымала дыплом адзінага на ўвесь былы Савецкі Саюз Маскоўскага дзяржаўнага ўніверстітэта друку і да зыходу на пенсію працавала ў Аршанскай тыпаграфіі. У апошні час у жанчыны абвастрыліся хваробы, яна мае інваліднасць трэцяй групы. Хварэе таксама і яе адзіная дачка. Яна, як і ўнук Вольгі, мае інваліднасць па слыху.
Згодна з матэрыяламі абвінавачання, Вольга Стаброўская ў 2021 годзе ў сацыяльнай сетцы “Аднакласнікі” паставіла падабайку і пакінула кароткі каментар, у якім экспертыза «знайшла» абразу ў адрас Аляксандра Лукашэнкі.
Суд прызнаў Стаброўскую вінаватай і прызначыў ёй пазбаўленне волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму тэрмінам на адзін год і тры месяцы.
- Скарга «Справядлівага свету» не задаволеная
Вярхоўны суд не задаволіў скаргу Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» на адмову Міністэрства юстыцыі ў перарэгістрацыі партыі, паведамляе «Позiрк». Вярхоўны суд разгледзеў скаргу 26 верасня. Дата разгляду пазову аб ліквідацыі партыі пакуль не прызначана.
- У Гомелі затрыманы былы журналіст Андрэй Толчын
Праваабаронцам «Гомельскай Вясны» стала вядома, што Андрэя затрымалі на 72 гадзіны па няясных прычынах.
Толчына неаднаразова затрымлівалі і судзілі за журналісцкую дзейнасць з 2017 года. Пасля пратэстаў 2020 года журналіст вырашыў сысці з прафесіі.
Апошнія пасты на старонцы Андрэя ў Facebook – гэта перапосты з дапамогай жывёлам, фота з сябрамі і знаёмымі. Таксама ў Андрэя нядаўна памерла сястра, якая гадавала яго ў маленстве.
Андрэя Толчына затрымлівалі ў 2021 годзе каля гомельскага СІЗА-3, дзе ён здымаў сваякоў палітвязняў Мікалая Статкевіча, Ігара Лосіка, якіх разам з іншымі абвінавачанымі 24 чэрвеня пачалі судзіць у памяшканні ізалятара. Суд праходзіў у закрытым рэжыме, палітвязняў абвінавачвалі ў арганізацыі масавых беспарадкаў, распальванні варажнечы і перашкодзе дзейнасці ЦВК.
Тады спадар Толчын запісваў і каментар аднаго з дыпламатаў Еўрасаюза, якія прыехалі ў Гомель на суд. Усе відэазапісы ў фрылансера забрала міліцыя.
Прычынны цяперашняга затрымання невядомыя.