«Фантастычны» пашпарт іракеза

Пашпарт Новай Беларусі — не феномен. Многія народы і непрызнаныя дзяржавы друкавалі і друкуюць такія дакументы. Адзін з найбольш паспяховых праектаў у гэтай галіне — пашпарт іракеза.

Фота з breitbart.com

Фота з breitbart.com

Трэба сказаць, што ў іракезскага пашпарта ёсць пэўная прававая база. Справа ў тым, што Канфедэрацыя іракезскіх плямёнаў (сёння яны жывуць у Канадзе і ў ЗША) падчас каланізацыі Паўночнай Амерыкі была суцэльна прызнаным суб'ектам міжнародных адносін. Дагаворы з іракезамі падпісвалі Брытанія і Францыя. Пасля дэкларацыі незалежнасці ЗША Джордж Вашынгтон асабіста падпісаў з Канфедэрацыяй дамову.

Падчас асіміляцыі індзейцаў пра гэта крыху забыліся, але тут пачалася Першая сусветная вайна. Каб стымуляваць індзейцаў запісвацца ў войска, канадскі ўрад (на той момант Канада была брытанскім дамініёнам) абяцала індзейцам усякія бонусы. Прапагандысты таксама ахвотна апелявалі да слаўных старонак гісторыі індзейцаў, калі з імі лічыліся вялікія дзяржавы.

Калі скончылася вайна, усе абяцанні былі забытыя, але на той момант узровень палітычнай свядомасці індзейцаў значна вырас. І вядома яны не абышлі ўвагай славутыя «10 пунктаў Вільсана» — праекту пасляваеннай сусветнай сістэмы, у якім усім нацыям была абяцана дзяржаўнасць. Як мінімум пашырыць сваю аўтаномію вырашылі і іракезы.

Паколькі канадская адміністрацыя іх патрабаванні ігнаравала, у 1921 годзе было прынята рашэнне адправіць дэлегацыю ў Лондан для падачы петыцыі каралю Георгу. Аднак аддзел замежных спраў Канады заблакаваў выдачу пашпартоў для індзейцаў. Тут камусьці і прыйшла ў галаву ідэя: «Давайце друкаваць свой, іракезскі пашпарт!» Так і зрабілі.

Нейкім чынам з гэтым пашпартам ім удалося не толькі выехаць з Канады, але і даехаць да імперскай метраполіі. Праўда, аўдыенцыі з каралём не атрымалася. Затое дэлегацыю прыняў Уінстан Чэрчыль — член тагачаснага брытанскага кабінета. Па выніку размовы Чэрчыль адхіліў патрабаванні індзейцаў, заявіўшы, што яны знаходзіцца ў сферы канадскай юрысдыкцыі.

У 1923 годзе адзін з правадыроў іракезаў адправіўся ў Швейцарыю, у Лігу Нацый, каб прасоўваць суверэнітэт карэнных народаў Паўночнай Амерыкі. Ён таксама падарожнічаў з іракезскім пашпартам. Ваяж таксама аказаўся безвыніковым. На трыбуну Лігі нацый індзейца не пусцілі. Хаця шэраг краін пагадзіліся агучыць патрабаванні індзейцаў праз сваіх прадстаўнікоў у Лізе.

Міжнародная актыўнасць іракезаў не засталася незаўважанай канадскімі чыноўнікамі. Адміністрацыя дамініёна падрыхтавала праект закона, які прадугледжваў замену традыцыйнага Савету Канфедэрацыі, што фармаваўся з правадыроў плямёнаў, новым органам. Гэты орган наўпрост абіраўся індзейцамі. Аднак першыя ж выбары праваліліся з-за татальнага байкоту: было пададзена ўсяго 26 бюлетэняў.

Што да іракезскіх пашпартоў, то да гэтай тэмы вярнуліся ў 1970-я на фоне актывізацыі руху індзейцаў за свае правы. У 1977-м годзе іракезскія пашпарты зноў пачалі актыўна друкаваць.

