Чаму Расіі не патрэбны беларускі дэфолт
Навошта рэжым дамаўляецца з Масквой пра рэфінансаванне даўгоў, калі ўжо атрымаў адтэрміноўку па выплаце крэдытаў на суму 1,4 мільярда долараў? Спыталі пра гэта ў эканаміста Льва Марголіна.
Нават аптымісты ў беларускім урадзе разумеюць: росту эканомікі можна дабіцца толькі за кошт інфляцыі.
У 2023 годзе афіцыйны Мінск мусіць заплаціць па знешнім дзярждоўгу больш за 12 млрд рублёў. Такая сума закладзена ў законапраект аб рэспубліканскім бюджэце, яе праўдзівасць пацвердзіў і міністр фінансаў Юрый Селіверстаў.
Зараз афіцыйны Мінск вядзе перамовы аб рэфінансаванні раней атрыманых крэдытаў ад Расіі і Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця.
«Размова ідзе не аб павелічэнні запазычанняў, а аб рэфінансаванні тых даўгоў, якія ў Беларусі ўжо былі. Але не на 100%, а ў нейкай частцы, каб нам было лягчэй пагашаць, у тым ліку і абслугоўваць нашы абавязацельствы», — адзначыў Селіверстаў.
Між тым 15 лістапада 2022 года Дзярждума Расіі ўхваліла адтэрміноўку выплат па крэдытах для Беларусі і змяненне працэнтнай стаўкі. Гэта значыць, плацяжы ў пагашэнне абслугоўвання запазычанасці па ўсіх дзяржкрэдытах з сакавіка 2022 па красавік 2023 года агульнай сумай 1,4 мільярда долараў пераносяцца на перыяд з 2028 па 2033 год, а плаваючая працэнтная стаўка, прывязаная да кошту расійскага дзярждоўгу, змяняецца на фіксаваную ў памеры 12% гадавых.
Беларусь стала самым буйным даўжніком Расіі: запазычанасць перад РФ за 2021 год склала 8,5 мільярдаў рублёў і за адзін толькі год павялічылася на 1,9%.
Дык навошта беларускаму кіраўніцтву дамаўляцца з Масквой пра рэфінансаванне даўгоў, калі ўжо атрымана адтэрміноўка па выплаце крэдытаў на суму 1,4 мільярда долараў? Вось што на гэты конт мяркуе эканаміст Леў Марголін.
— Гэтая сума досыць вялікая: ва ўмовах рэцэсіі, скарачэння экспарту, падзення рэнтабельнасці эканомікі знайсці такія грошы амаль немагчыма. Існуюць два спосабы вырашыць гэтую праблему: альбо адтэрміноўка (табе даюць дадатковы год-два на пагашэнне доўгу), альбо рэфінансаванне. Рэфінансаванне — выдача новага крэдыту, за кошт якога будзе пагашаны папярэдні крэдыт, выплачваць які падышла чарга. Калі ўлічыць, што агульная доля даўгоў перад Расіяй і ЕФСР складае каля 70%, то застаецца прасіць ці адтэрміноўку, ці рэфінансаванне ў Расіі, бо лёс астатніх 30% ужо вырашаны: яны будуць выплачвацца беларускімі рублямі, якія ніхто не бярэ, а значыць застануцца ў фінансавай сістэме.
— Па выніках 2021 года запазычанасць перад Расіяй складала 8,5 мільярдаў долараў. А калі раптам Масква запатрабуе заплаціць па даўгах тут і цяпер?
— Расія не запатрабуе пагасіць даўгі тут і цяпер. Гэта тлумачыцца двума фактарамі. Першы, палітычны — нельга губляць адзінага саюзніка, калі не лічыць Іран і Паўночную Карэю. Другі фактар эканамічны: калі Расія запатрабуе выплаціць даўгі тут і цяпер, то Беларусь вымушана будзе аб’явіць дэфолт.
Раней гэту праблему можна было рашыць вельмі проста. На міжнародных рынках свабодных грошай процьма, раней можна было выпусціць еўрааблігацыі і размясціць іх на адкрытых рынках. Цяпер жа ўсе міжнародныя фінансавыя рынкі закрытыдля Беларусі, застаецца толькі адзін даступны рынак — Расія.А Расіі беларускі дэфолт не патрэбны. Бо калі сёння аб’явілі дэфолт, то заўтра ўсё адно давядзецца сустракацца з крэдыторам і дамаўляцца на пагашэнне даўгоў, прычым ужо на горшых умовах для крэдытора. Скажам, Беларусь можа прапанаваць вярнуць па 90 капеек з кожнага ўзятага рубля, а бывае і так, што прапануюць толькі 10 капеек за рубель. Так што Расія больш зацікаўлена ў адтэрміноўцы ці рэфінансаванні беларускіх даўгоў.
Прынамсі, такая пазіцыя ў сённяшняй Расіі. Калі там зменіцца ўрад, калі новая Расія палічыць усе пазыкі страчанымі назаўсёды, то тады сапраўды яна пагодзіцца на дэфолт, каб узяць з «паршывай авечкі хоць воўны касмыль».
— То-бок эканамічная стратэгія афіцыйнага Мінска такая: пасля нас хоць патоп? Нашым дзецям і ўнукам падрыхтавацца да фінансавай кабалы?
— А як яшчэ жыць?
Каб пагашаць даўгі, патрэбна эканоміка, якая расце, павінен наступіць мір, патрэбна адмена санкцый і прыход інвестараў. І тады ўсё проста: пазычаеш на адкрытых рынках 2 мільярды долараў (гэта 10% твайго бюджэту), інвестуеш — надыходзіць дзень, калі ў цябе ў бюджэце ўжо не 20, а 25 мільярдаў. Таму аддаць узятыя 2 мільярды не складае праблемы.
У нас жа нават тыя, хто чакае росту эканомікі, разумеюць, што яго можна дабіцца толькі за кошт інфляцыі: па выніках можна аб’явіць пра рост ВУП на 2,5%, але ў новых цэнах гэты рост будзе адставаннем ад папярэдняга года.
Часцей за ўсё такія гісторыі заканчваюцца аб’яўленнем дэфолту. Калі да ўлады прыходзіць прафесійны ўрад, які выбірае курс, падтрыманы большасцю насельніцтва, тады крэдыторы самі ідуць насустрач і гатовы часткова спісаць даўгі. Бо разумеюць: працягнуўшы руку ў цяжкую гадзіну, яны маюць магчымасць адбіць свае страты праз атрыманне льгот у адказ.
Не думаю, што нашыя дзеці і ўнукі патрапяць у даўгавую кабалу і з іх будуць здзіраць па 30% заробку ў якасці аліментаў на выплату даўгоў.