Колькі грошай у распараджэнні Лукашэнкі?
У Беларусі існуе такая структура, як рэзервовы фонд прэзідэнта. Гэта грошы, якія бяруцца з рэспубліканскага бюджэту і пасля размяркоўваюцца па жаданні Лукашэнкі.
Тэлеграм-канал «Нашы грошы» паспрабаваў разабрацца, як фарміруецца гэты фонд, ці гэта законна, пра якія сумы ідзе гаворка і на што іх марнуюць.
Ці ёсць заканадаўча ўстаноўленыя рамкі гэтага фонду?
Памер рэзервовага фонду прэзідэнта агаворваецца як мінімум у двух артыкулах Бюджэтнага кодэкса. У 42-м артыкуле цалкам канкрэтна напісана: «Агульны аб'ём усіх рэзервовых фондаў у рэспубліканскім бюджэце не можа перавышаць 2% уласных даходаў рэспубліканскага бюджэту, без уліку даходаў дзяржаўных мэтавых бюджэтных фондаў». Гэта значыць, выразна прапісана столь, і, калі нават усе астатнія фонды атрымаюць нуль, рэзервовы фонд прэзідэнта можа разлічваць максімум на 2% ад даходаў рэспубліканскага бюджэту.
А вось у артыкуле 43-м таго ж Бюджэтнага кодэкса гаворка ідзе ўжо канкрэтна пра памер рэзервовага фонду прэзідэнта, і гэта — вельмі хітрая фармулёўка: «Памер рэзервовага фонду прэзідэнта ўсталёўваецца законам... і, як правіла, не можа перавышаць 1% даходаў рэспубліканскага бюджэту».
Колькі на самай справе грошай у гэтым фондзе?
Эканамісты прааналізавалі даныя за 8 гадоў, таму зручней будзе назіраць за дынамікай і параўноўваць у доларавым эквіваленце па сярэднегадавым курсе. Вывучыўшы адкрытыя крыніцы, бачым, што гадавы аб'ём фонду можа кратна скарачацца: з $433,4 млн у 2016 годзе да $34,5 млн у 2017-м. А пасля — расці ў разы да $253 млн у 2018 годзе.
Пікавы паказчык быў дасягнуты ў мінулым, 2022 годзе — $446,2 млн, але тут важна абмовіцца, што за 2022 год мы пакуль маем толькі інфармацыю аб планах па выдаткаванні грошай, па факце іх магло быць больш або, наадварот, менш.
У 2023 годзе плануецца вылучыць у рэзервовы фонд прэзідэнта $238 млн, і гэта лічба фармальна дапушчальная па заканадаўстве (роўна 2%), але па факце відавочна перавышае ўстаноўленыя рамкі, бо на іншыя рэзервовыя фонды грошы таксама выдзелены. Што ж тычыцца артыкула 43 Бюджэтнага кодэкса, то, зыходзячы з рэалій, з 2016 года рэзервовы фонд прэзідэнта звычайна перавышае 1% даходаў рэспубліканскага бюджэту. Ён заставаўся ў гэтых рамках усяго двойчы — у 2017-м і 2020 годзе.
На што выдаткоўваюцца грошы фонду?
Ёсць тры пастаянныя сферы, на якія вылучаюцца грошы. Па-першае, гэта «стымуляванне дасягненняў у галіне навукі і тэхнікі, спорту, літаратуры і мастацтва...». Вылучаецца няшмат — 2-3 млн рублёў штогод.
Па-другое, фінансуюцца выдаткі па арганізацыі адпачынку і аздараўлення дзяцей з-за мяжы, якія прыехалі да нас з Сірыі, Узбекістана, Егіпта, Кітая, В'етнама і гэтак далей. Вылучалася на гэта ад 150 тысяч да 2 млн рублёў у розныя гады.
Па-трэцяе, грошы накіроўваюць на фінансаванне дзяржаўных капітальных укладанняў, прасцей кажучы — на будаўніцтва інфраструктурных аб'ектаў. Сумы прыстойныя: ад 60 да 200 млн рублёў, але абмовімся, што ў 2021 годзе гэты артыкул выдаткаў у рэзервовым фондзе адсутнічаў.
Ва ўсіх астатніх выпадках грошы размяркоўваюцца зусім рандомна. Напрыклад, у 2016 годзе блізу 800 млн рублёў былі накіраваны ў ФСАН. У 2018 годзе 220 млн сышло на фінансаванне расходаў, звязаных з павышэннем зарплаты бюджэтнікаў. А яшчэ 60 млн сышло на правядзенне Другіх Еўрапейскіх гульняў. У 2019-м 140 млн пайшло на набыццё гаруча-змазачных матэрыялаў і фінансаванне комплексу палявых работ.
Такім чынам, бачна, што ў большай частцы грошы з прэзідэнцкага фонду выдаткоўваюцца на «прэзідэнцкі народ» — частку грамадства, якая маўкліва падтрымлівае тое, што адбываецца цяпер у краіне.