Пашпарты, адпрацоўка, англійская. Як рэжым Лукашэнкі пачаў рабіць самаразбуральныя крокі

Калі тры месяцы таму разгарэўся скандал з вынікамі цэнтралізаванага экзамена, гучалі меркаванні, што асабістым умяшальніцтвам у сітуацыю Лукашэнка здабыў сабе крыху папулярнасці. Але прайшоў час — і рэжым пайшоў іншым кірункам. Цяпер што ні рашэнне — усё насуперак настроям грамадства і ўласнаму іміджу. Суцэльныя стрэлы ў нагу, дый заадно — дадатковыя казыры ў рукі Святланы Ціханоўскай.

Ілюстрацыйная выява, скрыншот з відэа

Ілюстрацыйная выява, скрыншот з відэа

Напрыканцы мінулага года сапраўды атрымаўся неблагі спектакль пра добрага цара і дрэнных баяр. Баяры нешта там нахамуталі з падлікам выпускных балаў. Бацькі школьнікаў абурыліся — не спужаліся нават рэпрэсій, якімі ім пачаў пагражаць міністр адукацыі Іванец. Абстаноўка наэлектрызавалася, і тут прыехаў на белым кані Лукашэнка і ўсё, як кажуць, разруліў.

Ён тады падтрымаў пазіцыю бацькоў, а не сваіх чыноўнікаў, што многіх здзівіла. Вынікі эказаменаў перагледзелі, сітуацыю ўлагодзілі, эксперты загаварылі пра іміджавы прафіцыт правадыра.

Яшчэ больш радавалася прапаганда, маўляў, «народны прэзідэнт» дбае пра свой народ і зноў усіх перайграў. У сацсетках была арганізавана кампанія з падзякамі «дарагому Аляксандру Рыгоравічу» ад імя выпускнікоў за праяўленую справядлівасць трацейскага суддзі.

Тады магло падацца, што Лукашэнка можа зноў абраць шлях звыклага папулізму, каб вярнуць сабе хаця б частку страчаных сімпатый з боку грамадства. Але не. Дыктатар пайшоў супрацьлеглай дарогай, і шэрагам апошніх рашэнняў і заяў згубіў і тыя гіпатэтычныя рэйтынгавыя ачкі, што зарабіў на гісторыі з ЦЭ.

Размеркаваць усіх да аднаго

Менавіта тых бацькоў і іх дзяцей, што адстаялі сваю праўду падчас выпускных іспытаў, закрануць анансаваныя змены ў Кодэкс аб адукацыі. Тыя самыя, нашумелыя і раптоўныя, што мусяць прадугледзець абавязковае размеркаванне для студэнтаў-платнікаў, а бюджэтнікам і мэтавікам працягнуць тэрміны адпрацоўкі да 5-7 гадоў. Менавіта пра гэта гаварылі на нядаўняй нарадзе ў Лукашэнкі, якому актыўна падтакваў адыёзны міністр адукацыі Іванец.

Сказаць, што гэтыя захады наконт размеркавання непапулярныя — нічога не сказаць. Дакладна можна сцвярджаць, што яны не даспадобы не толькі прыхільнікам перамен, але і так званым «хатаскрайнікам», і нават ябацькам.

Беларусы ў большасці сваёй, мякка кажучы, не любяць адпрацоўку. Каму ахвота ехаць некуды на перыферыю і губляць там два гады маладосці, седзячы на малым заробку і на здымным жытле? Таму і прызвычаіліся шукаць абыходныя шляхі, каб пазбегнуць гэтай прымусовай «паншчыны». Некаторыя дык увогуле абіралі платную адукацыю толькі для дзеля вызвалення ад нежаданай «абязалаўкі».

Але вось вам, даражэнькія, падарунак на 1 верасня. Цяпер размяркоўваць будуць усіх, ніхто не адкруціцца. Тэзы пра новы від «прыгоннага права» гучалі ў экспертных ацэнках пасля той нарады асабліва часта.

Зразумела, навошта рэжым гэта робіць. Таму што не хочуць працаваць маладыя беларусы там, дзе ім кажа ўлада. А апошнія гады — увогуле ў краіне, дзе малыя заробкі, сумнеўныя перспектывы і агульная сітуацыя называецца «часам не да законаў».

