Хто ў Беларусі зарабляе больш за ўсіх?
Статыстыка сведчыць, што ў траўні ў параўнанні з красавіком сярэдняя заработная плата ў Беларусі павялічылася. Хто аказаўся ў канцы зарплатнага рэйтынгу, падлічыла myfin.by.
Якія заробкі налічылі работнікам Беларусі ў апошні месяц вясны?
Сярэдні заробак у Беларусі ў траўні 2023 года склаў 1861,1 руб., што на 65,2 руб. або на 3,6% больш, чым у папярэднім месяцы.
Нагадаем, што гаворка ідзе пра намінальны налічаны сярэдні заробак — гэта значыць, да выліку падаткаў і ўнёскаў.
Заробкі па відах дзейнасці
Паводле звестак Белстата, у траўні 2023 года ў Беларусі самы вялікі заробак налічылі занятым у сферы «інфармацыя і сувязь» — 5034,7 руб. (у красавіку — 4898,1 руб.). Далей ідзе фінансавая і страхавая дзейнасць — 2833,1 руб. (у красавіку — 3131,8 руб.), а таксама прафесійная, навуковая і тэхнічная дзейнасць — 2295,2 руб. (2257,4 руб.).
У апошні месяц вясны мяжу ў 2000 рублёў перасягнулі заробкі ў прамысловасці (2016,7 руб.) і будаўніцтве (2008,6 руб.).
Самыя нізкія заробкі адзначаны ў такіх відах дзейнасці, як «паслугі па часовым пражыванні і харчаванні» (1306,2 руб.) і «дзейнасць у сферы адміністрацыйных і дапаможных паслуг» (1294,8 руб.).
Хто зарабляе больш за ўсіх?
У разрэзе асобных відаў эканамічнай дзейнасці самую высокую зарплату ў траўні гэтага года налічылі:
- айцішнікам — 6542,3 руб.;
- занятым у дапаможнай дзейнасці ў сферы фінансавых паслуг і страхавання — 4681,7 руб.;
- работнікам паветранага транспарту — 4286,0 руб. (у тым ліку работнікам пасажырскага паветранага транспарту — 4537,1 руб.).
-
Большай за 3000 рублёў намінальная налічаная сярэдняя зарплата аказалася ў горназдабыўной прамысловасці (3474,4 руб.), у вытворчасці хімічных прадуктаў (3113,0 руб.), на трубаправодным транспарце (3352,7 руб.).
У некаторых прафесійных галінах сярэднія заробкі аказаліся блізкія да ўзроўню 3000 рублёў: навуковыя даследаванні і распрацоўкі ў галіне тэхнічных навук — 2856,3 руб., фінансавыя паслугі, акрамя страхавання і дадатковага пенсійнага забеспячэння — 2970,7 руб., вытворчасць коксу і прадуктаў нафтаперапрацоўкі — 2977,6 руб.
Колькі атрымліваюць бюджэтнікі?
У бюджэтных арганізацыях Беларусі намінальная налічаная сярэдняя заработная плата ў траўні 2023 года выйшла на ўзровень 1479,9 руб. і вырасла на 47,1 руб. (+3,3%) у адносінах да красавіка гэтага года. Рэальная заработная плата ў бюджэтных арганізацыях павялічылася ў траўні на 3,6% у параўнанні з папярэднім месяцам.
Да прыкладу, лекарам налічылі заробак у 2877,6 руб. Рэальны заробак у траўні 2023 года ў параўнанні з траўнем 2022 года вырас на 29,4%, а ў параўнанні з красавіком гэтага года — на 1,9%.
Сярэдні медыцынскі персанал зарабіў 1555,2 руб. У рэальным выражэнні травеньская зарплата гэтага года аказалася на 12,9% вышэйшай за ўзровень траўня 2022 года. У адносінах да красавіка 2023 года яна вырасла на 2,3%.
Калі казаць пра сферу адукацыі, то тут у траўні 2023 года заробкі былі наступнымі:
- настаўнікі — 1685,5 руб. (рэальны заробак: + 9,5% да траўня 2022 года, +10,4% да красавіка 2023 года);
- выхавальнікі дашкольнай адукацыі — 1232,6 руб. (рэальны заробак: +14,5% да траўня 2022 года, +7,9% да красавіка 2023 года).
Хто апынуўся ў канцы зарплатнага рэйтынгу?
У ліку работнікаў Беларусі, у якіх сярэдняя зарплата была адной з самых нізкіх у траўні гэтага года, апынуліся занятыя ў рыбалоўстве і рыбаводстве (1148,3 руб.) і на водным транспарце (1100,2 руб.).
Нізкімі былі заробкі і ў іншых работнікаў:
- творчая дзейнасць і забавы — 1139,5 руб.;
- дзейнасць па доглядзе ў спецыялізаваных установах і прадастаўленне сацыяльных паслуг — 1081,1 руб.;
- дзейнасць бібліятэк, архіваў, музеяў і іншая дзейнасць у галіне культуры — 1062,4 руб.
Менш за ўсіх атрымліваюць занятыя ў сферы паслуг цырульняў і салонаў прыгажосці, аднак у траўні іх зарплаты перасягнулі мяжу ў 1000 рублёў. Калі ў сакавіку і красавіку сярэдняя зарплата складала 951,4 руб. і 964,6 руб. адпаведна, то ў апошні месяц вясны яна выйшла на ўзровень 1032,5 руб.