Эканамістка: Адмоўнае сальда па знешнім гандлі негатыўна паўплывае на курс беларускага рубля
Белстат апублікаваў даныя знешняга гандлю таварамі за студзень-ліпень гэтага года. За гэты перыяд імпарт перавысіў экспарт на $2,1 млрд. Месяцам раней адмоўнае сальда было меншым — $1,6 млрд.
Мяркуючы па статыстыцы ведамства, гандаль з краінамі СНД для Беларусі дае станоўчае сальда — больш за $2,5 млрд. Пры гэтым гандаль з краінамі па-за гэтым рэгіёнам прывёў да дэфіцыту ў $4,7 млрд.
Сітуацыю ў знешнім гандлі таварамі «Філін» абмеркаваў са старшым навуковым супрацоўнікам BEROC Анастасіяй Лузгінай.
— У чым заключаюцца асноўныя прычыны росту адмоўнага сальда?
— Можна прасачыць, што сёлета сальда па таварах і паслугах у параўнанні з мінулым годам пагоршылася. Калі казаць чыста пра тавары, то ў студзені-ліпені 2022 года назіралася станоўчае сальда ў $365 млн, а ў гэтым годзе яно склала ўжо мінус $2,1 млрд.
Летась у Беларусі было падзенне і па экспарце, і па імпарце. Але імпарт скарачаўся хутчэй, і ў выніку назіралася станоўчае сальда.
У 2023-м ідзе аднаўленне як экспарту, так і імпарту. Але імпарт пры гэтым дэманструе больш актыўную дынаміку. З чым гэта звязана? Белстат не дае цяпер падрабязную разбіўку па таварах. Але можна прааналізаваць дынаміку знешняга гандлю спажывецкімі, інвестыцыйнымі і сыравіннымі таварамі.
Так, напрыклад, па спажывецкіх нехарчовых таварах рост імпарту за першае паўгоддзе склаў больш за 90% у параўнанні з мінулым годам. Па імпарце інвестыцыйных тавараў рост большы, чым на 60%.
Зразумела, што гэта павелічэнне да нізкай базы мінулага года, але ў любым выпадку 60 і 90% — вельмі шмат. Гэтыя працэсы могуць сведчыць, што людзі сталі больш спажываць, уключаючы імпартныя тавары.
Адной з прычын росту спажывання з'яўляецца рост заробкаў у рэальным выражэнні і даступнасць крэдытавання. У людзей з'явілася больш магчымасцей для спажывання ў параўнанні з 2022 годам, калі было падзенне даходаў. Магчыма, некаторыя беларусы дагэтуль адкладалі нейкую куплю і цяпер вырашылі яе зрабіць.
Трэба разумець, што імпарт у цэлым аднаўляецца. Летась былі абарваны сувязі з тымі ж еўрапейскімі краінамі. Але цяпер знайшліся новыя пастаўшчыкі і імпарт пачынае актыўна павялічвацца.
Калі казаць пра інвестыцыйныя тавары, то не трэба забываць, што ў Беларусі ў гэтым годзе рост ВУП запланаваны ў памеры 3,8%. Такая досыць амбіцыйная задача была пастаўлена ўрадам.
І перш за ўсё драйверам гэтага росту павінны быць інвестыцыі. А раз так, то вось, калі ласка, рост інвестыцыйных тавараў. Інвестыцыйны і спажывецкі попыт вызначае высокія тэмпы росту імпарту.
Што тычыцца экспарту, то ён таксама пачаў аднаўляцца, павялічвацца. Але трэба разумець, што летась для экспарту, нягледзячы на падзенне яго фізічных аб'ёмаў, былі спрыяльныя цэнавыя ўмовы.
Мы памятаем высокія цэны на нафтапрадукты, калійныя ўгнаенні. У гэтым жа годзе зусім іншая сітуацыя. Нягледзячы на тое, што ўрад Беларусі плануе паставіць за год да 8 млн тон калійных угнаенняў, цана на калій упала ў некалькі разоў у параўнанні з цэнамі мінулага года.
