Колькі разоў уключалі друкарскі станок і чаму не абвальваецца рубель?

Нацбанк папярэджваў, што ў 2022 годзе давядзецца ўключаць друкарскі станок, каб утрымаць курс рубля. Падобна на тое, да гэтага актыўна звярталіся. Але не толькі да гэтага.

hroszy__kapejki__horad_fota_dzmitryeu_dzmitry_logo_1.jpg


У Беларусі працягвае павялічвацца агульная сума наяўных грошай, якая знаходзіцца ў абароце. На пачатак снежня яна склала 6 млрд 893,6 млн рублёў. Гэтая сума на 478,5 млн рублёў больш, чым месяцам раней. У цэлым за 2022 год гэты паказчык павялічыўся на 46%. Рост наяўных грошай у абароце можа ўскосна сведчыць аб уключэнні Нацбанкам друкарскага станка.

Наяўныя грошы ў абароце за снежань выраслі на 478,5 млн рублёў і склалі на пачатак гэтага года 6 млрд 893,6 млн рублёў. Для параўнання: за лістапад яны павялічыліся на 77,8 млн рублёў, за кастрычнік — на 220,2 млн рублёў, за верасень — на 100,4 млн рублёў, за жнівень — на 8 млн рублёў, а за ліпень — на 170,9 млн рублёў. На 1 студзеня 2022 года наяўныя ў абароце складалі 4 млрд 720,4 млн рублёў. За мінулы год гэты паказчык павялічыўся на 2 млрд 173,2 млн рублёў.

Шырокая грашовая маса за апошні месяц мінулага года таксама прыкметна вырасла. Гэты паказчык ўключае сродкі людзей і прадпрыемстваў на рахунках у банках, а таксама наяўныя грошы ў абароце. На 1 студзеня шырокая грашовая маса склала 61 млрд 239 млн рублёў. Гэта на 12,7%, або амаль на на 6,9 млрд рублёў больш, чым месяцам раней. Для параўнання: за лістапад мінулага года гэты паказчык вырас на 25,1 млн рублёў, за кастрычнік — упаў на 857,2 млн рублёў, а за верасень — вырас на 1 млрд 1,2 млн рублёў. З пачатку года шырокая грашовая маса вырасла на 6 млрд 887,6 млн рублёў.

У Нацбанку раней заяўлялі, што праводзілі ў першым квартале 2022 года валютныя інтэрвенцыі ў эканоміку, прасцей кажучы, рэгулятар уліваў грошы. Гэта адбывалася на фоне павышанага попыту на валюту з боку суб'ектаў гаспадарання і банкаў.

Чыноўнікі раней дапускалі, што ў 2022 годзе ў Беларусі могуць спатрэбіцца валютныя інтэрвенцыі, каб пазбегнуць рэзкага скачка курсу рубля. Грашовыя ўліванні ў эканоміку таксама могуць рабіць для папаўнення золатавалютных рэзерваў, якія з-за выплаты крэдытаў будуць расці. Гэта прадугледжана крэдытна-грашовай палітыкай на гэты год.

За снежань мінулага года золатавалютныя рэзервы павялічыліся на 131,5 млн даляраў, за лістапад — на 208 млн даляраў, а за кастрычнік — на 86,5 млн.

На 2023 год Нацбанк таксама дапускае, што могуць спатрэбіцца валютныя «ўліванні» ў эканоміку, каб згладзіць рэзкае ваганне курсу беларускага рубля, а таксама папоўніць золатавалютныя рэзервы. Разам з гэтым рэгулятар плануе ўвесці змены па валютным рэгуляванні і кантролі. Гэта прадугледжана грашова-крэдытнай палітыкай на 2023 год.

Пра што гэта кажа. Што ўлады ўсімі сіламі намагаюцца не дапусціць абвалу белраускага рубля. Бо вельмі апасаюцца на гэтым фоне пратэстаў. Але пры гэтым вядуць да паступовага зніжэння ўзроўню жыцця насельніцтва. Рана ці позна грашовая маса стане настолькі вялікай, што ўтрымаць курс рубля не атрымаецца. Што тады будзе? Вы самі добра ведаеце.