Заробкі, перспектывы, законы — усяго гэтага хапае за мяжой, у тых жа Польшчы і Літве. То і назіраецца ў моцнай і квітнеючай Беларусі беспрэцэдэнтны адток кадраў. Лепшыя галовы галасуюць нагамі і з’язджаюць з ідыліі лукашэнкаўскага «кавалачка зямлі». І гэта не можа не нерваваць рэжым, які ўжо не ведае, чым кампенсаваць дэфіцыт рабочых рук і мазгоў на рынку працы.

Таму і даводзіцца яму выкарыстоўваць забаронныя метады, каб ніхто нікуды не ехаў, а быў прывязаны да матыкі доўгія гады паводле волі так званых уладаў. Калі нехта незадаволены — гэта вашыя праблемы.

Швед супраць англійскай

Яшчэ адным выпадкам цемрашальскіх выбрыкаў рэжыма ў сферы адукацыі сталі, безумоўна, развагі генпракурора Шведа пра засілле англійскай мовы ў школах. Адзін з самых усюдыісных лекашэнкаўскіх чыноўнікаў, чый функцыянал сягае ад тэмы «генацыда беларускага народа» да пошукаў «экстрэмізму» ў дваравых чатаў, абурыўся праграме навучання ў эфіры дзяржаўнага ТБ.

«Па шэрагу класаў колькасць гадзін на вывучэнне англійскай мовы большая ў сукупнасці, чым на вывучэнне беларускай і рускай моваў. Мы рыхтуем працоўную сілу для Захада? А ў нас вось трэці клас — англійская мова значна большая, чым у сукупнасці руская і беларуская. Тады ўзнікае пытанне з пункту гледжання падыходаў па арганізацыі навучальнага працэсу», — заявіў Швед.

Пакуль пра скарачэнне гадзін навучання «інглішу» нічога не паведамлялася. Але ці нехта здзівіцца, калі гэта зробяць — у межах далейшай барацьбы з «тлятворным уплывам Захаду»? Не, таму што гаворка пра тое ідзе даўно.

І гэта будзе яшчэ адзін кейс, які абудзіць у грамадстве выключна злосць. Бо што-што, а замежныя мовы маладыя беларусы вучаць старанна, не абмяжоўваючы сябе школьнымі заняткамі. Самыя разнастайныя адукацыйныя курсы, асобныя школы з вывучэннем англійскай, французская, польскай… Рэпетытары, факультатывы. Бацькі добра разумеюць не столькі нават заганнасць самога лукашэнкаўскага рэжыму, ад якога хочацца збегчы падалей, колькі простую ісціну: веданне замежнай мовы (найперш, канешне, англійскай) вельмі спросціць дарослае жыццё іх дзецям.

Уласна, гэта разумеюць ва ўсім свеце, які глабалізуецца. Але, здаецца, толькі ў Беларусі ў тым бачаць крамолу і вось-вось пазбавяць дзяцей магчымасці бясплатнага вывучэння такіх прадметаў. Каб, барані бог, не «рыхтаваць працоўную сілу для Захада», а рыхтаваць танных бязмоўных работнікаў для абслугоўвання сябе любімых.

Помста праз пашпарты

Нельга тут не згадаць і пра скандальны ўказ Лукашэнкі, які пазбавіў беларусаў замежжа права памяняць пашпарт у консульстве. Цяпер для гэтага трэба абавязкова ехаць на радзіму і ўступаць у наўпроставы кантакт з дыктатурай. А тая і затрымаць можа, і пасадзіць надоўга — ці беларусам гэтага не ведаць.

Глядзіце таксама

Калі рашэнні ў сферы адукацыі яшчэ можна патлумачыць утылітарнымі матывамі рэжыму, які імкнецца замарудзіць працоўную міграцыю, то гісторыя пра пашпарты — увогуле за межамі рацыянальнага разумення. Па сутнасці, гэта проста помслівая «падлянка» тым, хто з’ехаў паводле палітычных матываў.

