Пачалі затрымліваць небарак, якія вярнуліся ў Беларусь, каб абмяняць пашпарт

Пакуль нельга казаць, што выпадкі затрымання беларусаў, якія вярнуліся, каб атрымаць пашпарт, масавыя. Але яны могуць стаць такімі, калі людзі не будуць клапаціцца пра сваю бяспеку, папярэджвае Андрэй Стрыжак.

marsz_adzinstva_6__19__logo_1.jpg

Сузаснавальнік «BYSOL» Андрэй Стрыжак расказаў «Люстэрку» пра першы выпадак затрымання чалавека, які вырашыў вярнуцца ў Беларусь, каб памяняць пашпарт. Паводле яго, такія выпадкі пакуль не масавыя.

— Мы ўжо ведаем пра выпадак, калі чалавек заязджаў на тэрыторыю Беларусі і быў затрыманы праз тое, што ён перасёк мяжу і быў ці то ў базах, ці то пад крымінальным пераследам, пакуль яшчэ нам гэта невядома, — расказаў «Люстэрку» Андрэй Стрыжак. — На жаль, як мы гэта і прагназавалі, навіна пра ўказ Лукашэнкі пра забарону на абмен пашпартоў за мяжой стала трыгерам для людзей, у якіх заканчваюцца дакументы, і яны паехалі ў Беларусь. Гэта дадатковы выклік для нас, бо людзі, на жаль, не ўспрымаюць магчымую небяспеку ад паездкі ў Беларусь і чамусьці думаюць, што іх гэтая сітуацыя не датычыцца.

Падрабязнасці пра асобу затрыманага і дэталі яго затрымання кіраўнік «BYSOL» паведамляць не стаў з меркаванняў бяспекі.

Глядзіце таксама

Паводле словаў Андрэя Стрыжака, на сённяшні дзень нельга казаць, што выпадкі затрымання беларусаў, якія вярнуліся, каб атрымаць пашпарт, масавыя. Але яны могуць стаць такімі, калі людзі не будуць клапаціцца пра сваю бяспеку.

— Мінімум раз на тыдзень мы атрымліваем інфармацыю пра чарговае затрыманне тых, хто вярнуўся ў Беларусь, — паведаміў Стрыжак. — Хтосьці едзе на лячэнне, хтосьці — да сваякоў ці абмяняць дакументы. Часам вяртаюцца людзі, якім стоадсоткава нельга гэта рабіць, напрыклад, былыя сілавікі, якія звольніліся ў знак пратэсту ў 2020 годзе. Я не разумею, чым усе яны кіруюцца, як плануюць сваё жыццё і чаму думаюць, што ўсё скончылася і з імі нічога не адбудзецца.

Глядзіце таксама

На сваёй старонцы ў фэйсбуку Андрэй Стрыжак наконт ахвочых вярнуцца выказаўся яшчэ больш катэгарычна: усе ведаюць, што нельга пхаць пальцы ў разетку, нельга даваць нырца ў месцах з незнаёмым дном, нельга засоўваць лямпачку ў рот, шмат чаго нельга… «Штогод, а часам і некалькі разоў на год чытаю прыўкрасныя гісторыі, як чарговы даследчык невядомага з пілой-«балгаркай» спрабуе распілаваць чарговы снарад часоў WWII. Снарад прадказальна рвецца — і забівае ці калечыць даследчыка, што ніяк не спыняе наступных даследчыкаў з піламі і аўтагенам у руках. Гэта я да чаго — з кожнага медыя і ў тэкставым, і ў аўдыя-, і ў відэафармаце і я, і іншыя эксперты раз за разам  перасцерагаем  людзей ад  паездак  у Беларусь, бо ніхто не ведае, а вы не памятаеце, што вы паспелі нарабіць, абсалютна нармальнага і законнага з пункта гледжання цывілізаванага грамадства, але ж крымінальнага для лукашыстаў. І ўсё роўна едуць і садзяцца ў турмы… Гляджу на большасць такіх гісторый як на карціну з чалавекам з лямпачкай у роце, «балгаркай» у руках і снарадам у цісках».

 Нагадаем, 7 верасня набыў моц указ Лукашэнкі, згодна з якім беларусы больш не могуць атрымаць новыя пашпарты ў дыпламатычных установах за мяжой, а таксама аформіць некаторыя іншыя дакументы. Зрабіць гэта можна толькі ў органах унутраных спраў на тэрыторыі Беларусі.


Глядзіце таксама