Сёння для ўлад галоўнае — аб'ёмы. Яны, можа, не па ўсіх таварных пазіцыях дасягнулі параметраў лепшых гадоў, але гэтыя аб'ёмы вышэйшыя, чым год таму.
Але пры гэтым на той жа калій прыкметна знізіліся кошты. А з улікам таго, што і калійная галіна, і нафтаперапрацоўчая знаходзяцца пад санкцыямі, то зразумела, што беларусам трэба з кімсьці дамаўляцца. І — гэта мае здагадкі — той жа калій, хутчэй за ўсё, пастаўляецца са зніжкамі па цэнах ніжэйшых за сярэднія рынкавыя.
Пры страце і сцісканні для беларускіх кампаній заходніх рынкаў адбываецца рост экспарту ў краіны СНД, асабліва ў Расію. Расійскі рынак цяпер актыўна асвойваецца беларускімі кампаніямі. Гэта можна заўважыць па частых сустрэчах урада з кіраўнікамі расійскіх рэгіёнаў, на якіх абмяркоўваюцца сумесныя праекты, і па абвешчаным тавараабароце паміж краінамі.
А што тычыцца краін па-за СНД, то там назіраецца вялікае адмоўнае сальда ў памеры мінус $4,7 млрд.
Яшчэ не апублікавалі новых даных па знешнім гандлі паслугамі. Аднак калі прааналізаваць сітуацыю за паўгода, можна адзначыць зусім невялікае дадатнае сальда па таварах і паслугах — плюс $167 млн.
Ёсць верагоднасць таго, што па выніках студзеня-ліпеня 2023-га знешні гандаль таварамі і паслугамі будзе ў адмоўных значэннях. І для эканомікі Беларусі гэта, вядома, дрэнна.
У 2023-м беларускі рубель паступова зніжаецца да долара, але пакуль гэта ў асноўным уплыў дынамікі расійскага рубля. Але калі ўсталюецца пастаяннае адмоўнае сальда па знешнім гандлі, то, я баюся, гэта таксама будзе негатыўна ўплываць на курс нацыянальнай валюты да ўсіх замежных.
— А як гэта пераразмеркаванне ў бок краін СНД (чытай — Расіі) уплывае на планы ўлад развіваць імпартазамяшчэнне?
— Галоўная праблема назіраецца з краінамі па-за СНД. Знешні гандаль у гэтым кірунку фарміруе ў Беларусі адмоўнае сальда. Імпарт, уключаючы спажывецкія і інвестыцыйныя тавары, можа ісці з Кітая, Турцыі, нешта з Еўропы — тут таксама не ўвесь імпарт спыніўся.
Трэба таксама разумець, за кошт чаго ў Беларусі з Расіяй фарміруецца перавышэнне экспарту над імпартам. У гэтых лічбах можа быць закладзены расійскі рээкспарт. Гэта значыць, груба кажучы, спачатку гэты тавар паступае ў Беларусь, напрыклад, з Еўропы. А затым перанакіроўваецца ў Расію. І гэтыя лічбы тут таксама граюць сваю ролю, толькі адсачыць іх складана.
Што тычыцца імпартазамяшчэння, то пра яго заўсёды шмат кажуць, але тут трэба глядзець па таварах. Калі па харчовых таварах у Беларусі ўсё адносна добра, большасць з іх вырабляецца ў краіне, то з нехарчовымі таварамі іншая карціна.
Што б не казалі ва ўрадзе, тут доля імпарту вялікая, яна набліжаецца да 60%. Плюс да гэтага —інвестыцыйныя тавары. У беларускіх вытворцаў не заўсёды можна знайсці неабходнае абсталяванне, якое трэба прадпрыемствам для тэхналагічнага развіцця, яны яго вымушаны імпартаваць.