Мінус 1,4 мільярда долараў: Рост імпарту тавараў прывёў да адмоўнага сальда знешняга гандлю
Расце імпарт беларускіх тавараў — галоўным чынам у СНД, але ў гэтым годзе значна вырас і ўвоз замежных тавараў у Беларусь. Праз нашу краіну праходзіць нямала падсанкцыйных тавараў. Чаму гэта не вельмі добра для беларускай эканомікі?
Паводле метадалогіі Нацыянальнага статыстычнага камітэта, Беларусь за студзень-травень 2023 года рэалізавала за мяжой тавараў на 16 мільярдаў долараў — і гэта адразу на 13,9% больш, чым за аналагічны перыяд у мінулым годзе, піша тэлеграм-канал «Нашы грошы».
Такі вялікі рост мог бы стаць залогам пазітыўных зрухаў у эканоміцы, калі б не апераджальны рост імпарту.
У бягучым годзе ўпэўнены рост экспарту суправаджаецца яшчэ больш моцным ростам паставак замежных тавараў у краіну: за студзень-травень з-за мяжы завезлі тавараў на $17,4 мільярда долараў (плюс 21,4% да мінулага года). У выніку гэтага сальда гандлю таварамі склалася не на карысць Беларусі (мінус 1,4 мільярда долараў). Годам раней адмоўнае сальда было ў пяць разоў ніжэйшым.
Структура знешняга гандлю таварамі дэманструе, што рост продажаў беларускіх тавараў цяпер прыпадае галоўным чынам на краіны СНД (+28,1% за студзень-травень 2023 года да студзеня-траўня 2022 года), у той час як рост паставак імпартных тавараў засяроджаны на краінах па-за СНД (+69,9%).
Такая сітуацыя стала вынікам спроб працаваць хабам па абыходзе заходніх абмежаванняў у гандлі з Расіяй — сёння праз Беларусь праходзіць нямала падсанкцыйных тавараў. Разам з тым выбухны рост імпарту мае два важныя негатыўныя наступствы. Па-першае, імпартныя тавары, якія праходзяць транзітам, цалкам могуць складаць канкурэнцыю беларускім на расійскім рынку. Па-другое, не даязджаючы да расійскіх прылаўкаў, імпартныя тавары будуць канкурыраваць з беларускімі.