Дагаспадарыліся. Пазбаўленне пашпарта як сродак маскіроўкі праблем

Беларусь — краіна цудаў. Такіх цудаў, што ўвесь астатні свет ад гэтага проста ў шоку. Прэс-сакратар МЗС ФРГ Себасцьян Фішэр заявіў, што па міжнародным праве недапушчальна адмаўляць грамадзянам уласнай краіны за мяжой у консульскай падтрымцы і абароне. Але менавіта гэта на тыдні ўлады Беларусі і зрабілі.

img_20230907_115441_logo.jpg

Беларускія дыпмісіі не будуць мяняць пашпарты беларусам, якія пражываюць за мяжой. Гэта будуць рабіць органы ўнутраных спраў, а ў некаторых выпадках з біяметрычнымі дакументамі яшчэ і МЗС. Указ Лукашэнкі аб гэтым набыў моц 7 верасня.

Выдача і абмен пашпарта грамадзяніну, які пастаянна пражывае за межамі Рэспублікі Беларусь і знаходзіцца на консульскім уліку, цяпер будзе ажыццяўляцца органам унутраных спраў па месцы апошняй рэгістрацыі па месцы жыхарства ў Беларусі. Акрамя таго, выключаны пункт аб праве дыпламатычнага прадстаўніцтва або консульскай установы прадаўжаць тэрмін дзеяння пашпарта людзям, якія знаходзяцца за мяжой.

Таксама прапісана, што выдача ідэнтыфікацыйнай карты і біяметрычных пашпартоў грамадзяніну, які пастаянна пражывае за межамі РБ, ажыццяўляецца МЗС, а не дыпламатычным прадстаўніцтвам або консульскай установай па месцы пастаноўкі на консульскі ўлік. Абмен ідэнтыфікацыйнай карты і яе выдача ў выпадку страты грамадзянам, якія пражываюць за межамі Беларусі, будзе ажыццяўляцца органам унутраных спраў або МЗС.

Многія ўжо расцанілі такі крок, як помсту Лукашэнкі тым, хто з'ехаў. Але цалкам магчыма, што гэты вельмі дзіўны ўказ пралабіраваны самім МЗС. Дзіўны — таму што цяперашняя дзяржава Беларусь фактычна адмовілася выконваць свае функцыі. Як слушна заўважыў палітолаг Валер Карбалевіч, гэта яшчэ адзін крок да страты суб'ектнасці цяперашнім рэжымам Беларусі. Бо, калі дыпламатычныя місіі адмаўляюцца ад абароны сваіх грамадзян за мяжой і ўхіляюцца ад аказання ім консульскіх паслуг — гэта дэфолт дзяржаўных функцый.

Цалкам магчыма, што супрацоўнікі МЗС будуць рады гэтаму ўказу. Як жа: да 2020-га яны ціха сядзелі на сваіх месцах, атрымлівалі свае немаленькія заробкі, надбаўкі і грошы на ўсялякія «прадстаўнічыя выдаткі» проста так, нічога не робячы. А калі маса беларусаў выехала за мяжу — консулам давялося працаваць. Менавіта беларусы пачалі рабіць так, каб консульскія ўстановы станавіліся сапраўды консульствамі. А працаваць яны, як высветлілася, не хочуць, не ўмеюць і, як вынік, не будуць.

Безумоўна, цяпер многія беларусы задумаюцца, як ім жыць далей і якія дакументы атрымаць. Шмат хто будзе афармляць віды на жыхарства, міжнародную абарону, «карты паляка» або аналагічныя дакументы іншых краін (ва Украіне таксама ёсць «карта ўкраінца»). Многія будуць падавацца на грамадзянства іншых дзяржаў. І вядома, будзе актывізавана праца над «пашпартам Новай Беларусі». Гэты праект цяпер як ніколі актуальны і набывае новыя аргументы для ажыццяўлення. У тым ліку, аргументы для іншых краін, для ЕС і ЗША.