Праўда, на першы погляд гэты дакумент хутчэй выглядае як сувенір. Урады ЗША, Вялікабрытаніі і Канады адмовіліся прызнаць гэты дакумент сапраўдным дакументам для міжнародных паездак. Еўрапейскі Саюз не прызнае яго сапраўдным праязным дакументам і нават выпусціў кіруючыя прынцыпы, у якіх гаворыцца, што візы не могуць быць прастаўлены ў гэты пашпарт. Многія называюць пашпарт іракезаў «фантастычным пашпартам», дакументам, выдадзеным меншасцю, сектай, групай насельніцтва або прыватнай арганізацыяй.

А вось што пішуць пра пашпарт на сайце Адміністрацыі Іракезскай Лігі — некаторыя краіны і авіякампаніі прызнаюць іх (іракезскія пашпарты) сапраўднымі праязнымі дакументамі: «Калі вы падумваеце аб паездцы за мяжу з выкарыстаннем іракезскага пашпарта, вам варта абавязкова звязацца са сваім правадыром і пачаць планаваць атрыманне неабходных дазволаў за некалькі месяцаў да даты паездкі».

Падарожнічаць па свеце з іракезскім пашпартам складана, хаця такія выпадкі былі. Напрыклад, у 2005 годзе Японія дазволіла дэлегацыі, якая падарожнічала па пашпарце іракезаў, наведаць гэтую краіну для ўдзелу ў Сусветным кангрэсе Міжнароднай асацыяцыі гісторыі рэлігій.

Цікавы нюанс: пашпарт іракеза не прымаецца для ўезду ў Канаду, але выехаць з ім можна. У пачатку 2010 года дэлегацыя іракезаў на экалагічнай канферэнцыі ў Балівіі не змагла вярнуцца ў Канаду па пашпарце, у выніку чаго група затрымалася ў Сальвадоры на некалькі тыдняў, перш чым ім дазволілі пад канвоем праехаць транзітам праз Злучаныя Штаты.

У ліпені 2018 года Ізраіль прыняў пашпарты спартовай каманды іракезаў пры ўмове запэўненняў канадскага ўрада, што па іх ім будзе дазволена вярнуцца ў Канаду. У жніўні 2022 года Ірландыя прызнала і прыняла пашпарты для ўдзелу ў чэмпіянаце свету па лакросе сярод юнакоў.

Няма сумневаў, што прызнанне пашпартоў іракезаў падвяргаецца сумневу, паколькі гэтае пытанне пераплятаецца з шырэйшай праблемай суверэнітэту іракезаў. Ілюстрацыяй таму — скандал у Квебеку. Там мясцовыя франкамоўныя квебекскія нацыяналісты запатрабавалі забароны пашпартоў іракезаў, угледзеўшы ў іх пагрозу тэрытарыяльнай цэласнасці правінцыі Квебек.

Аднак думаецца, што забараніць пашпарты ўжо немагчыма. Яны сталі для індзейцаў важным атрыбутам барацьбы за прызнанне іх правоў. Вось што напісаў адзін з лідараў іракезаў у брытанскім The Guardian: «Падтрыманне нашага суверэнітэту патрабуе, каб мы выкарыстоўвалі ўласны пашпарт. Менавіта таму мы ставілі штампы ў пашпарты грамадзян ЗША і Вялікабрытанііі, калі чэмпіянат свету па лакросе ўпершыню праводзіўся на зямлі рэзервацыі іракезаў: каб падкрэсліць, што яна заўсёды была і застаецца нашай зямлёй. У нас няма жадання проста прыняць і выкарыстоўваць амерыканскія ці канадскія пашпарты. Мы з'яўляемся грамадзянамі Канфедэрацыі іракезаў, якімі былі на працягу тысячагоддзяў да прыбыцця еўрапейцаў. Гэта не падлягае абмеркаванню».