Міхаіл Падаляк: Беларусь стане на шлях інтэграцыі ў Еўропу і ніколі не будзе расійскай

Дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны ўпэўнены, што Беларусь ніколі не стане расійскай, нават нягледзячы на дэградацыю дзяржаўных інстытутаў, якая адбылася за гады кіравання Лукашэнкі. Пра гэта Падаляк распавёў у інтэрв'ю тэлеканалу «Рада» ў рамках нацыянальнага тэлемарафону.

_f4tpq6fefnr9eo_3deh7w.webp


Па словах Падаляка, Лукашэнка — класічны аўтарытар, які «валадарыць», будучы глухім да чужога меркавання і не здольным весці дыскусію.

«Ён зусім не ўспрымае іншыя меркаванні. Ён не можа апеляваць апаненту, не можа весці дыскусію. Адзінае, на што ён здольны — гэта пракламаваць, дэклараваць сваё бачанне чаго-небудзь. Гэта чалавек не на сваім месцы, не ў сваёй эпосе. Яго асяроддзе жыве канцэпцыямі брэжнеўскага часу, а спецслужбы закансерваваны на ўзроўні правінцыйнага КДБ СССР», — кажа ён.

На думку Міхаіла Падаляка, паралельна з узурпацыяй улады Лукашэнка пачаў дэманціраваць інстытуты беларускай дзяржаўнасці, а таксама эканомікі, развіццё якой ён павярнуў назад.

«Сёння Беларусь — гэта дзяржава, якая цалкам залежыць ад вонкавага фактару Расійскай Федэрацыі з пункту гледжання эканомікі, сыравіны, рынкаў збыту, фінансава-эканамічнай сістэмы. Гэта не канкурэнтная дзяржава і не сучасная дзяржава, у яе няма ніякай перспектывы ў такім выглядзе і з такім «прэзідэнтам». Яе перспектывы скончыліся ў сярэдзіне 90-х, калі Лукашэнка прыйшоў да ўлады», — разважае ён.

Пры гэтым жорсткая прывязка ўсёй беларускай эканомікі да Расіі і залежнасць Лукашэнкі ад прысутнасці ў краіне акупацыйнага вайсковага кантынгенту прывядуць да хуткага краху рэжыму ў выпадку паслаблення Крамля.

«Як толькі Украіна выйграе вайну, Расія сканцэнтруецца на ўнутраных бунтах, а Беларусь вельмі хутка стане на шлях інтэграцыі ў Еўропу і ніколі не будзе расійскай», — кажа Міхаіл Падаляк.

Нагадаем, Міхаіл Падаляк раней супрацоўнічаў з шэрагам беларускіх СМІ і быў высланы з Рэспублікі Беларусь летам 2004 года пасля публікацый у газеце «Время».

Прэс-цэнтр КДБ растлумачыў, што апублікаваныя Падалякам матэрыялы «ўтрымліваюць паклёпніцкія выдумкі аб рэальным становішчы спраў у краіне, заклікі да дэстабілізацыі палітычнай сітуацыі».