Але самае галоўнае, што гэта прывядзе да росту колькасці тых самых «збеглых», як прыніжальна пра іх кажа Лукашэнка. Бо дзясяткі тысяч чалавек проста працуюць за мяжой. Гэта бізнесоўцы, прадпрымальнікі, людзі, якія стала знаходзяцца па-за Беларуссю ў розных сумесных прадпрыемствах і філіялах. Не маючы магчымасці абмяняць дакументы, яны таксама будуць прасіць грамадзянства тых краін, дзе працуюць. У выніку Беларусь пазбавіцца яшчэ тысяч людзей, багата капіталу, грошай, магчымасцей. І гэтыя людзі, якія, можа быць, былі цалкам лаяльныя да рэжыму, цяпер «выціснуты» з РБ.

Пры гэтым падобнае «пазбаўлення грамадзянства» ніяк не паўплывае на палітычную актыўнасць беларусаў за мяжой. Таму што «беларус беларусу беларус» — гэта не па пашпарце, гэта стан душы. І ніякімі ўказамі і законамі гэта не рэгулюецца.

А яшчэ такі ўказ мог быць прыняты для таго, каб адцягнуць народ ад унутраных праблем. Каб усе займаліся толькі абмеркаваннем пашпартоў. Таму што на самой справе сітуацыя ў Беларусі імкліва коціцца ўніз — нягледзячы на знешні дабрабыт і нібыта павышэнне «сярэдняга заробку».

«Бітва за ўраджай» правалена настолькі, што да статыстыкі збожжавых дадаецца рапс (які зусім не збожжавая культура), каб хоць неяк нацягнуць лічбы да прымальных. Скон свінняў вырас у кожным другім раёне, прыплод скараціўся на 8%, неабходна мадэрнізацыя свінагадоўчых комплексаў, амаль 70% якіх пабудавана больш за 20 гадоў таму. «Павінна быць канкрэтная праграма прывядзення ў парадак гэтых комплексаў. Тое, што не падыходзіць для гадавання свіней, павінна быць знесена і глыбока закапана. У адваротным выпадку мы не будзем мець хутка і кілаграма свініны ў сваёй краіне», — абурыўся Лукашэнка.

«Праграмы прывядзення ў парадак» наш урад, безумоўна, складаць умее. А хто будзе іх выконваць? Нават пракуратура гэтага зрабіць не можа. Напрыклад, у Гомельскім раёне малочна-таварная ферма КСУП «Урыцкае» была ўзята на кантроль пракуратурамі Гомельскага раёна і Гомельскай вобласці. Пракурорскія работнікі былі на ферме ў пачатку жніўня 2023 года, а цяпер туды прыехаў асабіста намеснік генпракурора Аляксей Стук і ўбачыў... Правільна, ён убачыў, што нічога там за месяц не змянілася.

Цэламу намгенпракурора прыйшлося прыстрашыць работнікаў адказнасцю за парушэнне працоўнай дысцыпліны і ў чарговы раз «узяць парушэнні на кантроль». І з’ехаць. Проста з’ехаць. Бо нічога зрабіць там ён проста не можа. 

Цікава, ці дачакаемся мы візіту ГУБАЗіКа на нейкую свінаферму? Што яны там будуць рабіць са свіннямі? Пагражаць ім дручком і запісваць «пакаянныя відэа»? Мяса ад гэтага больш не будзе. 

Адмоўнае сальда знешняга гандлю таварамі за сем месяцаў — 2,1 млрд долараў, і спецыялісты лічаць, што яно будзе прасядаць. Беларускі рубель да канца года можа атрымаць «двайны ўдар» — і праз прасяданне расійскага рубля, і праз адмоўны вынік замежнага гандлю, што прывядзе да дэвальвацыі нашай валюты да ўсіх астатніх. А дзе дэвальвацыя — там і інфляцыя, нават нягледзячы на забарону росту коштаў.

І што самае цікавае: ужо нікога ў гэтым не абвінаваціш. Апазіцыя ў краіне «зачышчана», палітычныя партыі знішчаны, «збеглыя» без пашпарта ў краіну не вернуцца, «калектыўны Захад» нават новых санкцый не ўводзіў! Самі дагаспадарыліся, самім і адказваць давядзецца.

У Лукашэнкі застаўся толькі адзін «абвінавачаны» — уласна «моцныя гаспадарнікі». Але адтуль недалёка да «наменклатурнага перавароту».