Праўда, «падлянка» выйшла і тым, хто жыве за мяжой даўно — і 10, і 15 гадоў, і за гэтай даўнасцю нічога супраць рэжыму не мае. Ім таксама для замены пашпарта цяпер трэба будзе ехаць у Беларусь. І калі гаворка пра ЗША, Канаду альбо Аўстралію, дзе беларусаў таксама шмат, то выдаткі тут атрымліваюцца немаленькія — як у грошах, так і часе. Дый з бліжэйшага замежжа таксама паспрабуй вырвіся. Усё ж атрымаць новы пашпарт гэта не жэтон метро набыць, на гэта можа спатрэбіцца і тыдзень, і два — цэлы адпачынак на працы трэба браць, каб з такой неспадзяванай бюракратыяй справіцца. 

Глядзіце таксама

Можна падумаць, што такія грамадзяне калі не сказалі, то падумалі пра Лукашэнку, даведаўшыся пра яго брыдкі ўказ. То бок і тут атрымалася дужа стратна для рэйтынгу, але прага помсты дыяспарам пераважыла любыя практычныя довады.

Стымул для дэмакратычных сіл

Лукашэнкаўцы нарабілі шмат глупства за апошні час, але вось гэтыя «свежыя» дурасці — яны ствараюць дадатковыя магчымасці для дэмакратычных сіл. Там, дзе рэжым ганьбіцца і губляе падтрымку, Святлана Ціханоўская з паплечнікамі могуць яе ўмацаваць.

Калі казаць пра пашпарты, то тут усё на паверхні. Яшчэ да таго ўказа дэмсілы шчыравалі над стварэннем свайго БЧБ-дакумента. Цяпер яны атрымалі магутны аргумент на сваю карысць. І нават калі з «пашпартам новай Беларусі» нешта не складзецца, заходнія краіны абавязкова прапануюць нейкія альтэрнатыўныя варыянты легалізацыі. Кансультацыі на гэты конт ужо пэўна вядуцца. Выйсце будзе знойдзена. Так ці інакш, але аніякага плёну са сваёй блазнаватай ідэі Лукашэнка не атрымае.

Глядзіце таксама

Тое ж самае будзе з адукацыяй. Рэжым стварае праблемы беларусам, апазіцыйныя штабы за мяжой маюць усе шанцы гэтыя праблемы вырашыць. Не цалкам, вядома, але хаця б часткова — і так, што гэта будзе заўважана грамадствам.

Тое ж размеркаванне офіс Ціханоўскай не адменіць, але дамагчыся пашырэння адукацыйных праектаў для беларусаў у ЕС рэальна. Універсітэты розных краін, стыпендыяльныя праграмы, візавыя пытанні. Гэта вялікі кавалак працы, але яе трэба рабіць — і той жа Павел Латушка днямі заявіў пра неабходнасць заснавання ў Еўропе беларускіх нацыянальных універсітэтаў.

Ну а што да англійскай мовы, супраць якой апалчыўся «генеральны» пракурор Швед, то тут беларусы і самі могуць усё вырашыць. У самым змрочным выпадку, калі ўлады скароцяць вывучэнне замежных моў у школах, а прыватныя курсы прыціснуць, да паслуг беларускіх дзяцей заўсёды будуць анлайн-праграмы. З якімі, уласна, таксама змогуць дапамагчы дэмакратычныя сілы.

Апошнім часам лукашэнкаўскі рэжым церпіць шмат лакальных паразаў. На ўзроўні ААН, у пытаннях санкцый, у баданні з Польшчай і Літвой. Нічога не атрымалася з вагнераўцамі, якімі Мінск пагражаў Захаду. Мала што — з ядзерным шантажом, пра які ўжо ніхто не згадвае. А тут яшчэ і непрыемнасці ў медыя, дзе то выйдзе расследаванне пра новую рэзідэнцыю з «ёршыкамі», то рэпартажы пра швейцарскі суд над Гараўскім з «эскадрона смерці».

Магчыма, усё гэта моцна нервуе Лукашэнку, і праз гэтую ўзбуджанасць ён прымае свае бязглуздыя рашэнні. Скарыстацца памылкамі апанента — актуальны занятак для дэмакратычных сіл.