Беларускі рубель для фальшываманетчыкаў не цікавы. Долар — у лідарах па падробках
Адной з праяў складанасцяў у эканоміцы і сацыяльна-палітычнай сферы Беларусі стаў рост выяўленых падробленых грашовых знакаў у 2022 годзе. Зразумела, найбольш падробліваюць самыя запатрабаваныя грошы. І гэта — не беларускі рубель.

З аднаго боку рост колькасці падробак — гэта вынік росту абароту наяўных грошай у краіне пры тым, што да банкаў і нацыянальнай валюты недавер насельніцтва застаецца вельмі высокім, піша тэлеграм-канал «Нашы грошы».
З іншага боку — асаблівасці размеркавання выяўленых падробленых грашовых знакаў лепш за ўсё характарызуюць сутнасць праблем ва ўзаемаадносінах з замежнымі партнёрамі.
На першым месцы па выяўленых падробках — долар ЗША. Здавалася б, урад не першы год працуе над дэдаларызацыяй эканомікі, праўладныя эксперты прадракаюць крах валюты ЗША, адносіны з заходнімі краінамі сталі дрэннымі, як ніколі, але цікавасць да гэтай валюты ў насельніцтва не слабее. Як вынік, узнікае жаданне ашуканцаў на гэтым зарабіць. За 9 месяцаў бягучага года выяўлена амаль удвая больш падробак амерыканскай валюты, чым за аналагічны перыяд мінулага года.
Цікава і іншае — еўра цяпер падрабляюць радзей. Тут, напэўна, адбіліся закрытыя межы з ЕС і зніжэнне турыстычных патокаў. А вось рост турпатокаў з Расіі, наадварот, цалкам мог садзейнічаць росту ў абароце фальшывых долараў.
Зніжэнне колькасці падробленых расійскіх рублёў, з аднаго боку — вынік неадназначнага стаўлення да гэтай валюты як сродку зберагання. З іншага боку — гэта вынік дзеянняў банкаў Беларусі, якія ўсталявалі адкрыта забаронны курс на абменныя аперацыі з расійскім рублём, каб іншая замежная валюта не вымывалася з эканомікі Беларусі на фоне валютных абмежаванняў у Расіі.
Цікавасць да вырабу беларускіх рублёў пры гэтым практычна адсутнічае.
А можа, уся справа ў высокай ступені абароненасці нашых грошаў?