Ілюзіі аднаўлення знешняга гандлю: як выдаць праблемы за дасягненні

Часам узнікае ўражанне, што ў беларускіх статыстычных і фінансавых органах на паўстаўкі падзарабляюць прапагандысты. 

_krama_handal_pustyja_polki_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo.jpg

Іншай акалічнасцю складана растлумачыць уменне выдаваць праблемы за дасягненні. Жангліруючы лічбамі, у дзяржорганаў атрымліваецца расказаць пра карціну росквіту эканомікі, замоўчваючы фундаментальныя праблемы.

У выніку маем тыя самыя карціны «ўстойлівага адмоўнага росту», «станоўчага ўплыву санкцый» і «мацнеючай падаючай эканомікі».

Прапагандысты адкрыта радуюцца, заяўляючы аб аднаўленні знешняга гандлю, але мала ўдаюцца ў дэталі. Гэтыя дэталі падае тэлеграм-канал «Нашы грошы».

Экспарт тавараў у вартасным выражэнні з падзення ў мінус 22% у сакавіку да пачатку восені аднавіўся да мінус 4%. Што тычыцца імпарту, то ў верасні адставанне ад верасня-2021 склала мінус 9%. Куды горш было ў сакавіку, калі імпарт упаў адразу на чвэрць.

Аднаўленне экспарту важна, аднак пільная ўвага да пытанняў імпарту таксама заканамерна. Імпарт — гэта напаўненне прылаўкаў замежнай прадукцыяй, недапушчэнне дэфіцыту на ўнутраным рынку. Беларусь, нягледзячы на разнастайнасць вырабленых у краіне тавараў, у значнай ступені залежная ад замежных паставак, а прывід пустых паліц з 80-х і 90-х яшчэ не выветрыўся з народнай памяці.

Калі прааналізаваць структуру імпарту тавараў, то становіцца зразумела, чаму падставаў для пазітыву асабліва няма. Пастаўкі тавараў на ўнутраны рынак з-за мяжы ўключаюць у сябе спажывецкія тавары, прамежкавыя і інвестыцыйныя. Першыя знаходзяцца непасрэдна на прылаўках, другія ў выглядзе сыравіны і камплектуючых купляе для працы бізнес, трэція, станкі і абсталяванне, патрэбныя для развіцця і пашырэння вытворчасці.

Статыстыка за 9 месяцаў:

— увоз тавараў інвестыцыйнага прызначэння ў вартасным выражэнні за студзень-верасень 2022 года адносна студзеня-верасня 2021 года зменшыўся на 28,7 працэнта, фізічны аб'ём знізіўся на 28,8 працэнта;

— прамежкавы імпарт паменшыўся на 8,9 працэнта пры зніжэнні яго фізічнага аб'ёму на 22,3 працэнта;

— кошт закупак спажывецкіх тавараў знізіўся на 2 працэнта, фізічны аб'ём паменшыўся на 13,4 працэнта.

Выходзіць, што за аднаўленнем вартасных паказчыкаў імпарту стаіць, па-першае, увоз спажывецкіх тавараў. А па-другое, значнае падаражэнне тавараў — звярніце ўвагу на велізарную прасадку фізічных аб'ёмаў імпарту.

Пры гэтым рэальныя пастаўкі інвестыцыйных тавараў і прамежкавых істотна скараціліся, што ў перспектыве пагражае дэградацыяй і архаізацыяй вытворчасці. Гэта значыць, на прылаўках імпартныя тавары застануцца, толькі значна падаражэлыя, іншых брэндаў і часта горшай якасцю.

А вось вырабляць нешта сваё будзе ўсё больш складана з-за страты доступу да тэхналогій і якаснай замежнай сыравіны.