«За два з паловай гады беларускія ўлады ўмацавалі эканамічны суверэнітэт да поўнай адсутнасці альтэрнатывы»
Аўтар тэлеграм-каналу «Лісты да дачкі» піша пра сумнае, але вартае ўвагі. І пра тое, што фактар птушак трэба ўлічваць нават у такіх далёкіх ад птушак нюансах, як макраэканоміка.
![_finansy___ekanomika___hroszy__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__logo_1_logo.jpg _finansy___ekanomika___hroszy__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__logo_1_logo.jpg](/img/v1/images/_finansy___ekanomika___hroszy__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__logo_1_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Прабач, сёння буду пра сумнае. Даўно нічога табе не казаў пра сумнае. А сумнае, бывае, заслугоўвае таго, каб пра яго пагаварыць.
Учора курс расійскага рубля ўстанавіў новы рэкорд. Апусціўся да 90 рублёў за долар. Курс беларускага рубля, можа, і не хацеў бы сабе ніякіх рэкордаў, але куды яму было падзецца? Беларускі рубель так уладкаваны, што хочаш не хочаш, а салідарнасць з валютай старэйшага хаўрусніка і галоўнага гандлёвага партнёра праяўляць трэба. Таму беларускаму рублю таксама давялося ўсталёўваць сабе свой маленькі асабісты рэкорд.
Але ведаеш, што я табе скажу? Гэта табе толькі падаецца, што беларускі рубель слабее. А ён, насамрэч, наогул, не слабее. Гэта значыць да долара ён слабее, а да расійскага рубля, наадварот, умацоўваецца. Вось літаральна ўчора курс расійскага рубля ў Беларусі прабіў дно ў тры сорак за сто расійскіх рублёў. І ў гэтым і ёсць галоўная праблема.
Курс да долара — глупства. Так толькі, паказытаць нервы грамадзянам, схільным да валютных спекуляцый. А праблема ў тым, што беларускія ўлады так умацавалі свае геапалітычныя пазіцыі, што цяпер 70 адсоткаў беларускага экспарту прыпадае на Расію. А той экспарт, які пакуль яшчэ не прыпадае на Расію, таксама экспартуецца ў асноўным праз расійскія парты і па расійскай чыгунцы.
Вось пакуль беларускі рубель быў танненькім у дачыненні да расійскага рубля, увесь гэты экспарт таксама быў танненькім. І дарагім расійскім партнёрам яго было выгадна сабе імпартаваць. Таму што танна. А калі беларускі рубель даражэе, то беларускі экспарт даражэе разам з ім. І купляць беларускія тавары ўжо становіцца не так выгадна. Я табе нават прыблізна магу палічыць, на колькі менш выгадна. Прыкладна на 10 адсоткаў. Таму што прыкладна на 10 адсоткаў беларускі рубель умацаваўся да расійскага ў параўнанні з пачаткам гэтага года.
А ты ж ужо памятаеш, што экспарт у Расію — 70 адсоткаў усяго беларускага экспарту. І беларускія ўлады не могуць сабе, вядома, дазволіць, каб у Расіі куплялі на 10 адсоткаў менш беларускіх тавараў. Таму што прадаць гэтыя дзесяць адсоткаў, якія сталі лішнімі, больш няма каму.
Глядзіце таксама
![Расійскі рубель абнавіў мінімумы вясны 2022 года. Чакаем дэвальвацыі і беларускага рубля Расійскі рубель пакаціўся ўніз. Чакаем абвалу беларускага?](/img/v1/images/zruble.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Можна было б, вядома, паспадзявацца на ўсялякія дзяржаўныя праграмы па беларускім імпартазамяшчэнні на расійскім рынку. Таму што калі ты купляеш што-небудзь непатрэбнае за дзяржаўныя грошы, то ніхто ж не будзе лічыць гэтыя няшчасныя дзесяць адсоткаў. Але вось літаральна ўчора высветлілася, што Расія збіраецца скараціць бюджэтныя выдаткі, ты будзеш смяяцца, на тыя ж 10 адсоткаў. Гэта значыць, і тут у беларускага экспарту непрыемнасці.
І ўвогуле ў гэтай праблемы ёсць адно рашэнне. Трэба апусціць курс беларускага рубля да расійскага. Хоць бы на тыя дзесяць адсоткаў, на якія ён падрос. Але калі апускаць беларускі рубель да расійскага, то ён жа і да долара тады апусціцца ў адпаведнай прапорцыі. (Можна не апускаць у прапорцыі, але тады насельніцтва хаўрусніка зоймецца валютнымі спекуляцыямі на беларускім рынку і долараў не застанецца).
А беларускія грамадзяне традыцыйна адчувальныя да валютных ваганняў. І калі долар раптам падаражэе на 30 капеек, то яны ж, падлы, пачнуць яго скупляць. Прынамсі тыя, у якіх засталіся грошы. А гэта ўжо пагроза фінансавай стабільнасці. Не кажучы пра цэны, якія таксама прывыклі чуйна рэагаваць на такія рэчы.
Коратка кажучы, у беларускіх уладаў цяпер ёсць два выйсці, і абодва яны не асабліва прыемныя. Таму што за два з паловай гады беларускія ўлады ўмацавалі свой эканамічны суверэнітэт да поўнай адсутнасці альтэрнатывы.
Хоць варта было ўлічыць у сваіх макраэканамічных разліках фактар сокалаў, якія скінулі пацука на прыступкі Дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыку і Цапкалу.