Зноў «Саша 3%». Менавіта столькі ўкраінцаў сказалі, што давяраюць Лукашэнку
Кіраўнік Беларусі стаў адным з «пераможцаў» у рэйтынгу недаверу сярод украінцаў. Пра гэта сведчаць вынікі сацыялагічнага даследавання аб даверы да міжнародных арганізацый і замежных палітыкаў, якое ва Украіне правяла сацыялагічная служба «Інфа Сапіенс» на замову цэнтра «Новая Еўропа».
Яшчэ некалькі гадоў таму ўкраінцы вельмі пазітыўна ставіліся да Лукашэнкі, што пацвярджалі яго першыя месцы ў рэйтынгах ацэнкі замежных палітыкаў. Але ў 2022 годзе недавер да яго сярод жыхароў суседняй краіны зашкаліў.
Яму не давяраюць (хутчэй або цалкам) 94,3% рэспандэнтаў. У 2021 годзе такіх было нашмат менш — 59,2%. У той жа час аб даверы Лукашэнку ў гэтым апытанні заявілі ўсяго толькі 3% украінцаў, тады як годам раней тых, хто давярае, было 29,4%.
Вышэй за ўсё рэйтынг недаверу, натуральна, ва Уладзіміра Пуціна. Свайго саюзніка прэзідэнт Расіі, якая напала на Украіну, апярэдзіў ненашмат: аб недаверы Пуціну паведамілі 97,2% рэспандэнтаў (у 2021 годзе — 76,7%). У даверы расійскаму лідару прызналіся толькі 0,6% (годам раней — 12,1%).
Акрамя таго, украінцы моцна не давяраюць кіраўніку Кітая Сі Цзіньпіну і прэзідэнту Венгрыі Віктару Орбану (73% і 69% — паказчыкі амаль у тры разы вышэйшыя, чым год таму).
У лідарах даверу ў украінцаў апынуліся прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда (86,8% і +34% да мінулага года), прэзідэнт ЗША Джо Байдэн (79,4% і +30% да мінулага года), кіраўніца Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен і брытанскі прэм'ер Рышы Сунак (73% і 64,2%, у мінулым годзе іх не было ў рэйтынгу), старшыня Еўрапейскага савета Шарль Мішэль (51,3%, рост у два разы).