Асцярожна, у Беларусі расце колькасць фальшывых грошай! Якую валюту падрабляюць часцей?
Мінулы год стаў рэкордным па колькасці выяўленых падробленых банкнот. Тэндэнцыя першага квартала 2023 года, здаецца, дазваляе казаць, што і гэты год без рэкорду не застанецца, піша тг-канал Нашы грошы. Па даных Нацбанка, па выніках першых трох месяцаў 2023 года банкаўскімі работнікамі было выяўлена 146 падробленых банкнот.

Больш за іншых падрабляюць долары. Ілюстрацыйная выява
Асноўную колькасць выяўленых падробленых грашовых банкнот склалі долары ЗША — 82,9%. Доля падробленых еўра склала 11,6%, расійскіх рублёў — 4,1%, беларускіх рублёў аказалася ўсяго 1,4%.
Пры тым, што ў параўнанні з аналагічным перыядам 2022 года агульная колькасць выяўленых падробленых грашовых знакаў павялічылася на 4,3%, падробленых долараў стала адразу на 23,5% больш.
Глядзіце таксама

Фальшывую валюту часцей за ўсё выяўляюць у сталіцы. У Мінску за першы квартал 2023 года выяўлена 62,3% усіх падробленых грашовых знакаў. Усяго ж падробкі былі канфіскаваныя з грашовага абарачэння ў 24 населеных пунктах.
Часцей за ўсё ашуканцы падрабляюць долары ЗША наміналамі $100 і $50. Прычым у параўнанні з аналагічным перыядам 2022 года колькасць выяўленых падробак наміналам $100 павялічылася амаль на траціну. Расійскую валюту часцей падрабляюць у наміналах 5000 і 1000 рублёў. Наміналы падробленых еўра больш разнастайныя — 500, 50 і 100 еўра.
Падробленыя беларускія рублі ў першым квартале 2023 года прадстаўлены даволі спецыфічнымі выпадкамі — гэта дзве банкноты ўзору 2000 года наміналам 20 000 рублёў, якія выраблены без імітацыі элементаў абароны. Можа, фальшываманетчыкі не падрабляюць беларускі рубель, які знаходзіцца ў звароце, выключна праз патрыятычныя меркаванні, а рарытэтныя банкноты падрабляюць з павагі да нацыянальнай валюты?